Беларуская Служба

Лепшая ініцыятыва – Беларуская суботняя школка. Самы цікавы госць – Ева Вежнавец

31.12.2025 07:11
У Познані беларуская дыяспара вызначыла лепшую ініцыятыву года і самага цікавага госця, які наведаў супольнасць.
Аўдыё
  • Лепшая ініцыятыва – Беларуская суботняя школка. Самы цікавы госць – Ева Вежнавец
Драўляны куточак з мініяцюрнай чэканкай – галоўны прыз за лепшую беларускую ініцыятыву ў ПознаніФота Паўла Залескага

Традыцыя вызначэння лепшых ініцыятыў

Вызначэнне лепшай беларускай ініцыятывы года ў Познані становіцца традыцыяй. Кіраўнічка беларускай фундацыі «Кут» Вольга Стрыжнёва, якая і арганізавала гэты конкурс, распавядае, што ўпершыню падобнае мерапрыемства правялі летась. Многім гэта спадабалася, таму было вырашана правесці конкурс і сёлета.

Журы і ўдзельнікі конкурсу

Для падвядзення вынікаў было створана адмысловае журы. Згодна з дзеючымі правіламі, кожная ініцыятыва павінна была самастойна падаць заяўку на ўдзел у конкурсе. Сёлета такіх ініцыятываў было трынаццаць. Хаця, як падкрэслівае Вольга, у Познані іх існуе значна больш.

Узнагароджанне і месца правядзення

Урачыстае мерапрыемства адбывалася ў бары SARP, у самым цэнтры Познані, дзе часта ладзяцца беларускія імпрэзы. Лепшай ініцыятывай года сёлета журы абрала Беларускую суботнюю школку, якая існуе ў Познані ўжо некалькі гадоў. У якасці прыза прадстаўніца школкі, спадарыня Наста, атрымала драўляны куточак з мініяцюрнай чэканкай унутры.

Значнасць нашай справы даволі вялікая

Яна была вельмі ўсхваляваная і адзначыла, што для іх гэта стала нечаканасцю, але вельмі прыемнай. Таксама дадала, што калектыў школкі будзе вельмі ўсцешаны такой высокай ацэнкай сваёй працы.

— Калектыў школкі даволі сціплы, робіць сваю справу нібыта незаўважна для іншых, і гэтая ініцыятыва не вельмі шырока афішуецца сярод усіх суполак. Але значнасць нашай справы даволі вялікая.

Карыстаючыся магчымасцю, спадарыня Наста заклікала беларусаў прыводзіць сваіх дзетак у школку, дзе яны змогуць вывучаць беларускую мову, гісторыю і даведвацца пра культуру сваёй краіны.

Гэта насамрэч ініцыятыва, якая падтрымлівае беларускую самасвядомасць

Дарэчы, я пацікавіўся ў аднаго з сябраў журы, спадара Іллі, ці аддаў ён пры падвядзенні вынікаў свой голас за Беларускую суботнюю школку.

— Так, я галасаваў за гэтага намінанта, бо лічу, што гэта сапраўды важная і цікавая ініцыятыва. Не кожны беларускі горад можа пахваліцца тым, што ў ім ёсць беларуская школа, не кажучы ўжо пра польскія гарады. Таму мне здаецца выключна важным, што ў Познані існуе такое месца, дзе дзеці могуць займацца беларускай мовай, вывучаць беларускую гісторыю і культуру. Гэта насамрэч ініцыятыва, якая падтрымлівае беларускую самасвядомасць у эміграцыі. А сёння для нас гэта вельмі важна. Таму, прагледзеўшы ўсе ініцыятывы, я выбраў менавіта гэтую.

Самы цікавы госць года

Яшчэ адзін драўляны куточак з мініяцюрнай чэканкай прызначаўся самай цікавай госці, якая наведала беларускую дыяспару ў Познані. Сёлета ёю стала пісьменніца Ева Вежнавец. Праўда, сама пісьменніца на імпрэзе не прысутнічала, і драўляны куточак з мініяцюрнай чэканкай паедзе ў Варшаву.

Гісторыя і ідэя прыза

Вольга Стрыжнёва таксама распавяла пра тое, як з’явіўся такі прыз — драўляны куточак з мініяцюрнай чэканкай.

— Летась мы зрабілі шмат падарункаў — гэта быў такі эксперымент. Мы хацелі пакінуць наш драўляны куточак як мага большай колькасці людзей. І замест чэканкі там былі зярняткі, якія я зрабіла з адмысловай гліны. Яны сімвалізавалі своеасаблівы пасыл. А сёлета мы падумалі, што вельмі важна падсвечваць і іншых таленавітых людзей, якія жывуць у эміграцыі. Таму далучылі да гэтай справы Аляксандру Канончанка, каб яна паўдзельнічала ў вырабе нашага прыза. І вось яна зрабіла чэканку ў драўляным куточку. Мне падаецца, што гэта вельмі светлыя працы. Многія мастакі выкарыстоўваюць рэлігійныя матывы ў нейкім палітычным кантэксце, а ў Сашы яны лагодныя, светлыя і ўсім падабаюцца. Гэта выглядае вельмі эстэтычна і мае такі стрыт-фармат, што можна наклеіць у любым кутку. І мне падумалася, што вельмі файна падсвятліць Сашу для Познані, бо Берлін, дзе яна жыве, блізка ад нас. Спадзяюся, калі наша традыцыя будзе працягвацца, то ў гэтых куточках з’явяцца самыя розныя рэчы.

Напрыканцы імпрэзы адбыўся канцэрт гурта «Трава». Гучаў діджытал-фолк, публіка танчыла, было весела.

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё