Беларуская Служба

Эксперты: у 2024 годзе якасць паветра ў Польшчы ўпершыню пагоршылася за доўгі час

03.10.2025 07:11
Пачынаецца абагравальны сезон, а гэта значыць - пагаршэнне паветра.
Аўдыё
  • Эксперты: у 2024 годзе якасць паветра ў Польшчы ўпершыню пагоршылася за доўгі час
.
.JerzyGorecki/pixabay.com/CC0

Смог – з’яўляецца велізарнай праблемай у Польшчы, асабліва ў малых мясцовасцях, дзе яшчэ шмат старых катлоў. Цягам апошніх 12-13 гадоў вельмі моцна змянілася разуменне праблемы забруджанага паветра. 

Галоўны забруджвальнік паветра ў Польшчы – муніцыпальна-жылы сектар, г.зн. хатнія гаспадаркі. На іх прыпадае 86% ад агульнага аб'ёму смогу. Транспарт, у прыватнасці, аўтамабілі з рухавікамі ўнутранага згарання, зʼяўляецца значнай крыніцай забруджвання.

Прамысловасць, у першую чаргу вугальныя электрастанцыі, таксама зʼяўляецца крыніцай забруджвання паветра. Несумненна, такія заводы, як сталеліцейныя заводы, хімічныя заводы і цеплавыя электрастанцыі, уносяць значны ўклад у выкіды забруджвальных рэчываў.

Пётр Сяргей з Польскай смогавай трывогі звяртае ўвагу, што цягам апошніх 12-13 гадоў вельмі моцна змянілася разуменне праблемы забруджанага паветра. Раней на пытанне аб прычынах смогу пераважалі адказы: прамысловасць і аўтамабілі. Старыя хатнія катлы, якія ў Польшчы называюць kopciuchy (капцілкі) былі на канцы меркаваных прычын. Паводле эксперта Польскай смогавай трывогі гэта сапраўдная рэвалюцыя ў свядомасці, якая з’яўляецца асноваю для ўсіх перамен.

Усё ж ёсць некалькі праблем, звязаных з тэмай, кажа Пётр Сяргей:

- Адна з іх заключаецца ў тым, што гэтыя веды найменшыя ў месцах з найвышэйшым узроўнем забруджвання паветра. Я маю на ўвазе вёскі і малыя гарады. Вымярэнні Галоўнай інспекцыі аховы навакольнага асяроддзя ўжо шмат гадоў паказваюць карціну смогу ў Польшчы аднолькава. У першай дзясятцы ці дваццатцы практычна няма буйных гарадоў. Кракаў і Катавіцы даўно зніклі. Астатнія буйныя гарады знаходзяцца недзе далёка пасярэдзіне. Тым часам лідарамі зʼяўляюцца малыя, малюсенькія гарады, такія як Новая Руда ў Ніжняй Сілезіі, Новы Тарг і г.д. Такім чынам, калі гаворка ідзе пра антысмогавы наратыў, ён не трапляе да тых, хто найбольш адказны за смог. І яны ж найбольшыя яго ахвяры. Другая сацыяльная група, якая вылучаецца ў гэтым даследаванні, гэта самыя маладыя рэспандэнты ва ўзросце 18-24 гадоў. Моладзь, якой было сем гадоў, калі мы пачалі барацьбу са смогам, сапраўды мала ведае пра смог. Група сярэдняга ўзросту, старэйшыя людзі, ведаюць. Аднак гэтая самая маладая сацыяльная група мае найменш ведаў пра забруджванне паветра, што не абяцае нічога добрага ў будучыні. Гэтыя людзі будуць будаваць дамы праз 10 гадоў, разважаючы, якую крыніцу ацяплення купіць, што рабіць, і, паколькі яны мала ведаюць пра смог, яны могуць у выніку прымаць рашэнні, якія не зʼяўляюцца для іх аптымальнымі.


Галоўная Інспекцыя аховы навакольнага асяроддзя падвяла вынікі на тэму якасці паветра ў 2024 годзе з пасылам, што якасць паветра ў Польшчы палепшылася. Такая інфармацыя пайшла ў СМІ. Пры гэтым смогавы эксперт звяртае ўвагу, што ў той жа самай справаздачы напісана, што сярэдняя канцэнтрацыя пылаў PM10, то бок смогу, вырасла ў 2024 годзе на 7% у параўнанні з мінулым годам. Колькасць зон, дзе забруджванне паветра павялічылася, таксама значна вышэйшая, чым у 2023 годзе, гэта значыць, што 2024 год – першы год за вельмі доўгі час, калі якасць паветра пагоршылася.

- Адначасова трэба сумленна прызнаць, што гістарычна якасць паветра значна палепшылася за апошнія 10, 12 і 15 гадоў. З гэтым ваганнем у 2024 годзе мы паглядзім, што адбудзецца ў 2025 годзе. Ці гэта будзе нейкае статыстычнае ваганне ці, магчыма, тэндэнцыя, якая пачынае змяняцца, бо мы сапраўды бачым вяртанне да драўніны. Драўніна зусім не экалагічная, калі гаворка ідзе пра смог, і яна не мае нулявых або нават нізкіх выкідаў. Спальванне драўніны сапраўды стварае значную колькасць забруджвання паветра. Расце таксама колькасць пелетных катлоў. І нягледзячы на тое, што пелетныя катлы не зʼяўляюцца адносна інтэнсіўнай крыніцай забруджвання, то лічбы таксама адыгрываюць важную ролю.

Старых катлоў у Польшчы надалей вельмі шмат. Катлоў найгоршай якасці каля 1,5 мільёна. Польская смогавая трывога мяркуе, што замены чакае нават 2 мільёны крыніц энергіі, якія вельмі забруджваюць паветра. Гэтыя 2 мільёны адказваюць за каля 80% забруджванняў паветра ў цэлай краіне.

Найбольшы прагрэс у паляпшэнні якасці паветра назіраецца там, дзе хуткасць ліквідацыі гэтых крыніц найбольш інтэнсіўная. У гэтым некалькі апошніх гадоў дапамагала праграма «Чыстае паветра», у рамках якой можна было атрымаць датацыю на замену катлоў на сучасныя ці на цеплавыя насосы.

У дадзена момант праграма перажывае праблемы. У 2024 годзе да прыпынення праграмы ў лістападзе было пададзена 280 тысяч заявак. Паводле Пятра Сяргея, 2025 год – гэта поўная параза праграмы, паколькі тэмп падачы заяваў зменшыўся ў сем разоў.

Чаму так адбываецца? Пётр Сяргей кажа, што можна спекуляваць, аналізаваць, але ён прыводзіць два выказванні важных палітыкаў:

- Адно выказванне ад намесніка міністра Кшыштафа Балесты, адказнага за праграму «Чыстае паветра». Ён заявіў, што праграма «Чыстае паветра» не можа быць сродкам для цеплавой мадэрнізацыі, бо гэта выходзіць за межы кампетэнцыі Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя. Гэта дзіўная заява міністра, адказнага за праграму «Чыстае паветра», якая субсідуе, між іншым, ацяпленне дамоў. Другая заява – ад Дароты Завадскай, дырэктара Нацыянальнага фонду аховы навакольнага асяроддзя. Яна сказала, што праграма «Чыстае паветра» ў цяперашні час сканцэнтравана на якасці, а не на колькасці. Карацей кажучы, калі ў нас шмат дамоў, якія копцяць, шмат неацепленых дамоў, а фонд аддае прыярытэт якасці, а не колькасці, то мы можам забыцца пра масавую замену катлоў у Польшчы.

Смог – гэта не толькі непрыемны пах і шэры туман над дамамі. Гэта мільёны мікрачасцінак, якія трапляюць у лёгкія і кроў, павышаюць рызыку інфаркту, раку і хранічных хвароб дыхальнай сістэмы. Паводле ацэнак Еўрапейскага агенцтва па навакольным асяроддзі, кожны год ад забруджвання паветра ў Польшчы заўчасна паміраюць дзясяткі тысяч людзей.

ав

слухайце аўдыё


Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце