Сёння (29 студзеня) ў Польшчы ўступаюць у сілу правілы, якія ўводзяць больш жорсткія пакаранні для кіроўцаў, якія парушаюць законы. У тым ліку, паліцыі будзе лягчэй караць тых, хто ўдзельнічае ў незаконных аўтагонках. Функцыянеры таксама змогуць назаўсёды пазбаўляць кіроўцаў вадзіцельскіх правоў.
Урад уводзіць змены ў правілы бяспекі дарожнага руху, якія ўзмацняюць крымінальную адказнасць для парушальнікаў правілаў дарожнага руху, асабліва для рэцыдывістаў, кіроўцаў у стане алкагольнага ап'янення і ўдзельнікаў незаконных аўтагонак.
Папраўка, якая ўступіла ў сілу 29 студзеня, уводзіць у Крымінальны кодэкс новы від злачынства за прычыненне дарожна-транспартнага здарэння. Такім чынам, кожны, хто прычыніў смяротнае здарэнне або аварыю з цяжкімі траўмамі падчас удзелу ў незаконных гонках, відавочна перавысіў хуткасць або парушыў судовую забарону на кіраванне транспартнымі сродкамі, можа атрымаць пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Паліцыянты змогуць назаўсёды пазбаўляць вадзіцельскіх правоў кіроўцаў, якія парушылі судовую забарону на кіраванне транспартнымі сродкамі. Ім таксама пагражае канфіскацыя аўтамабіля. Рашэнне па гэтай справе будзе прымаць суд.
Больш за тое, Міністэрства юстыцыі хоча, каб суддзі прызначалі больш жорсткія пакаранні для рэцыдывістаў. На іх пакаранне можа паўплываць пракуратура, кажа нацыянальны пракурор Дарыюш Карнэлюк (Dariusz Korneluk):
- Я даручаю пракурорам больш уважліва ацэньваць доказы і стаўленне абвінавачанага, а таксама адпаведным да пагрозы чынам фарміраваць высновы на конт пакарання.
У сваю чаргу міністр юстыцыі Вальдэмар Журэк (Waldemar Żurek) лічыць, што пакаранне абмежавання волі павінна быць прысуджанае часцей, чым штраф:
- Калі мы маем справу са шматразовым рэцыдывістам, то ўзнікае пытанне: Чаго мы чакаем? Мы чакаем, пакуль ён каго-небудзь забʼе на дарозе? Зразумела, тады ён будзе адказваць па сурʼёзным артыкуле, але мы ж не вернем людзей да жыцця.
Новыя правілы таксама прадугледжваюць суровыя пакаранні за арганізацыю, правядзенне або ўдзел у незаконных аўтамабільных гонках. З сённяшняга дня ўдзел у такіх нелегальных мерапрыемствах будзе ўспрымацца не як парушэнне, але як злачынства, за якое пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі.
Як паясняе галоўны рэдактар партала brd24.pl Лукаш Збаральскі (Łukasz Zboralski), паліцыя цяпер атрымлівае новыя інструменты для барацьбы з незаконнымі аўтагонкамі:
- Гаворка ідзе пра ўсе гэтыя Night Racing у буйных гарадах, з якімі да гэтай пары паліцыянты змагаліся безвынікова. Яны маглі толькі аштрафаваць удзельнікаў або забраць у кіроўцы пасведчанне аб рэгістрацыі, калі аўтамабіль не адпавядаў пэўным патрабаванням. Цяпер удзел у такім мерапрыемстве – гэта не парушэнне, а злачынства, за якое пагражае не штраф, але суд і турма.
Эксперт дадаў, што пакаранне будзе пагражаць кожнаму ўдзельніку гонак:
- Яно будзе пагражаць арганізатарам, удзелікам, сведкам, у тым ліку пасажырам, а публіцы будзе пагражаць штраф.
Паводле новых правілаў, удзел у незаконных аўтагонках будзе карацца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 месяцаў да 5 гадоў.
У сілу ўступілі таксама больш жорсткія пакаранні за неасцярожнае кіраванне транспартным сродкам. Цяпер як парушэнне будзе ўспрымацца дрыфт (анг. drifting), то бок кіраванне ў кантраляваным заносе, а таксама вілі (анг. wheelie) – то бок баланс на адным заднім коле, кажа Роберт Опас (Robert Opas) з Галоўнай камендатуры паліцыі:
- Калі гаворка ідзе пра штраф, якім паліцыя можа пакараць кіроўцу, то гэта 1 500 – 5 000 злотых, а калі справа будзе накіравана ў суд адказнасць будзе больш сур’ёзная.
Новыя правілы таксама ўводзяць пакаранне ў выглядзе пажыццёвага пазбаўлення правоў кіроўцы або канфіскацыі транспартнага сродку. Гэта датычыцца кіравання аўтамабілем з ануляванымі правамі або кіравання аўтамабілем пад выразным уздзеяннем алкаголю:
- Калі гаворка ідзе пра Крымінальны кодэкс, то важнай зменай з’яўляецца пажыццёвая забарона на кіраванне транспартнымі сродкамі, а ў выпадку рэцыдывістаў пра такую забарону можа вырашыць суд. Наступная змена, гэта абавязковая канфіскацыя транспартнага сродку, калі ўзровень алкаголю ў крыві склаў больш за 1,5 праміле.
У мінулым годзе паліцыя выявіла амаль 16 500 выпадкаў парушэнняў судовай забароны на кіраванне транспартнымі сродкамі. Больш за 10 000 кіроўцаў не выканалі рашэння аб пазбаўленні іх вадзіцельскіх правоў, нагадвае паліцыянт Марцін Савіцкі (Marcin Sawicki) з Ваяводскай камендатуры паліцыі ў Радаме:
- На самой справе, здзяйсняльнікамі кожнага дзясятага ДТЗ з’яўляецца пʼяны ўдзельнік дарожнага руху. Таму мы лічым, што кожнае абвастрэнне пакарання нецвярозых кіроўцаў можа дапамагчы прадухіліць такія здарэнні.
Пажыццёвая забарона на кіраванне транспартнымі сродкамі будзе накладзена на тых, хто парушае папярэдняе рашэнне суда. «Безадказных кіроўцаў усё яшчэ не бракуе», – кажа Марцін Савіцкі:
- У мінулым годзе паліцыянты затрымалі 1 356 кіроўцаў, якія кіравалі аўтамабілем, нягледзячы на тое, што ім гэта было забаронена. Сярод іх былі кіроўцы, у якіх правы вадзіцеля забіралі некалькі разоў.
Як падкрэсліваюць эксперты, новыя правілы накіраваны на павышэнне бяспекі на польскіх дарогах і ліквідацыю найбольш небяспечных паводзін.
Другая частка змяненняў, прынятых парламентам у канцы мінулага года, уступіць у сілу ў сакавіку. Сярод іх абавязковае нашэнне шлемаў для маладых карыстальнікаў электраскутараў. Іншая змена, асобы, якім споўнілася 17 гадоў змогуць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі B. Пасля здачы экзаменa на працягу шэсці месяцаў або да дасягнення 18 гадоў, такія кіроўцы змогуць кіраваць аўтамабілем выключна ў суправаджэнні апекуна.
IAR/аз