— Юля, як вы самі вызначаеце сваю ідэнтычнасць — паэтка, перакладчыца, актывістка, даследчыца? Што сёння для вас на першым месцы?
— Гэта, насамрэч, даволі складанае пытанне. Калі думаць пра творчасць, то, можа быць, — паэтка і перакладчыца. Пераклад для мяне заўсёды быў важны, бо да сваёй паэзіі я прыйшла праз пераклад на нашу мову замежнай. Я шукала пэўную паэтычную мову, якой па-беларуску, мне здавалася, не існавала. Але, знайшоўшы, намацаўшы, вырашыла ёй пісаць уласныя вершы. Безумоўна, мне падабаецца спрабаваць сябе і ў іншых жанрах. Так атрымліваецца — не тое каб я адмыслова збіралася гэта рабіць, але некалі я і фатаграфавала, і рабіла калажы, і г.д. І хоць мастачкай сябе не лічу, гэтыя від творчасці таксама дапамагаюць мне раскрыцца і рэалізаваць задуманае.
— Вашы тэксты часта пранікаюць у тэмы асабістага і палітычнага. Ці можа паэзія быць формай супраціву?
— Гэта пытанне пра тое, чаму мы наогул пішам, ствараем мастацтва — у розных жанрах, у візуальным, літаратурным, музычным і г.д. Напэўна, ёсць такая патрэба: вось нараджаюцца людзі, у якіх чамусьці выспявае непераадольнае жаданне нешта ствараць. Гэта прыносіць ім задавальненне. Таму для мяне пісьмо не столькі пра супраціў, колькі пра сам працэс, пра эстэтычны складнік. Я люблю прыгожае, мне падабаецца яго ствараць. І часам мне здаецца, што гэта хаця б крышачку ў мяне атрымліваецца.
— Вы шмат перакладаеце. Як пераклад уплывае на вашу ўласную мову і паэтычнае мысленне?
— Я прыйшла ў беларускую паэзію праз пераклад, таму для мяне гэта вельмі важная рэч. На маю думку, усё ёсць перакладам. Пераклад — гэта спосаб успрымання свету. Яго механізмы так і працуюць: праз інтэрпрэтацыю, і ў нейкай ступені перастварэнне. Я думаю, у кожнага з нас унутры, жыве ўласная ўнікальная мова, якой мы не здольныя гаварыць ні з кім, толькі з сабой. Гэтую мова мы можам адно перакладаць — на беларускую, нямецкую, англійскую і г.д., на мову карцін, візуальнага мастацтва... Але гэта ўсяго толькі пераклад таго, што жыве ў нас. Вось такі ў мяне светапогляд перакладчыцы.
— Ці ёсць у вас адчуванне, што беларуская паэзія апошніх гадоў стала больш “жаночай”? Як вы бачыце ролю жанчыны ў сучаснай беларускай літаратуры?
— Павінна сказаць, што колькасць жанчын-аўтарак за апошнія гады, безумоўна, вырасла. З аднаго боку — колькасна, а з іншага — і якасна, калі можна так казаць пра літаратуру. Мне падаецца, што галасы жанчын пасля 2020 году найбольш чутныя — не толькі ў паэзіі, але і ў прозе. Галасы Вальжыны Морт, Марыі Бадзей, Ганны Шакель, Ганны Янкута, Насты Кудасавай, Веры Бурлак гавораць пра сучаснасць і спрабуюць асэнсаваць тое, што з намі адбываецца. Яны выказваюць тое, што, думаю, ёсць унутры ў многіх жанчын і ў чалавеку наогул.
— Вы ўдзельнічалі ў розных літаратурных і арт-праектах у Беларусі і за мяжой. Як гэты досвед паўплываў на ваш творчы шлях?
— Безумоўна, гэта ўплывае на мяне. І не толькі таму, што я выступаю на фестывалях. Я чытаю разам з аўтаркамі з Нямеччыны, Сірыі, Нідэрландаў, Літвы, Швецыі, з іншых еўрапейскіх і не толькі краін, слухаю, чытаю іх творы, размаўляю з імі. Але я адчуваю гэты ўплыў не толькі праз кантакты і абмен, але і праз тое, што мае кнігі перакладаюцца на замежныя мовы — значыць, у мяне з’яўляюцца замежныя чытачы. Я пачынаю глядзець на свае творы, на сябе, а можа, і на ролю беларускай літаратуры з іх перспектывы. Я адчуваю на сабе ўздзеянне і замежных моў, на якіх гавару. Гэта змяняе маю ідэнтычнасць, пашырае яе. Я быццам перакладаю сябе на іншыя літаратуры, спрабую абазначыць сябе ў іх і зрабіць так, каб мае творы былі зразумелыя іншым.
— Ваша кніга “Кнігазварот” шмат каго ўразіла сваёй шчырасцю і вобразнасцю. Як вы перажываеце сустрэчу з чытачом, калі ваш тэкст становіцца ўжо “не вашым”?
— З аднаго боку, я стараюся пра гэта не думаць, бо там сапраўды шмат шчырага і інтымнага. Але гэтая інтымнасць выконвае для мяне ролю палітычнага. Так, я пішу пра асаблівасці жаночага жыцця — і гэта дапамагае іншым жанчынам разумець, што яны не адны. Гэта можа натхніць іх гаварыць пра сябе і свой досвед. Бо і ён — частка чалавечага жыцця. Важна ўспрымаць сябе ва ўсёй паўнаце. Магчыма, мой досвед не зусім універсальны, але, думаю, многім жанчынам ён нагадвае нешта пра іх асабістае, важнае — таму я гэта раблю.
— Беларуская мова ў вашай творчасці гучыць вельмі натуральна, але і вельмі асабіста. Што для вас значыць пісаць менавіта па-беларуску сёння?
— Калі я толькі пачынала пісаць па-беларуску, то гэта быў хутчэй эстэтычны выбар. Мне вельмі падабалася працаваць з беларускай мовай, калі за спінай не дыхалі вялікія класікі — Колас, Купала, Багдановіч. Мушу сказаць, я не адчувала іх дыхання на сваёй шыі, я пачувалася вольнай — абрэзала валасы і пайшла сабе па свеце. Мне падабаецца тая вольнасць, якую я маю ў беларускай мове — вольнасць першапраходніцы. Цяпер да гэтага адчування дадаўся палітычны складнік. Калі ты з’язджаеш за мяжу, нацыянальная ідэнтычнасць пачынае адыгрываць значна большую ролю. Яна робіцца якарам. І вось беларуская мова — мой якар. Ці ў мяне ёсць верш з іншым вобразам: «За цябе, як за нітку, трымаюся ў лабірынтах новага, між руін старога, мая мова».
— Вы шмат разважаеце пра свабоду і ідэнтычнасць. Ці змяніліся вашы погляды на гэтыя тэмы за апошнія гады?
— Безумоўна. Асабліва ў выгнанні і эміграцыі ідэнтычнасць ускладняецца. Мы губляем тое, што было апорай, і вымушаныя шукаць новую. У маёй нядаўняй кнізе «Рэжу гісторыю сабой. Вершы і калажы», якая выйшла ў берлінскім выдавецтве Edition frölich па-беларуску і па-нямецку, я спрабую гаварыць пра гэтую новую ідэнтычнасць — пра тое, што адбываецца, калі мы страчваем сувязь з радзімай, калі апынаемся чужымі. Але, думаю, гэта пачуццё чужасці многія беларусы адчувалі і раней, нават дома, бо большасць там не гаворыць па-беларуску. Цяпер я жыву ў Берліне, і тут каля 25% насельніцтва — людзі з эмігранцкімі каранямі. Таму, можа, я нават менш адчуваю сябе чужой тут, чым у Мінску. Значэнне гэтых паняццяў для мяне, безумоўна, змянілася — і будзе змяняцца далей.
— Калі б вы маглі даць параду маладой паэтцы, якая толькі пачынае пісаць па-беларуску, што б вы ёй сказалі?
— Я б параіла ёй: верыць у сябе, шукаць людзей, якім падабаецца тое, што яна робіць, акружаць сябе імі і, вядома, не кідаць пісаць, працягваючы шукаць свой уласны голас. Здаецца, гэта самае галоўнае — знайсці свой голас і быць яму вернай. Цягам жыцця голас будзе змяняцца, але варта ўсё роўна заставацца яму вернай і крочыць далей.
Павел ЗАЛЕСКІ
На здымку: Юлія Цімафеева. Фота Альгерда Бахарэвіча.