Беларуская Служба

Святлана Kурс: «Мы вельмі засумавалі па дзейнасці. Усе яшчэ ўбачаць беларускі світанак»

08.11.2025 07:00
Размова з Святланай Курс пра літаратуру, жыццё, мову і волю.
Аўдыё
  • Святлана Курс: "Усе яшчэ ўбачаць беларускі світанак"
 .
Святлана Курс. Фота з уласнага архіва Святланы Курс

Па што ідзеш, воўча? Па астатняе…

— Святлана, мне вельмі хацелася б пачаць размову пра вашу кнігу «Па што ідзеш, воўча». Як нарадзілася яе ідэя? Ці была нейкая канкрэтная падзея або вобраз, з якога ўсё пачалося?

— Ведаеце, я прыхільніца стыхій у жыцці, ніколі не маю акрэсленых планаў. Сядзела проста і выбірала з жыцця, з літаратуры, з легендаў, з мітаў, з успамінаў знаёмых людзей — памерлых і жывых — тое, што мне падабалася, і назбірала больш за шэсцьсот старонак.

Думала, што з гэтым зрабіць, а тут патэлефанавала Алена Казлова і пацікавілася, ці няма ў мяне чагосьці новага напісанага. Я адказала, што ў мяне ёсць шэсцьсот старонак, і з гэтага можна нешта зрабіць. І вось пачалося гэтае хаджэнне па пакутах спадарыні Алены, бо я капрызнічала, не хацела пісаць хутка, адкладала тэрміны. Тым не менш, за паўгода з усяго гэтага матэрыялу я высекла нешта падобнае да кнігі.

— Назва кнігі вельмі метафарычная. Што для вас азначае гэты “воўчы” шлях — пошук сябе, уцёкі ці, можа, вяртанне?

— Па астатняе. «Па што ідзеш, воўча» — гэта аўтэнтычная беларуская народная прымаўка. Яна мне настолькі спадабалася, што я яе запомніла на ўсё жыццё. Гэта вельмі жорсткая жыццёвая максіма, выкладзеная яшчэ ў Бібліі: што заможнаму прыдасца, ад незаможнага яшчэ аднімецца.

Воўча прыходзіць па апошняе менавіта да тых, у каго гэта апошняе сапраўды апошняе. Забярэ апошнюю нітку — і чалавек застанецца ні з чым, на голай зямлі. І вось якое выйсце ён выбярэ з гэтай сітуацыі — тут і пачынаецца самае цікавае. Мне падабаецца жорсткасць жыцця.

— Ваш твор часта называюць “жаночай прозай”, але ў ім шмат універсальных тэм. Як вы самі ставіцеся да такога азначэння?

— Раней я моцна псіхавала, калі казалі “жаночая літаратура”, “жаночая проза”, а потым супакоілася. Па-першае, гэты панятак пачаў знікаць і цяпер ён у асноўным прыклеены да так званых жаночых раманаў — “арлекінаў”.

Што ж да маёй прозы — я імкнуся да ўніверсалізму. Па-другое, я жанчына, дык што іншае магла б напісаць? Я пішу толькі тое, што магу перажыць.

Уявіць стан іншага чалавека амаль немагчыма. Я не разумею мужчын, і, можа, менавіта таму яны і прыцягальныя для жанчын, і наадварот — бо мы да канца не можам уявіць, што робіцца ў душы іншага.
Я б сваю прозу ніяк не акрэслівала. Гэта асобная кніга, асобны шолах у шолаху чалавечага разнатраўя.

Кожны чалавек цяпер піша сваю кнігу ў фэйсбуку. Раней мы не мелі такога шчасця паглядзець, пра што шалясцяць гэтыя маленькія трасцянкі Божага разнатраўя. І гэта самае цікавае. Мне цікавей чытаць фэйсбук звычайнага чалавека, які, можа, будзе забыты, але я яго не забуду ніколі.

Менавіта таму пісьменнікі другога і трэцяга шэрагу заўжды цікавейшыя за пісьменнікаў першага — з невялікімі, але слаўнымі выключэннямі, бо Шэкспір будзе цікавы заўжды.

— У кнізе шмат фальклорных і сімвалічных матываў. Якое месца для вас займае беларуская міфалогія і традыцыя ў сучаснай літаратуры?

— Я іх не аддзяляю ад жыцця. Фальклорнымі іх назвалі навукоўцы. Вам жа не прыйдзе ў галаву назваць фальклорам тое, калі вас бабка-шаптуха лячыла. Не, гэта частка жыцця, штодзённай магіі.

Вось ударышся аб нешта, альбо скажаш, што табе страшна — і адразу плюешся праз левае плячо, каб не сурочыць. Ты ж не думаеш, што гэта фальклор. Гэта проста жыццёвая практыка. Таму для мяне гэта — жыццё.

— Мова рамана вельмі жывая, насычаная дыялектамі і народнай лексікай. Як вы працуеце з мовай, каб яна гучала натуральна і адначасова мастацка?

— Я вельмі люблю тое, што нарадзілася ў глухой вёсцы без электрычнасці. Можна сказаць, што я жыла сярод людзей з мінулага стагоддзя. Многія з іх мелі ў метрыках пастаўленыя даты нараджэння 1890 года.

Яны былі старымі людзьмі, якія ніколі не бачылі тэлевізара, не слухалі расейскага радыё, не глядзелі серыялаў — і таму размаўлялі толькі на сапраўднай беларускай мове, што гучала яшчэ з часоў, калі старцы-вандроўнікі хадзілі ад хаты да хаты. Да пяці гадоў я слухала менавіта такую мову — і яна гучыць у маёй галаве назаўсёды.

Я лічу, што беларуская мова вельмі багатая, глыбокая і прыгожая. І тыя, хто адмовіўся ад яе па ўласнай ахвоце, проста не ведалі, ад чаго адмаўляюцца.

Мне іх шкада, бо яны ніколі не даведаюцца, якая гэта цудоўная норка трусіка, што вядзе, як у краіне Алісы, у глыбіню стагоддзяў, дзе ўсё жыве.

— Як змянілася ваша жыццё пасля поспеху кнігі?

— На шчасце, вельмі мала. Я шмат падарожнічаю і сустракаюся з людзьмі — гэта ўсе змены.

Праўда, у мяне стала крыху больш грошай, бо раней жыла літаральна на капейкі. Гэта добры спосаб жыцця, але калі прыйшла хвароба, давялося прасіць дапамогі ў людзей.
Таму тая невялікая слава і тыя невялікія грошы, што прыйшлі, для мяне значаць толькі адно — магчымасць быць з людзьмі.

Людзі мне падабаюцца: іх прыгажосць, іх імёны, іх гісторыі, іх маленькія радзімы, звычкі, хобі, учынкі — подлыя і не падлыя.

Люблю простае жыццё і сваю штодзённую рутыну — гэта крыніца шчасця.

— Беларуская літаратура апошніх гадоў становіцца ўсё больш разнастайнай і смелай. Каго з сучасных аўтараў вы самі чытаеце?

— На шчасце, амаль нікога. І гэта — шчасце, бо інакш мне давялося б вельмі шмат працаваць мазгамі. Я цяпер стомлены чалавек, а яшчэ і хворы, таму адольваць вялікія тэксты цяжка.

Ёсць яшчэ адна рэч — кліпавае мысленне. Сучасны чалавек прызвычаіўся да кароткіх тэкстаў, дзе сэнс сканцэнтраваны, як у зерні. Думаю, што я — чалавек кароткай думкі і невялікага ахопу.

Чытаю кнігі калег — па кавалачках, асабліва маладзейшых аўтараў. Многія мне падабаюцца, але раіць нешта канкрэтнае не магу: проста не хапае сіл.
Я шмат чытаю дзённікі, успаміны, гістарычныя нон-фікшн, фэйсбук і твітар — таму на вялікія тэксты часта не застаецца ўвагі.

— І напрыканцы: што цяпер вас хвалюе як аўтарку?

— Вайна ва Украіне. Я не чакала ўбачыць такое аблічча зла. Я глыбока ўзненавідзела рускую культуру і грамадства. Калі я прачытала, што яны адкрылі новае “Золотое кольцо” вакол Азоўскага мора і ездзяць туды “бабушкі” і “дзедушкі”, літаральна па свежых касцях, сюсюкаючы: “Расія падняла з попелу Марыупаль” — гэта глумленне над Богам. Гэта сатанінская гардыня, якая іх яшчэ задушыць. Я ўважліва сачу за гэтым, бо гэта вельмі трагічная, але глыбокая містэрыя.

Сачу і за Беларуссю. Лічу, што, калі яна вырвецца з маскоўска-лукашэнкаўскіх аковаў, стане адным з лакаматываў сусветнага развіцця. Мы вельмі засумавалі па дзейнасці. Цяпер у нашай краіне людзі ператварыліся ў дзяцей-калек, якія могуць толькі ляжаць у пялюшках дзяржавы і мычаць — або співацца, або з’язджаць. Але калі гэтая прага — пражыць уласнае жыццё і дзейнічаць — вырвецца на волю, Беларусь здзівіць усіх. Усе яшчэ ўбачаць беларускі світанак.

Павел ЗАЛЕСКІ