Цягам прыблізна першага месяца на падтрымку дэпартаваных ва Украіну, а потым перавезеных у Польшчу і Літву палітзняволеных з Міжнароднага гуманітарнага фонду было выдаткавана 211 615 еўра. Сюды не ўлічаны асобныя праграмы іншых арганізацый, валанцёрскай дапамогі і падтрымкі. Пра гэты расказалі прадстаўнікі некалькіх арганізацый, якія сабралі прэс-канферэнцыю ў Цэнтры Беларускай Салідарнасці ў Варшаве.
Прадстаўніца праваабарончай арганізацыі Dissidentby Марына Касінерава агучыла прававую ацэнку таго, што беларускі рэжым зрабіў з вызваленымі вязнямі. Гэта прымусовая высылка, перамяшчэнне на тэрыторыю дзяржавы, дзе ідзе ўзброены канфлікт, і злачынства супраць чалавечнасці.
- Права на жыццё, на здароўе, на прытулак, на магчымасць перамяшчацца свабодна, у тым ліку вяртацца ў сваю краіну. Таму гэта нават можна маркіраваць як злачынства супраць чалавечнасці з боку рэжыму. Па другое, гэтая апошняя група была вывезена на тэрыторыю Украіны, дзе ідуць актыўныя баявыя дзеянні. Гэта вельмі траўматычная сітуацыя для людзей, які адбывалі пакаранні, каторыя былі 5 гадоў у зняволенні. Гэта дадатковы стрэс-фактар.
Мы праводзілі даследаванне з псіхіятрамі на тэму вымушанай эміграцыі і турэмнага зняволення. Гэтыя два фактары прыводзяць да найцяжэйшых наступстваў. Заўсёды варта памятаць, што само па сабе турэмнае зняволенне мае доўгатэрміновыя наступствы. І гэта не вырашаецца тыднем, месяцам, годам, гэта часам можа быць нават дзясятак гадоў.
Мы разумеем, што нам патрэбны доўгатэрміновыя праграмы падтрымкі і рэабілітацыі такіх людзей. Бо гэта ахвяры катаванняў, гэта людзі, з якімі абыходзіліся не па чалавечы, гэта людзі, якія маюць шмат праблемаў. Таму я заклікаю да падтрымкі, не разавай, не толькі на хвалі, што людзі выйшлі. А да доўгатэрміновай.
Актывісты падкрэслівалі неверагодныя высілкі і працу валанцёраў, без якіх дапамагчы дэпартаваным асобам было б немагчыма.
Інфармацыя, на што пайшлі сроді Міжнароднага гуманітарнага фонду
Што цяпер будзе адбывацца з легаліцыяй і адаптацыяй палітвязняў? Тлумачыць Вераніка з ініцыятывы «Вольныя»:
- Цяпер частка жыве ў шэлтэрах, то бок яны пераехалі і там будуць жыць ужо мінімум два месяцы, можа быць даўжэй. Нехта ўжо зняў сабе кватэру, нехта жыве ў сваякоў і гэтак далей. Большая частка групы пражывае зараз у гатэлі, які быў аплачаны, у тым ліку і сродкаў Міжнароднага гуманітарнага фонду, да 20 студзеня. Да 20 студзеня нашыя валанцёры сумесна з самімі палітвязнямі шукаюць жыллё для гэтых людзей.
Гэтае жыллё будзе аплачвацца таксама з Міжнароднага гуманітарнага фонду, плюс дадаткова ёсць праграма, якая таксама пакрывае жыллё. Нашая мэта паспрабаваць пакрыць выдаткі гэтым людзям роўна да атрымання легалізацыі або да атрымання дазволу на працу, у Польшчы гэта паўгода. Да гэтага часу яны не могуць зарабляць, а таму здымаць сабе жыллё, плаціць за яго.
Таксама людзям будзе аказвацца прадуктовая дапамога. Зараз у іх ёсць харчаванне ці прадуктовы кошык, далей ва ўсіх будуць прадуктовыя кошыкі ад INeedHelpBY, якая займаецца як раз прадуктовай дапамогай рэпрэсаваным. Таксама будуць яшчэ грашовыя выплаты, BySol яшчэ не ўсім зрабіў, наколькі я памятаю, апошні тэкст, што я чытала, 68 выплат ужо зроблена. То бок, астатняя група яшчэ грошы не атрымала.
Таксама ёсць яшчэ адна праграма, я некаторыя праграмы свядома не называю, таму што не ведаю ці публічныя яны. Таксама ўсе палітвязні патрапілі ў медыцынскую праграму, мы з усімі запоўнілі анкеты і вось ужо яна пачалася. Цяпер людзі ўжо наведалі ўрачоў, стаматолагаў, нейкіх агульных тэрапеўтаў, далей яны перазапісаны да профільных урачоў. Двум людзям я дакладна ведаю ўжо прызначанае МРТ.
Далей гэта будзе дапамога па сацыялізацыі, то бок мы будзем старацца знайсці працу, дапамагчы, адаптавацца, вывучыць мову. Моўныя курсы для гэтай групы распачаты дзвюма арганізацыямі. Гэта Цэнтр Беларускай Салідарнасці і Асацыяцыя Палітвязняў Беларусі. Анлайн і афлайн фармат.
У цэлым гэта ўсё легалізацыя і ўз'яднанне семʼямі. Гэтыя працэсы насамрэч звязаныя.
Сярод выклікаў, якія стаяць перад арганізацыямі, адзін з асноўных – гэта легалізацыя былых палітвязняў і іх сем’яў, а значыць магчымасць застацца ў краінах ЕС і атрымаць дапамогу.
83 палітычныя вязні (са 122) засталіся ў Польшчы. Павал Латушка дзякаваў польскаму боку за аператыўную дапамогу і звярнуў увагу на бліжэйшыя патрэбы:
- У нас запланавана сустрэча з кіраўніком Управы па справах замежнікаў Томашам Цытрыновічам па пытанні прыспяшэння працэдуры легалізацыі. Мы разумеем, што гэта павінна быць у рамках заканадаўства Польшчы, але мы просім для катэгорыі палітзняволеных па магчымасці прыспешыць працэдуру. Пакуль яны не атрымаюць легалізацыю, яны не могуць працаваць, не адбываецца іх рэсацыялізацыя, а значыць арганізацыі павінны выдаткоўваць велізарныя сродкі на іх утрыманне. Спадзяюся, нам удасца прыспешыць працэс. Кожны месяц будзе для нас важны.
Больш выказванняў - у далучаным гукавым файле
ав
Спіс арганізацый, уключаных у дапамогу вызваленым