Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка маюць яшчэ адну падставу для радасці. Расія і Беларусь павольна выходзяць з ізаляцыі ў міжнародным спорце, паведамляе dziennik.pl. Яшчэ адна спартыўная арганізацыя вырашыла дазволіць грамадзянам абедзвюх краін спаборнічаць на міжнародным узроўні – Міжнародная федэрацыя спартыўнага скалалажання зняла санкцыі з Расіі і Беларусі.
Пры гэтым адзначаецца, што спартсмены з Беларусі і Расіі могуць удзельнічаць у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе, а правядзенне міжнародных спаборніцтваў у абедзвюх краінах надалей забароненае.
Спартсменаў не варта караць за дзеянні палітыкаў
Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі спартыўнага скалалажання (IFSC) Марка Скаларыс ужо амаль два гады таму (у ліпені 2024 года) пераконваў, што, на яго думку, спартсменаў нельга караць за дзеянні іх урадаў.
Пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе, практычна ўсе спартыўныя арганізацыі забаранілі беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах.
Невялікая колькасць спартсменаў з гэтых краінаў, пасля выканання адпаведных умоваў, спаборнічае пад нейтральнымі сцягамі. Аднак у апошнія месяцы стала назірацца тэндэнцыя, паводле якой усё больш спартыўных федэрацый ідзе на саступкі і здымае забароны.
Нядаўна прэзідэнт Міжнароднай футбольнай федэрацыі (ФІФА) Джані Інфанціна, які лічыцца сябрам Уладзіміра Пуціна, заявіў, што хацеў бы, каб расійскія клубы і нацыянальныя зборныя зноў былі дапушчаныя да ўдзелу ў міжнародных футбольных спаборніцтвах. Згаданай ідэі не падзяляе прэзідэнт Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА). Аляксандр Чэферын заявіў, што не бярэ пад увагу такой магчымасці да заканчэння вайны супраць Украіны.
аз