Са 122 дэпартаваных з Беларусі ва Украіну былых палітвязняў у Польшчы вырашылі застацца 83 чалавекі. Тыя з іх, каму была неабходная дапамога, яе атрымалі ад вялікай колькасці беларускіх арганізацый і валанцёраў.
Адной з іх з’яўляецца ініцыятыва «Вольныя». Каардынатарка ад ініцыятывы Вераніка гаворыць, што частка з 83 чалавек жыве ў шэлтарах, у знаёмых і сваякоў, частка зняла ўжо кватэры. Аднак большасць жыве ў гатэлі, які аплачаны да 20 студзеня.
Цяпер ідзе пошук жылля пасля 20 студзеня. Гэтыя асобы надалей будуць атрымліваць харчовую дапамогу. Ім будуць дапамагаць легалізавацца, вучыць мову, шукаць працу.
Усе вызваленыя падалі дакументы на міжнародную абарону. Адной з самых пільных патрэб з’яўляецца працэс аб’яднання з сем’ямі, якім перад усім важна атрымаць візу, гаворыць Вераніка:
- Ва ўсіх вельмі розныя планы. Мяне вельмі часта пытаюцца, як людзі сябе адчуваюць? Гэтая група ў 90 чалавек, яны вельмі па-рознаму сябе адчуваюць, нават дзень ад дня яны па-рознаму сябе адчуваюць. Таму частка людзей хоча, каб да іх пераехалі сваякі, частка хоча, каб проста іх маглі наведваць і гэтак далей. Гэта значыць, усё вельмі залежыць ад сітуацыі сямейнай, ад магчымасці родных, ці гатовыя яны кудысьці ехаць і гэтак далей. Мы кожны кейс разглядаем асобна, па кожным у нас там сабрана пэўная інфармацыя.
На думку Веранікі, аналага беларускага аб'яднання, каардынацыі і такой колькасці арганізацый дапамогі няма нідзе:
- Я вельмі часта кажу гэтую тэзу, мяне за яе, можа, не надта любяць, але нідзе больш такога няма. То бок, няма такога абʼяднання, няма такой колькасці арганізацый дапамогі рэпрэсаваным, няма такой колькасці салідарнасці. Вельмі часта да нас прыходзяць і скардзяцца, што вось ім нешта не дадалі, нейкую дапамогу і гэтак далей. Я параўноўваю, дапусцім, у Расіі таксама ёсць палітвязні. Ці атрымліваюць яны такую ж дапамогу, як атрымліваюць нашыя палітвязні? Ці ёсць у іх медыцынскія праграмы, ці ёсць у іх абавязкова фінансавыя выплаты і гэтак далей? Гэта значыць, у гэтай сітуацыі трэба трошкі параўнаць, дзе лепш адбываецца. Таму, мне падаецца, аналага беларускага абʼяднання, каардынацыі і такой колькасці арганізацый дапамогі няма нідзе.
Я вельмі радуюся, што мы можам гэта рабіць, радуюся, што мы можам дапамагчы. І што нас падтрымліваюць, у тым ліку, міжнародныя партнёры, што не кажуць там, вы як-небудзь самі грошы з людзей збярыце. Мы атрымліваем падтрымку і ў МГФ, і атрымліваем грошы, якія-ніякія, за сваю працу і гэтак далей. Таму я захапляюся, мусіць, тым, што ёсць, і радая, што мы можам увайсці ў гэтую частку арганізацый.
Неверагодна важна разумець, што гэта не спрынт, а марафон. Дапамога павінна быць доўгатэрміновай, асабліва ў выпадку ўразлівых груп:
- Было б клёва, вядома, калі б мы маглі сустрэць людзей, тры дні вось так паклапаціцца пра іх, а далей яны такія, ну ўсё, нам ужо больш не трэба. Але гэта не так. Дапусцім мы ў «Вольных», калі чалавек прыходзіць да нас за дапамогай, працягваем яго праграму мінімум 6 месяцаў. То бок, гэта той час, колькі чалавек ад нас можа атрымліваць падтрымку. Бо мы разумеем, што сацыялізацыя, рэсацыялізацыя, адаптацыя не адбываецца ў адзін дзень. І нават за тыдзень, і нават за месяц не адбываецца.
Таму, калі мы гаворым пра палітвязняў, былых, асабліва дэпартаваныя групы, мы гаворым пра вельмі доўгатэрміновую падтрымку. Гэтая падтрымка працягваецца месяцамі, а ў некаторых выпадках, напрыклад, у нас ёсць уразлівыя групы, гэта пенсіянеры, гэта людзі, якія не могуць тут працаваць, у іх няма пенсіі, іх ніхто на працу браць не будзе. Тут мы гаворым пра падтрымку гадамі ад нашых ініцыятываў. Таму, вядома, дапамога доўгатэрміновая, і гэта трэба разумець і настройвацца на гэта адразу ж.
Мы з калегамі заўсёды разглядаем гэтыя кейсы. Гэта значыць умоўна, калі ў нас быў кейс якога-небудзь маладога хлопца, ён там паўгода атрымліваў ад нас падтрымку, потым атрымліваў яшчэ ад нейкай арганізацыі, ён да нас праз два гады вяртаецца, вядома, мы задумваемся, ці сапраўды яму патрэбна гэтая падтрымка, як ён адаптаваўся, мы заўсёды стараемся распытваць, а дзе вы былі, што вы былі, што вы.
Калі да нас прыходзіць праз два гады пенсіянер, які не адаптаваўся, мы разумеем чаму, то бок у нас ёсць адказ на гэтае пытанне, і мы ўсе яго ведаем. Гэта значыць, чалавеку вельмі складана ў пенсійным узросце адаптавацца, вывучыць мову, пайсці на працу і гэтак далей. Але, тым не менш, кожны кейс разглядаецца асобна.
Я ведаю, што цяпер насамрэч для людзей такога сталага ўзросту зʼяўляецца больш праграмаў, наўпрост бачу, як мае калегі задумваюцца над гэтым. Мы рабілі апытанне па людзях 55+, каб удакладніць умоўна, як яны сябе адчуваюць на эміграцыі і гэтак далей. Вядома, гэтым людзям патрэбны асобныя праграмы, асобная дапамога. З маладымі прасцей, яны больш адаптыўныя, і тое, ёсць людзі ў вельмі цяжкім псіхалагічным стане, дзе яны і за паўгода не справяцца з тым, што з імі адбылося.
І тут мы таксама гаворым пра доўгатэрміновую падтрымку.
Яшчэ можна далучыцца да дапамогі вызваленым палітвязням: можна данаціць, можна купіць рэчы, можна стаць ментарам, расказвае Вераніка:
- Я бачу, што ўсе крыху прытаміліся, але ўсе сапраўды вельмі шмат зрабілі. Працы праведзена проста неверагодная колькасць. Што можна зрабіць? Заўсёды можна прыйсці валанцёрам у любую арганізацыю, заўсёды можна прыйсці ментарам да нас у «Вольныя», і стаць такім апекуном для былога палітвязня. Заўсёды можна данаціць, калі ў вас узнікае жаданне камусьці дапамагчы, у вас ёсць лішнія 5-10 еўра, вы можаце заўсёды зайсці на BySol, абраць збор і заданаціць. Вы можаце данаціць на гуманітарныя арганізацыі, мы таксама выкарыстоўваем гэтыя грошы для таго, каб падтрымліваць нашых падапечных. І для нас гэта як раз магчымасць гэтыя грошы выкарыстоўваць хутка. То бок, чалавеку нешта спатрэбілася, мы рэзка можам гэта праплаціць. Калі мы гаворым пра грошы нейкія еўрапейскія, то крыху больш складана, таму што мы ўсе за іх даем справаздачу, за данатамі таксама даем справаздачу, але гэтыя грошы хаця б ёсць у нас на руках.
Можна прывозіць рэчы ў Цэнтр Беларускай Салідарнасці. Заўсёды можна напісаць любой арганізацыі ў Інстаграм і сказаць, я магу зрабіць вось гэта, магу вадзіць машыну, магу кагосьці прывезці. Вось, напрыклад, зараз мы вельмі актыўна ў Варшаве шукаем людзей, хто можа дапамагчы шукаць жыллё для былых зняволеных і глядзець кватэры. Гэта вось вельмі патрэбны цяпер рэсурс.
Вераніка лічыць, што ў арганізацыйным плане беларускія арганізацыі гатовыя прымаць чарговыя групы вызваленых. На гэта, аднак, патрэбныя сродкі:
- Калі шчыра, мне здаецца, што мы гатовыя. Я вось трымаю ў галаве, што трэба неяк падсабраць увесь гэты досвед, яго неяк канвертаваць у дакумент, мусіць, у нейкую логіку, таму што сапраўды мы зрабілі вельмі шмат, ну і памылак мы дапусцілі вельмі шмат. Гэта значыць, мы, да прыкладу, на нейкім этапе нават менш грошай маглі выдаткаваць, ну, з-за таго, што ўсё адбывалася вельмі хутка, і мы не ведалі, як гэта ўсё будзе развівацца, дзесьці, вядома, мы там маглі пераплаціць. Таму, канешне, гэта ўсё трэба канвертаваць, абмяркоўваць, мы будзем зноў стэлефаноўвацца з усімі арганізацыямі, гэта ўсё рэфлексаваць. Але я думаю, што пасля вось гэтага кейса, мы гатовыя.
Вядома, застаецца пытанне фінансавае: донараў з іншых краін, Міжнароднага гуманітарнага фонду, падтрымкі арганізацыі і гэтак далей. Таму што, калі ў нас не будзе грошай, то мы людзей, вядома, сустрэнем, але што мы будзем з імі рабіць далей, будзе стаць вялікае пытанне. Таму што адна справа, калі мы сустракаем 20 чалавек, 30 чалавек, якіх можна рассяліць недзе па шэлтарах, іншая справа, калі мы сустракаем 100 чалавек. То бок, гэта іншы вопыт, іншая фінансавая нагрузка на арганізацыі і гэтак далей.
Расказвала каардынатарка ад ініцыятывы «Вольныя» Вераніка.
слухайце аўдыё
ав