Беларуская Служба

Двое Калядаў: як беларусы святкуюць Раство дома і ў эміграцыі

24.12.2025 16:10
У Беларусі захавалася ўнікальная традыцыя адзначаць Каляды двойчы — па каталіцкім і праваслаўным календары. У эміграцыі беларусы імкнуцца зберагчы і перадаць гэтыя абрады дзецям, адаптуючыся да святаў краіны, у якой апынуліся.
Аўдыё
  • Двое Калядаў: як беларусы святкуюць Раство дома і ў эміграцыі
 .   ,     ().
Беларуская батлейка. Фрагмент спектаклю "Віка, хросная і калядныя цуды" (ілюстрацыя).Фота: Беларуская служба Польскага радыё / Наталля Грышкевіч

У Беларусі адзначаюць двое Калядаў

Каляды ў Беларусі — гэта старажытны зімовы святочны перыяд з абрадамі, гульнямі, песнямі і паходамі калядоўшчыкаў па дамах (з песнямі-калядкамі, “казой”, “мядзведзем”), якія славяць гаспадароў і жадаюць шчасця, а наўзамен атрымліваюць пачастункі (куццю, каўбасы, цукеркі).

Адметнасць Беларусі ў тым, што тут адзначаюць двое Калядаў: каталіцкія і праваслаўныя. Часта каталікі на свае Каляды запрашаюць праваслаўных, а праваслаўныя — каталікоў. І хоць традыцыя адзначэння гэтага свята шмат у чым была страчана за часы камуністычнага панавання, тым не менш гэты час перапляцення язычніцкіх і хрысціянскіх абрадаў пачаў адраджацца з 90-х гадоў, калі Беларусь аднавіла незалежнасць.

Цяпер, апынуўшыся ў эміграцыі, многія беларусы, асабліва каталіцкага веравызнання, імкнуцца падтрымліваць традыцыю. Складаней праваслаўным, бо ў Польшчы няма вольных дзён на праваслаўныя святы.

Мы ў Беларусі не адзначалі дзень Святога Мікалая, а зараз і Мікалай да нас прыходзіць

Алена і Дзмітры — каталікі. У Беларусі яны заўсёды адзначалі Каляды. Тут, як зазначае спадарыня Алена, таксама гэта робяць, але ўжо па польскай традыцыі.

— Зараз даводзіцца дастасоўвацца да таго, як дзеці тут адзначаюць свята. Мы ў Беларусі ніколі не адзначалі дзень Святога Мікалая, а цяпер і Мікалай да нас прыходзіць і прыносіць падарункі.

— І што ён там прыносіць?

Усё, як прынята ў Польшчы.

— Дзеці самі пішуць ліст святому Мікалаю і нешта просяць, а потым чакаюць. Звычайна гэта нейкія цацкі. Абавязкова ўпрыгожваем кватэру, рыхтуем малако, печыва, нават моркву для аленя — усё так, як тут робяць у Польшчы.

Спадар Дзмітры дадае:

— Усё насамрэч, як тут і прынята. Увечары ставяць на стол салодкае печыва для самога святога Мікалая, кубачак з малаком, каб ён гэта ўсё запіў, і сподачак з морквай для аленя, на якім ён прыязджае ў санях. І калі з раніцы гэтага няма, то значыць, ён ужо быў.

— І як дзеці на гэта рэагуюць?

— Дзеці заўсёды шчаслівыя, бо яны чакаюць гэтыя падарункі некалькі тыдняў. І ў школе пастаянна пра гэта гавораць.

 

Глядзім Калядную імшу з Беларусі

— Ну а калі надыходзіць Каляда 24-га, як вы рыхтуецеся?

— Часцей за ўсё мы разам рыхтуем святочную вячэру з дзецьмі. Праўда, нейкія адмысловыя стравы, як гэта прынята ў Польшчы, мы не гатуем — проста робім звычайную святочную вячэру. У Беларусі мы заўсёды ішлі ў касцёл, але тут імша адбываецца позна, таму з малымі дзецьмі мы не можам туды пайсці. Пасля вячэры глядзім нейкі калядны фільм або мульцік, можам пагуляць у сямейныя гульні. Стараемся паглядзець трансляцыю Каляднай імшы з Беларусі, а вось з Ватыкана — да канца ўжо не вытрымліваем.

— А 25-га як дзень праводзіце?

— Ідзём да касцёла. Святочны сняданак, імша, падарункі…

— У госці некуды ходзіце?

— На жаль, у нас тут няшмат сяброў, але 25-га сустракаемся з нашымі прыяцелямі ў касцёле і супольна адзначаем свята.

Мы шукаем беларускія мерапрыемствы на свята

Я размаўляю са спадарыняй Ларысай. Яна праваслаўная і распавядае, як іх сям’я сустракае Каляды ў эміграцыі.

— У нас усё змянілася, бо мы заўжды святкавалі ў бабулі, пакуль яна была жывая. А калі бабуля памерла, то і наша сямейная традыцыя знікла. Тут, у эміграцыі, краіна каталіцкая, іншы каляндар святаў, і мы жывём па ім. Мікалайкі дзеці адзначаюць у школе, а мы шукаем беларускія мерапрыемствы, каб адзначаць разам з беларусамі. Праводзяць спевы, розныя сустрэчы — даволі цікава. Хочацца паказаць гэта дзецям, бо іншай крыніцы ў іх няма.

Сама я не ладжу гэтыя Калядкі, у касцёл не ходзім, бо мы праваслаўныя. Але мушу прызнаць, што і ў Беларусі я апошнім часам ужо не хадзіла ў царкву, таму рэлігійны складнік у нашых святах адсутнічае.

Мы робім свята, але гэта для дзяцей

— Значыць і на стол нешта адмысловае не рыхтуеце?

— Не, мы робім свята, але гэта толькі для дзяцей, бо яны ведаюць, што наступае Раство, і яго немагчыма не адзначаць. Раней для нас галоўным святам быў Новы год, а цяпер ён тут быццам блекне, бо ўсе святкуюць Каляды. Мы збіраемся на Вігілію, хаця пост не трымаем, таму рыхтуем звычайныя стравы: салаты, мяса, рыбу — нічога асаблівага. Можа быць утульны вечар, могуць прыйсці сябры — дарослыя за келіхам віна пасядзяць, а дзеці самі бавяцца. Хаця 24-га я заўсёды імкнуся напячы печыва разам з дзецьмі, а потым увечары мы сядаем за стол.

— Ну а свята душой адчуваеце?

— Насамрэч, не. Робім усё дзеля дзяцей, бо гэта важная частка сацыялізацыі. А самі… нават у Беларусі Раство ўжо даўно не адчувалася вялікім святам, хаця я час ад часу хадзіла на вечаровую імшу — гэта прыгожа і стварала адчуванне свята. А цяпер гэта як бы двойчы паўтараецца: ёсць Раство і Новы год, калі шмат феерверкаў, шум, і немагчыма спаць. Таму ўсе святкуюць да позняй ночы, а потым разыходзяцца спаць.

Нягледзячы на розныя календары, традыцыі і жыццёвыя абставіны, беларусы і ў Беларусі, і ў эміграцыі знаходзяць спосаб стварыць утульнасць, захаваць родныя абрады і падарыць дзецям адчуванне цуду. Няхай гэтыя Каляды прынясуць кожнай сям’і цяпло, спакой, свет і надзею — дзе б яны ні былі.

Павел ЗАЛЕСКІ