Беларуская Служба

Чат беларусаў у Познані: пра праблемы, салідарнасць і змены ў супольнасці

19.02.2026 13:52
Яўген Карнеевец, адміністратар чата беларусаў Познані. З ім гаворым пра тое, што пішуць беларусы ў чатах, што іх цікавіць і чым яны жывуць.
Аўдыё
  • Чат беларусаў у Познані: пра праблемы, салідарнасць і змены ў супольнасці
Яўген КарнеевецФота з архіва Яўгена Карнееўца.

 — Яўген, колькі прыкладна людзей зараз карыстаюцца вашым чатам?

— У чаце налічваецца недзе пяць тысяч карыстальнікаў. Магчыма, там не толькі беларусы, ёсць і ўкраінцы. Я яшчэ вяду чат з навінамі Познані — там яшчэ дзве з паловай тысячы наведвальнікаў, а ў Instagram — больш за тры тысячы чалавек.

— Ну і пра што людзі пішуць, чым найбольш цікавяцца?

— Людзі цяпер пішуць нячаста, бо ўсе нашы рэсурсы былі прызнаныя экстрэмісцкімі, а тыя, хто ездзіць у Беларусь, выходзяць з гэтых чатаў, баяцца пісаць. А калі ўжо пішуць, то часцей за ўсё пра праблемы. Некаторыя імкнуцца знайсці аднадумцаў, каб займацца нейкімі супольнымі справамі.

— Калі казаць пра праблемы — якія гэта праблемы, што найчасцей турбуе людзей?

— Кожны год — гэта розныя праблемы. У 2022 годзе абмяркоўвалі сітуацыі, калі сутыкаліся з нечым негатыўным у новай краіне, прасілі парадаў, калі звальнялі з працы. Потым былі частыя пытанні з атрыманнем карт побыту, легалізацыяй. Некаторыя пішуць пра карысныя рэчы: дзе знайсці кватэру, як яе арандаваць і многае іншае. Апошнім часам найбольш пішуць пра праблемы, звязаныя з банкаўскай сферай, бо санкцыі, накладзеныя ЕС на расіян і беларусаў, моцна ўдарылі і па беларусах. А банкаўская сфера даволі шырокая і вельмі важная тут для кожнага, бо гэта звязана і з пенсіямі, і з заробкамі, і з крэдытамі і г.д.

— Я так разумею, што людзі імкнуцца раіць адно аднаму, як паступаць у той ці іншай сітуацыі…

— Так. Хто ўжо прайшоў такі шлях і мае досвед, яго парады вельмі карысныя. Уявіце сітуацыю: беларус прыехаў працаваць толькі па візе і не можа адкрыць рахунак у банку, бо не ўсе гэта робяць толькі па адной візе. Многія патрабуюць умову аб працы, сталы побыт, іншыя паперы. А беларусы, якія толькі прыехалі, не ведаюць, што казаць. Многія не ведаюць, што чалавечы фактар у Польшчы добра працуе.

— Што вы маеце на ўвазе пад чалавечым фактарам?

— Сам з гэтым часта сутыкаюся: у адным аддзяленні банка кажуць, што для беларусаў усё закрыта, маўляў, санкцыі. А праз вуліцу ў іншым аддзяленні банка — «прошэ бардзо».

— Чаму гэта так працуе?

— Бо часта змяняецца заканадаўства ў гэтых сферах. А ў адміністрацыях і банках часта працуюць сталыя людзі, якія не паспяваюць за зменамі. І, па-другое, дзейнічае такі самы прынцып, як у службоўцаў у Беларусі: баяцца браць адказнасць, лепш адмовіць, чым потым нешта зрабіць не так.

— А як вам здаецца — беларусы спраўляюцца з гэтымі праблемамі?

— Беларусы — такія людзі, што з усім справяцца. Гэта не самыя вялікія праблемы, якія яны мелі з 2020 года. Мы ў такіх сітуацыях раім нейкія лайфхакі, якія можна прымяніць у канкрэтным выпадку. І калі беларус ужо падрыхтаваны і можа патлумачыць супрацоўніку банка сваю законную пазіцыю, то атрымліваецца дабіцца свайго. Людзі спраўляюцца, але заўважна, што стала цяжэй.

— За час існавання вашых сацсетак як змянялася колькасць наведвальнікаў?

— Так, змянялася. Прычым змянялася як колькасць, так і якасць. У 2020 годзе сюды ехалі адны людзі, у 2022 — другія, падобныя да іх, дапамагалі адзін аднаму. Але потым многія абжываліся тут, знаходзілі новых сяброў і новыя інтарэсы, і некаторыя адышлі ад беларускасці. А ў апошнія гады ў чат прыходзяць беларусы, якія шукаюць падказкі, як не заплаціць штраф, дзе можна «купіць» карту побыту, як зрабіць нешта нелегальна, змахляваць. Многія беларусы выходзяць з тых рэсурсаў, якія прызнаныя экстрэмісцкімі. Перад навагоднімі святамі і летам недзе каля тысячы карыстальнікаў знікае — едуць у Беларусь. Да ўсяго, многія імкнуцца не бываць на беларускіх мерапрыемствах, не наведваць канцэрты беларускіх артыстаў і адыходзяць ад беларускасці. Сумна, але гэта праўда.

Павел ЗАЛЕСКІ

слухайце аўдыё