Былы палітвязень Ілля ўжо больш за год жыве ў Польшчы і чакае рашэння аб наданні міжнароднай аховы. Ён працуе электрыкам, стварыў футбольную каманду і дапамагае іншым былым зняволеным пачаць новае жыццё – нават застаючыся ў «падвешаным стане».
Чакаць пэўнага статусу ў Польшчы нашмат прыемней, чым сядзець у беларускай турме
Спадар Ілля – былы палітвязень. Ён ужо больш за год жыве ў Польшчы і ўвесь гэты час чакае рашэння аб наданні яму статусу міжнароднай аховы. Згадвае, што першыя шэсць месяцаў даводзілася цяжкавата, паколькі не было доступу да працы, але потым працаваць дазволілі, і жыццё заўважна змянілася.
Суразмоўца ўказвае яшчэ на адну важную рэч: увесь гэты час ён мае права на бясплатнае медыцынскае абслугоўванне. Цікаўлюся, ці цяжка столькі часу чакаць пэўнага статусу і быць увесь час у такім падвешаным стане.
– Мне гэта не цяжка, хаця прысутнічае такое пачуццё, што знаходзішся ў нейкім падвешаным стане. Але гэта больш прыемна, чым сядзець у беларускай турме. Таму знаходзіцца тут у статусе чакання рашэння – гэта нашмат прыемней.
Працы хапае, але яе варта рабіць сумленна
Спадар кажа, што, прыехаўшы ў Польшчу, пачаў прыглядацца, цікавіцца і думаць, як будзе зарабляць на жыццё. У прынцыпе, паводле яго, гэта было не самым складаным.
– Я, напэўна, ужо праз месяц пасля таго, як прыехаў у Польшчу, вызначыў, што мне патрэбна. Наўпрост здаў экзамен на электрыка, атрымаў дазвол на выкананне працаў, звязаных з электрычнасцю, а потым, атрымаўшы дазвол на працу ў Польшчы, адразу пачаў працаваць. Стала трохі лягчэй, паколькі праца кваліфікаваная і нядрэнна аплочваецца – лепш, чым на складзе ці ў краме.
– І цяпер з гэтага можна пражыць?
– Гэта няпроста, але так. Цяпер ёсць магчымасць пайсці працаваць па ўмове аб працы альбо па ўмове злецэння, як тут кажуць. Але я ўсё жыццё прывык працаваць сам на сябе, а таму імкнуся выконваць працы па індывідуальным падрадзе, паколькі яшчэ не магу зарэгістравацца як індывідуальны прадпрымальнік.
– А заказы знайсці не складана?
– Працы хапае, але і ахвотных канкурэнтаў таксама шмат. А таму кожную працу трэба выконваць як найлепей, каб людзі гэта бачылі і рэкамендавалі цябе як спецыяліста сябрам і знаёмым.
Хацеў гуляць у футбол – стварыў сваю каманду
Апроч таго, што спадар Ілля працуе, ён надалей застаецца чалавекам актыўным з шматлікімі інтарэсамі. Разам з іншымі беларускімі і ўкраінскімі эмігрантамі стварыў у Познані футбольную каманду, якая гуляе тут у аматарскай лізе.
– Я вельмі люблю футбол, і калі прыехаў у Польшчу, вельмі хацелася пагуляць, але не мог знайсці, дзе і з кім. Спрабаваў шукаць, але нічога не атрымлівалася, а таму вырашыў са сваім сябрам – ён украінец – стварыць свой футбольны клуб. На сённяшні дзень мы двойчы на тыдзень арэндуем футбольнае поле, маем каманду, якая гуляе ў аматарскай лізе. У нас вялікая супольнасць – больш за 200 чалавек. Украінцаў там, праўда, больш, чым беларусаў, бо іх наогул у Познані больш. Цяпер гэта вельмі прыемная супольнасць, якую я фактычна сам стварыў.
У былых палітвязняў часта хворая душа
Але і гэта яшчэ не ўся дзейнасць, у якую занырнуў спадар Ілля. Ён з’яўляецца ментарам у ініцыятыве Вольныя і дапамагае былым палітвязням знайсці сваё месца ў новым жыцці. Прызнаецца, што гэта няпростая праца, паколькі ў людзей пасля беларускіх турмаў хворае не толькі цела, але вельмі часта і душа. Многія з іх адмаўляюцца ад дапамогі, хаця відавочна, што яна ім вельмі патрэбная.
Цікаўлюся ў спадара Іллі, ці здолеў ён сам аднавіцца пасля беларускай турмы.
– Што датычна мяне, то мая гісторыя трошкі адрозніваецца ад тых, калі мы чуем, што людзей групамі вывозяць і выкідваюць за мяжу. Іх ніхто не пытаў, ці хочуць яны туды. А ў маёй сітуацыі я сам прымаў такое рашэнне: вырашыў, што выеду з Беларусі нелегальна і цалкам абарву з ёй усе сувязі. І гэта было рашэнне, пасля якога не будзе ніякай магчымасці адгарнуць усё назад. Таму, магчыма, мне і прасцей, бо я ведаў, на што іду і якія будуць наступствы. Я ўжо больш за год у Польшчы і амаль ні разу не ўзгадваў Мінск нейкім добрым чынам. Для мяне Мінск застаўся, на жаль, толькі чорным месцам у памяці. Для мяне Мінск – гэта толькі СІЗА, Акрэсціна і ўсё…
Слухаючы спадара Іллю, міжволі думаеш, як жа шмат яму давялося перажыць, і здзіўляешся, колькі сілаў ёсць у чалавека, каб не здацца перад усімі цяжкасцямі, а хацець жыць і змагацца.
Павел ЗАЛЕСКІ
слухайце аўдыё