Вірус імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ) стаў пашырацца ў заходнім свеце на пачатку 80-ых гадоў мінулага стагоддзя, хаця эксперты мяркуюць, што ў Афрыцы ён існаваў значна раней сярод мясцовых жыхароў. Вірус перадаецца палавым шляхам, праз кроў або выдзяленні інфіцыраванага чалавека. Не лечаны вірус выклікае хваробу СНІД (Сіндром імунадэфіцыту чалавека), якая з'яўляецца смяротна небяспечнай.
«Заразіцца можа кожны, таму, дзеля ўпэўненасці ў сваім здароўі, неабходна прайсці тэставанне», — адзначае доктар Магдалена Анкерштэйн-Бартчак (Magdalena Ankiersztejn-Bartczak), старшыня Фонду сацыяльнай адукацыі.
— Нам неабходна зноў вельмі адкрыта казаць, што заражэнне вірусам ВІЧ не ведае, што такое пол, не ведае, што такое ўзрост, і таксама не ведае, што значыць сексуальная арыентацыя. Заразіцца можа кожны, незалежна ад таго, ці ён – гетэрасексуальны, ці гомасексуальны чалавек. Пра гэта павінен памятаць кожны, хто актыўны ў сферы інтымнага жыцця.
Кожны дзень у сярэднім больш за пяць чалавек у Польшчы даведваюцца, што яны ВІЧ-пазітыўныя. Спадар Томаш атрымаў інфармацыю аб тым, што ў яго ВІЧ, шэсць гадоў таму. Цяпер, дзякуючы адпаведнаму лячэнню, ён жыве практычна нармальным жыццём і не баіцца заразіць іншых.
— Дзякуючы лячэнню, вірус змяншаецца да такога малога ўзроўню, што аналізы крыві яго не выкрываюць. Гэта азначае, што чалавек, які жыве з вірусам ВІЧ, якога не паказваюць нават аналізы крыві, не можа перадаць вірус далей — у ніводнай разнавіднасці сексуальнага кантакту. Такім чынам, іх жыццё падобнае на жыццё тых людзей, у каго ніколі не было віруса.
Кожны год 1 снежня свет аб'ядноўваецца, каб выказаць падтрымку людзям, якія жывуць з ВІЧ і СНІДам. Сімвалам Сусветнага дня барацьбы са СНІДам з'яўляецца чырвоная стужка, якую носяць усе, хто выказвае салідарнасць з тымі, хто заразіўся ВІЧ і СНІДам. А вучні Трэцяга агульнаадукацыйнага ліцэя ў Беластоку праводзяць адукацыйную акцыю сярод сваіх аднагодкаў, прысвечаную гэтай тэматыцы.
— Мэта нашай акцыі – распаўсюджваць правільныя звесткі на тэму шляхоў заражэння ВІЧ, а таксама прафілактыкі. Мы таксама распавядаем, што існуюць лякарствы, якімі, праўда, нельга вылечыць хваробу, але можна яе значна супакоіць. Мы рэалізуем гэтыя ўрокі праз сустрэчы з рознымі вірусолагамі, у нашых планах – супрацоўніцтва з бальніцай інфекцыйных захворванняў, а таксама іншыя кампаніі, анкетаванне. Мы актыўна прасоўваем нашу кампанію ў сацыяльных сетках.
— Людзі, якія хварэюць, сустракаюцца з рознымі відамі дыскрымінацыі, грамадства іх адсоўвае. Маладым людзям не хапае ведаў, некаторыя мяркуюць, што хвраобай можна заразіцца праз дотык.
— Стэрэатыпы ўсё яшчэ існуюць, людзі не ведаюць, як можна заразіцца. А гэта магчыма або палавым шляхам, або праз заражаную кроў. Кожны кантакт з заражанай крывёй можа быць небяспечны.
Палова людзей, якія жывуць з ВІЧ у Еўропе, атрымлівае дыягназ надта позна, што падрывае эфектыўнасць барацьбы са СНІДам — вынікае з дакладу Еўрапейскага цэнтра прафілактыкі і кантролю захворванняў (ECDC). Паводле справаздачы цэнтра і Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), Еўропа не забяспечвае належным чынам ранняй дыягностыкі і лячэння ВІЧ.
Звыш паловы (54%) усіх дыягназаў у мінулым годзе ў Еўропе былі пастаўленыя не настолькі своечасова, каб гарантаваць аптымальнае лячэнне. Позняя дыягностыка датычыць часцей за ўсё асоб, інфіцыраваных гетэрасексуальным шляхам (асабліва мужчын), і людзей, якія ўжываюць наркотыкі ўнутрывенна. Амаль кожная трэцяя дыягностыка ВІЧ у 2024 годзе датычыла людзей, народжаных не ў той краіне, дзе быў пастаўлены дыягназ. Мігранты складалі больш за палову новых выпадкаў, што падкрэслівае неабходнасць пашырэння паслуг прафілактыкі і тэставання.
Як падкрэсліваюць аўтары справаздачы, крытычны недахоп тэставання ў спалучэнні з ростам колькасці нявыяўленых выпадкаў сур’ёзна пагражае дасягненню мэты да 2030 года — ліквідацыі СНІДу як пагрозы для грамадскага здароўя.
У сваю чаргу, у Польшчы за 40 гадоў было выяўлена каля 35 тысяч выпадкаў ВІЧ. Усяго было зарэгістравана амаль 4400 выпадкаў СНІДу, больш за 1500 хворых памерлі.
IAR/нг