Беларуская Служба

Гісторык: Міжваенная Польшча ўспрымала «тутэйшасць» палешукоў як першы крок да паланізацыі

07.10.2025 16:15
Павел Абламскі з Сілезскага ўніверсітэта расказвае пра канкурэнцыю нацыянальных праектаў і складаныя адносіны польскай дзяржавы з насельніцтвам Палесся.
Przedwojenna pocztówka z Pińska
Przedwojenna pocztówka z PińskaPolona/domena publiczna

У пачатку верасня былі абвешчаныя лаўрэаты Прэміі імя Ядвігі і Збігнева Крушэўскіх, якая прысуджаецца Студыюмам Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта за найлепшыя доктарскія даследаванні, прысвечаныя праблематыцы польскіх межаў у ХХ стагоддзі.

Сёлета галоўную ўзнагароду атрымаў Павел Абламскі за доктарскую дысертацыю «Нацыянальная палітыка польскай дзяржавы на Палессі ў 1921–1939 гадах». Цяпер навуковец працуе ў Сілезскім універсітэце. Прэмія фінансуецца прафесарам Збігневам Энтані Крушэўскім, які шмат гадоў быў звязаны з Універсітэтам Тэхаса ў Эль-Паса і Варшаўскім універсітэтам. Беларуская служба паразмаўляла з аўтарам пра тое, чаму Заходняе Палессе стала аб’ектам яго навуковага зацікаўлення, як фармаваліся нацыянальныя праекты ў рэгіёне і як польская дзяржава ўспрымала мясцовае насельніцтва:

— Прафесар Крушэўскі прысвяціў шмат гадоў вывучэнню праблем межаў, асабліва польска-нямецкай, якая сфармавалася пасля Другой сусветнай вайны. «На Одры і Нысе» — гэта ягоная найбольш вядомая праца. Мая дысертацыя непасрэдна не пра межы ў юрыдычным або геаграфічным сэнсе, яна больш пра «ўяўныя межы» — межы айчын і культур. Я даследаваў, як у міжваенны час на Заходнім Палессі сімвалічна перакрыжоўваліся чатыры нацыянальныя праекты — беларускі, украінскі, польскі і рускі. Менавіта гэты падыход пераканала журы прэміі ў тым, што мая праца вартая ўвагі.

— Палессе — рэгіён асаблівы, нават містычны. У Беларусі яно заўсёды ўспрымалася як своеасаблівы памежны свет. Адкуль у вас такая навуковая цікавасць да гэтай тэрыторыі? Магчыма, тут ёсць і асабістыя прычыны?

— Так, ёсць і асабісты аспект. Я сам родам з Брэста. Хаця Брэст фармальна не адносіцца да Палесся, у міжваенны час ён быў сталіцай Палескага ваяводства. Гэтая акалічнасць і падштурхнула мяне да даследаванняў. У Брэсцкім архіве захоўваюцца матэрыялы, якія да гэтага часу былі мала апрацаваныя даследчыкамі, асабліва польскімі.

Таму я ўбачыў магчымасць вывучыць нацыянальную палітыку польскай дзяржавы не толькі на агульнадзяржаўным, але і на рэгіянальным узроўні. Палітыка ў адносінах да нацыянальных меншасцяў у Польшчы ў цэлым даволі добра даследаваная, але бракуе менавіта даследаванняў, прысвечаных рэалізацыі гэтай палітыкі на рэгіянальным узроўні. Палессе ў гэтым сэнсе ўнікальнае — рэгіён, дзе перасякаліся беларускія, украінскія, польскія і расійскія ўплывы. Для мяне гэта не толькі навуковая тэма, але і пэўная асабістая сувязь з краем.

— Калі звярнуцца непасрэдна да вашага даследавання: чым была вызначаная дзяржаўная палітыка Польшчы ў адносінах да нацыянальных меншасцяў на Заходнім Палессі? Мы ведаем, што падчас станаўлення ІІ Рэчы Паспалітай сутыкнуліся дзве канцэпцыі — маршала Юзэфа Пілсудскага (федэрацыя народаў) і Рамана Дмоўскага (асіміляцыя нацыянальных меншасцяў). Урэшце перамагла другая. Як гэта адбілася на рэгіёне?

— Сапраўды, Рыжская мірная дамова 1921 года стварыла ўмовы для рэалізацыі інкарпарацыйнай бачання Дмоўскага, арыентаванай на асіміляцыю. Але на практыцы ўсё было складаней. Спачатку польская адміністрацыя лічыла, што мясцовае насельніцтва аўтаматычна паланізуецца пад уплывам дзяржавы, бо, як ім здавалася, яно не мела выразнай нацыянальнай свядомасці. Аднак хутка выявілася, што гэтага не адбываецца.

Напрыклад, палякі складалі сама болей каля 15 % насельніцтва Палескага ваяводства. Гэта была занадта малая доля, каб асіміляцыя прайшла натуральна. Ваяводства займала тэрыторыю прыблізна ад Брэста на захадзе да Пінска і Лунінца на ўсходзе, на поўначы ахоплівала Пружаны і Бярозу-Картузскую, а на поўдні — Камень-Кашырскі (цяпер гэта тэрыторыя Украіны).

Паступова, асабліва пасля 1926 года, польская адміністрацыя прыйшла да высновы, што поўная асіміляцыя насельніцтва немагчымая. З’явілася палітыка так званай «дзяржаўнай асіміляцыі»: дэкларатыўна прызнавалася права меншасцяў на развіццё мовы і культуры, але яны павінны былі быць лаяльнымі да польскай дзяржавы. На практыцы ж нават школьніцтва ў Палескім ваяводстве было польскамоўным. У 1930-я гады, калі ваяводам стаў Вацлаў Костэк-Бярнацкі, курс стаў яшчэ больш жорсткім: актыўна праводзілася паланізацыя і інстытуцыйнае абмежаванне дзейнасці беларускіх, украінскіх і расійскіх арганізацый.

— У той час у рэгіёне адбывалася станаўленне розных нацыянальных праектаў: украінскі, беларускі, польскі, расійскі. Пры гэтым беларусы не мелі сваёй незалежнай дзяржавы, хоць Савецкая Беларусь у той час займалася беларусізацыяй. Кожны з гэтых нацыянальных рухаў быў у рознай стадыі свайго развіцця. Ці можна казаць пра рэальную канкурэнцыю гэтых праектаў на Заходнім Палессі ў 1920-30-ыя?

— Так, канкурэнцыя была рэальнай. Яскравы прыклад: у Брэсце да 1939 года дзейнічала Руская гімназія. У другой палове 1920-х гадоў мясцовыя ўкраінцы дамагаліся, каб яна стала руска-ўкраінскай. Гэта сведчыць пра тое, што існавалі супярэчнасці паміж рознымі групамі.

Расійская інтэлігенцыя была даволі моцная ў гарадах — у Брэсце, Пінску і іншых цэнтрах. Украінцы былі актыўныя ў паўднёва-заходняй частцы рэгіёна, у тым ліку ў Брэсце і Кобрыне. Беларусы — пераважна на поўначы, у Пружанскім і Косаўскім паветах. Асобным феноменам была Піншчына: гэта вельмі забалочаная, слаба звязаная дарогамі тэрыторыя, куды ўплывы розных нацыянальных рухаў пранікалі вельмі павольна.

Над усім гэтым стаяла польская дзяржава, якая спачатку спрабавала стварыць лаяльных грамадзян, а пазней прыйшла да высновы, што тутэйшае насельніцтва не мае выразнай нацыянальнай ідэнтычнасці. «Тутэйшасць» у вачах польскіх чыноўнікаў успрымалася як першы крок на шляху да паланізацыі. (...)


Размаўляў Эдуард Жолуд

Гісторыя Пінскай флатыліі: адны і тыя ж караблі служылі для чатырох рэжымаў

24.07.2019 16:58
''Такім чынам, караблі, якія былі пабудаваныя на пачатку 1920-ых гадоў, чатыры разы прымаліся на ўзбраенне рознымі дзяржавамі і служылі да канца 1950-ых гадоў''.

У Варшаве адкрылі фотавыставу, прысвечаную Палессю (ФОТА)

11.10.2019 17:37
«Нягледзячы на тое, што Палессе заходзіцца на тэрыторыі трох розных краінаў: Украіны, Польшчы ды Беларусі, яно мае такія характэрныя рысы, што гледзячы на фота немагчыма зразумець у якой дзяржаве яны былі зробленыя – усе фота палескія».

«Беларускія партызаны» аказаліся прасавецкімі бандытамі

07.11.2019 15:41
У Пружанскім павеце ў 1925 годзе дзейнічала банда з прасавецкімі настроямі.

Севярын Віславух – заступнік беларусаў у міжваеннай Польшчы

16.03.2020 13:54
«Ад пачатку існавання Польшчы мы не змаглі адказаць пазітыўнай палітыкай у стасунках да беларусаў. Мы вырашылі маўчаць.(...)»

Караліна Падруцкая — полька, якая 15 гадоў даследуе спеў беларускага Палесся

20.08.2025 18:08
Караліна Падруцкая ўжо 15 гадоў даследуе песенныя традыцыі Палесся, імкнучыся захаваць унікальныя галасы, што дагэтуль жывуць у вёсках.