Беларуская Служба

Польшча рыхтуецца купіць больш за сто звышхуткасных цягнікоў

16.06.2026 14:14
Удзел у тэндары ўжо пацвердзілі некалькі буйных вытворцаў. Сярод іх — кансорцыум Pesa і Hitachi Rail, нямецкая Siemens Mobility, іспанская Talgo і французская Alstom.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Foto: Photo: MichaelGaida/pixabay.com/CC0 Public Domain

У Польшчы пачынаецца барацьба за адзін з найбуйнейшых чыгуначных кантрактаў апошніх гадоў. Краіна плануе набыць больш за сто звышхуткасных цягнікоў, здольных развіваць хуткасць не менш за 300 кіламетраў за гадзіну, паведамляе forsal.pl.

Першым заказчыкам выступіць PKP Intercity. Дзяржаўны перавозчык хоча закупіць 20 саставаў, якія павінны выйсці на маршруты ў 2032 годзе. Кантракт таксама прадугледжвае магчымасць дадатковай закупкі яшчэ 35 цягнікоў у другой палове 2030-х гадоў.

Яшчэ больш маштабныя планы мае кампанія Centralny Port Komunikacyjny. У чэрвені яна стварыла даччыную структуру Port Polska KDP, якая павінна набыць хуткасныя цягнікі прыкладна на 10 млрд злотых (2,36 млрд еўра). У далейшым іх будуць здаваць у арэнду іншым перавозчыкам, каб па будучай высакахуткаснай лініі «Y», якая будзе весці да Цэнтральнага камунікацыйнага порту (найбуйнейшага аэрапорту Польшчы) курсавала больш цягнікоў.

Удзел у тэндары ўжо пацвердзілі некалькі буйных вытворцаў. Сярод іх — кансорцыум Pesa і Hitachi Rail, нямецкая Siemens Mobility, іспанская Talgo і французская Alstom.

Як паведаміла кіраўніца польскага падраздзялення Alstom Беата Русіновіч у размове з Forsal.pl, кампанія плануе самастойна ўдзельнічаць у абодвух конкурсах. Французскі вытворца гатовы прапанаваць цягнікі сямейства Avelia — мадэлі Stream і Horizon.

У Alstom таксама не выключаюць, што частка або нават поўны цыкл вытворчасці новых высакахуткасных цягнікоў можа быць арганізаваны ў Польшчы, дзе кампанія ўжо мае некалькі прадпрыемстваў.

эж