Беларуская Служба

«Галоўнае — не нервавацца». Беларускі кіроўца пра працу за стырном цяжкагруза ў Еўропе

05.01.2026 17:57
Беларускі кіроўца-дальнабойшчык Валерый ужо некалькі гадоў працуе ў польскай транспартнай фірме і развозіць грузы па ўсёй Еўропе. Пра далёкія дарогі, страх і адказнасць, сустрэчы з людзьмі розных краін, а таксама пра плюсы і мінусы такой працы ён расказаў ў інтэрв'ю.
Аўдыё
  • «Галоўнае — не нервавацца». Беларускі кіроўца пра працу за стырном цяжкагруза ў Еўропе
 ,
Рака Варта, Познаньфота: Павал Залеўскі

Валера, ты кіроўца цяжкагруза, працуеш у польскай фірме. А дзе даводзіцца бываць, куды дастаўляеш грузы?

— Так, я працую ў польскай фірме, але грузы даводзіцца вазіць па ўсёй Еўропе: Іспанія, Аўстрыя, Галандыя…

Але ж па адукацыі ты інжынер, а даводзіцца працаваць кіроўцам. Ёсць на гэта прычыны?
— Так, ёсць прычыны. З іншага боку, мне так было прасцей уладкавацца, бо па спецыяльнасці аказалася не так проста знайсці працу.

А не палохала тое, што вялікія машыны, далёкія дарогі? Як ты на гэта рашыўся?
— Я і ў Беларусі працаваў у падобнай фірме, толькі інжынерам. Таму машыны мяне не палохалі. Але страшна было і цяпер бывае страшна, бо вялікая адказнасць.

Раскажы пра сваю працу: у чым яе плюсы, у чым мінусы, дзе ездзіш і што бачыш.
— Мушу сказаць, што ўсе па-рознаму праводзяць час. Калі бывае адпачынак, то адны спяць, а іншыя ходзяць і цікавяцца новымі краінамі, месцамі, дзе апынуліся. Плюс у тым, што столькі новага ў звычайным жыцці не пабачыш, бо на ўсё патрэбны былі б час і сродкі. Таму, калі ў мяне ёсць вольны час, я заўсёды іду і імкнуся пабачыць новыя гарады, архітэктуру, мясцовасць.

Ну і пра што можаш згадаць з убачанага?
— Вельмі моцнае ўражанне засталося ад акіяна, якога я раней ніколі не бачыў, бо ў Беларусі няма нават мора. Іспанія, Більбао, а таксама Барселона з яе архітэктурай. Увогуле шмат цікавых месцаў бачыш, я нават не памятаю назваў усіх гарадоў, бо амаль кожны дзень спыняешся ў новым месцы. Уся Заходняя Еўропа — гэта суцэльная гісторыя. У кожным горадзе ёсць ратуша, касцёлы, ёсць або горы, або мора.

А ты сам у душы падарожнік?
— Так, але калі не вельмі стаміўся. Бо калі даводзіцца ехаць запар пяць начэй, то ўжо не даеш рады нешта заўважаць. А калі адпачыў, паспаў — тады зноў становіцца цікава.

Наколькі ўвогуле цяжкая твая праца?
— У дзень ты мусіш ехаць дзевяць гадзін, але ніхто не лічыць, колькі ты стаіш, чакаеш або робіш нешта яшчэ. У выніку працоўны дзень атрымліваецца каля 15 гадзін. Вельмі нервуе, калі часта тэлефануюць і падганяюць: хутчэй, хутчэй, дзе ты, што ты. Таму мне і давялося змяніць фірму. Раней я ездзіў па два–тры месяцы запар, а цяпер буду ў дарозе два тыдні і чатыры дні адпачываць дома.

А як, на твой погляд, уладкавана еўрапейская інфраструктура для такіх цяжкагрузаў, на якіх ты ездзіш?
— Шчыра кажучы, бывае цяжкавата. Ёсць моманты, калі і страшнавата, асабліва ў старых гарадах з вузкімі вулачкамі — увесь час глядзіш, каб не зачапіць нейкі дом. Але галоўнае — не нервавацца і каб цябе пастаянна не падштурхоўвалі. Лепш спыніцца і падумаць некалькі разоў, бо выпадкі бываюць розныя, у тым ліку і непрыемныя. Да таго ж цяпер з’явілася шмат невопытных кіроўцаў з Непалу, Тыбету ці Афрыкі. Яны адкрыта прызнаюцца, што нядаўна атрымалі правы, але трэба неяк зарабляць грошы. Таму варта быць вельмі ўважлівым на дарозе.

А беларусаў часта сустракаеш? Ці дапамагаеце адзін аднаму ў складаных сітуацыях?
— Так, канешне, ёсць знаёмыя, бо я ж таксама ў кагосьці вучыўся, і заўсёды можна патэлефанаваць. Але, шчыра кажучы, кіроўцы стараюцца дапамагаць адзін аднаму незалежна ад нацыянальнасці. Добра яшчэ, як я, ведаць хаця б пяцьдзясят слоў па-англійску — тады можаш спакойна ездзіць па Еўропе. Шмат апошнім часам сустракаецца рускамоўных кіроўцаў, асабліва з Казахстана і Узбекістана.

У цябе ўжо здараліся складаныя сітуацыі на дарозе?
— Было аднойчы, што заблукаў з навігатарам у гарах у Аўстрыі. Але выбраўся, хоць і падрапаў бок прычэпа. Усё скончылася больш-менш добра. Галоўнае — не слухаць, калі цябе падганяюць, бо гэта небяспечна. У выніку, калі нешта здарыцца, вінаватым застанешся ты. Машына вялікая і адказнасць вялікая. Тады я спазніўся, а была яшчэ пятніца. Але італьянцы сказалі: нічога страшнага, адпачывай да панядзелка, а потым мы цябе выгрузім і паедзеш далей. Хаця я вёз пошту, і яна лічылася тэрміновай, ніхто не стаў рабіць з гэтага праблему. Гэта было на Вербніцу: я хадзіў у мясцовы касцёл, дапамагаў там прыбіраць, адсвяткаваў.

Валера, ты працуеш у польскай фірме. А як да цябе ставяцца як да эмігранта?
— Вельмі добра ставяцца. Галоўнае, каб ты сам быў адэкватны чалавек, не злоўжываў алкаголем — і працуй сабе спакойна.

А калі бываеш у іншых еўрапейскіх краінах і людзі бачаць, што ты не валодаеш мовай і, хутчэй за ўсё, прыехаў з былых савецкіх рэспублік?
— Ставяцца па-рознаму. У паўднёвых краінах, такіх як Італія ці Іспанія, людзі часта ўсміхаюцца, нават калі зусім цябе не разумеюць. А ў Францыі ці Нямеччыне бывае, што з табой гавораць толькі па-французску або па-нямецку. Але ў тэлефоне ёсць перакладчык, і на хаду даводзіцца вырашаць такія праблемы. Увогуле з любой сітуацыі заўсёды можна неяк выйсці.

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё