Колькасць ахвяр савецкіх рэпрэсій у Беларусі ў сталінскі перыяд велізарная, але дакладную лічбу цяжка вызначыць з увагі на засакрэчанасць архіваў. Паводле ацэнак, толькі ў Курапатах пад Мінскам было забіта ад 200 тыс. да 250 тыс. чалавек.
На думку літаратуразнаўцы Марыны Казлоўскай, гэты час варта асэнсоўваць у літаратуры і мастацтве, бо гэта вузлавая падзея ХХ стагоддзя, якая зрабіла найбольшы ўплыў на свядомасць і лад думак беларусаў, і пры гэтым засталася неасэнсаванай у беларускай традыцыі.
Без гэтага, зазначае наш суразмоўца, нельга пераадолець таго, што называецца трансгенерацыйнай траўмай.
— Ёсць такое паняцце як трансгенерацыйная траўма — нейкая траўмуючая, страшная падзея, настолькі страшная, што пра яе нельга гаварыць, якая перадаецца ў спадчыну наступным пакаленням. І гэтыя пакаленні не могуць жыць шчасліва, не могуць жыць годна, у дастатку — нешта ўвесь час не атрымліваецца, бо не вырашаная вось тая спадчынная праблема. І для нас, як ні здаецца, такой праблемай выступаюць акурат сталінскія рэпрэсіі, якія закранулі літаральна кожную сям’ю, але пры гэтым замоўчваюцца, бо ў спадчыну нам дастаўся страх.
І менавіта агучванне гэтай праблемы, асэнсаванне яе можа дазволіць нам запусціць унутры сябе працэсы развіцця, руху і вызвалення ад мінулага, якое, на жаль, мы бачым, сёння паўтараецца.
Марына Казлоўская. Фота аўтара
Калі мы гаворым пра сталінскія рэпрэсіі, то першае, што прыходзіць у галаву, – гэта Курапаты, другое – гэта Ноч расстраляных паэтаў 1937 года. Але ж не толькі гэта.
— У Мінску, нават калі браць толькі сталіцу, вядома некалькі месцаў, звязаных з масавымі расстрэламі і пахаваннямі парэшткаў: гэта і Лошыцкі яр, і парк Чалюскінцаў.
Калі ж глядзець на краіну ў цэлым, то, безумоўна, у кожным большым ці меншым горадзе было сваё месца, якое, на жаль, не стала месцам памяці. Ёсць Кабылякі ў Оршы — такіх месцаў шмат. І аднавіць гэтыя месцы яшчэ складаней, чым аднавіць імёны і колькасць людзей, якіх закранулі рэпрэсіі і якія ў іх працэсе страцілі жыццё.
А калі гаварыць пра беларускую літаратуру і мастацтва, ці прысутнічае гэтая тэма?
— Так, гэтая тэма ўсё ж з’яўляецца. Можна вылучыць некалькі напрамкаў, некалькі працэсаў у літаратуры, калі пра гэта стала магчымым гаварыць.
Адзін з першых твораў у еўрапейскай літаратуры, які з’явіўся, — гэта «У кіпцюрох ГПУ» Францішка Аляхновіча — тэкст, датаваны 1934 годам. Гэта адно з першых сведчанняў чалавека, які пабываў у гэтай сістэме. Гэта нон-фікшэн, як бы мы цяпер сказалі, лагерны нон-фікшэн.
І адна з плыняў у літаратуры, якая існуе ў нас сёння, — гэта акурат лагерная мемуарная проза. Тут можна прыгадаць і «Споведзь» Ларысы Геніюш, і «Зона маўчання» Сяргея Грахоўскага. Аповесці Барыса Мікуліча — гэта цэлы пласт літаратуры, які так і не стаў для беларусаў настольнай кнігай — прачытанай, асэнсаванай і засвоенай.
З іншага боку, ёсць так званая «вернутая літаратура» — тэксты рэпрэсаваных пісьменнікаў, якія пачалі перавыдавацца ў 1950-я гады. Вельмі актыўна гэты працэс ішоў у 1990-я, калі, здавалася, што ўжо можна і прыйшла сапраўдная свабода. Але і сёння, у тым ліку дзякуючы Дню памяці Ночы расстраляных паэтаў, які аб’ядноўвае, знаходзяцца, друкуюцца і актуалізуюцца гэтыя тэксты.
Ёсць і мастацкая літаратура на гэтую тэму. І тут варта найперш прыгадаць тэксты двух нашых народных пісьменнікаў. Гэта Янка Брыль і яго аўтабіяграфічная аповесць «Муштук і папка» — пра гісторыю яго старэйшага брата і пра адкрыццё гэтай траўмы на ўзроўні ўласнай сям’і.
І гэта некалькі твораў Васіля Быкава — «Жоўты пясочак», «Аблава» і «Знак бяды», дзе таксама закранаецца трагічны досвед сталінскіх рэпрэсій.
З Марынай Казлоўскай размаўляў Яраслаў Іванюк.
слухайце аўдыёфайл