Беларуская Служба

Беларуская бібліятэка ў Кракаве: прастора, дзе захоўваецца мова і памяць

26.03.2026 07:02
Беларусы ў Кракаве ствараюць уласныя культурныя асяродкі — ад бібліятэк да фестываляў. Гэта не проста кнігі, а спосаб захаваць сувязь з домам і падтрымаць адно аднаго ў эміграцыі.
Аўдыё
  • Беларуская дыяспара ў Кракаве стварае ўласныя культурныя прасторы — ад фестываляў да бібліятэк.
КракаўБеларуская служба Польскага радыё/П.Залескі

— Каця, вы стварылі беларускую бібліятэку ў Кракаве для беларускіх эмігрантаў. Значыць, быў попыт на гэта?

— Так, фактычна так. Мы шчыльна супрацоўнічаем з беларускім таварыствам у Кракаве. Яны стварылі для нас месца, і там месціцца наш кнігазбор. Асноўныя наведвальнікі, вядома, беларусы, але часам прыходзяць і палякі, якія больш адкрытыя да беларусаў. Ёсць у нас таксама некалькі палічак у польскіх бібліятэках — мы так размеркавалі, каб чытачы з іншых раёнаў горада маглі мець бліжэй да сябе беларускія кнігі.

— Што ў вашым бібліятэчным фондзе можна знайсці і наколькі ён вялікі?

— На гэты момант маем крыху больш за 700 кніг. У асноўным, вядома, гэта сучасныя выданні — іх лягчэй набыць, бо яны выходзяць тут, у замежжы. Ёсць і некаторыя пярлінкі, якія чытачы нам самі прыносяць у падарунак. Тут жывуць людзі, якія некалі былі звязаныя з Беларуссю, і перадаюць у фонд больш старыя выданні. Цікавыя сустракаюцца кнігі, напрыклад, як выданне Ластоўскага. Ёсць і дзіцячыя кнігі — усё па-беларуску, пераважна, альбо на некалькіх мовах.

— А як з чытачом?

— Па-рознаму, але мушу сказаць, што не было такога тыдня, каб ніхто не прыйшоў. З-за таго, што мы супрацоўнічаем з беларускай прасторай, людзі прыходзяць сюды на мерапрыемствы і заходзяць у бібліятэку. Чытач ёсць, людзі зацікаўленыя. І дзеці зацікаўленыя ў роднай літаратуры.

— А што беларускага чытача ў Кракаве цяпер цікавіць з кніг?

— Складана адназначна сказаць, бо зацікаўленасці розныя. Бяруць тое, што актыўна на слыху. Чытаюць класіку — Караткевіч у нас ніколі не затрымліваецца. Рознае чытаюць, але ў асноўным тое, пра што ідзе гаворка ў медыях.

— Чытач таксама розны, як вы заўважылі, ад дзяцей да дарослых…

— Так, ёсць і зусім малыя дзеткі. І вельмі цікава назіраць, як яны на нашых вачах растуць, развіваюцца, гадуюцца і размаўляюць па-беларуску ў Польшчы.

— А якім чынам вы папаўняеце свой бібліятэчны фонд?

— Нешта набывалася за ўласныя сродкі, нешта дарылі сябры і знаёмыя. Удавалася знаходзіць гранты, каб нейкім чынам інтэнсіфікаваць гэты працэс, бо кнігі наогул нятанныя.

— Каця, а як вы ўспрынялі навіны пра тое, што беларускіх выдаўцоў за мяжой прылічылі да экстрэмістаў, а тых, хто быў у Беларусі, арыштавалі?

— Гэта вельмі прыкрыя для мяне навіны, і відаць, што беларускія ўлады бачаць пагрозу ў слове. Што слова мае моц, што кніга мае моц адукоўваць людзей. І мне балюча чытаць такія навіны, асабліва калі гаворка ідзе пра Беларусь, бо людзі, якія там распаўсюджвалі кнігі, потым трапляюць за краты. Гэта ніяк не ўкладваецца ў галаве.

— А ў Кракаве, апроч бібліятэкі, што яшчэ стварылі беларускія эмігранты?

— Вось у нас ёсць адна асноўная беларуская прастора. Яна знаходзіцца практычна ў цэнтры Кракава. У гэтай прасторы адбываецца шмат розных культурніцкіх падзей: “Мова нанова”, гістарычныя клубы, адукацыйныя заняткі, можна знайсці нават ёгу па-беларуску. Ёсць у нас таварыства “Крок”, якое штогод займаецца арганізацыяй такой падзеі, як “Пікнік Летуцень”, куды з’язджаецца шмат беларусаў з розных закуткоў замежжа.

— Карацей, калі ты беларус, то ў Кракаве знойдзеш сабе шмат чаго беларускага?

— Так, сто адсоткаў, толькі трэба крыху пашукаць, бо мы дагэтуль сустракаем беларусаў, якія ніколі пра нас не чулі. Але ўсе кажуць, што ў нас вельмі ўтульна і цікава.

— Каця, а як вы асабіста пачуваеце сябе ў эміграцыі?

— Трэба прызнацца, што бывае па-рознаму. Бываюць і больш складаныя моманты. Нядаўна ў мяне памёр тата, і гэта быў вельмі балючы досвед. Але ў асноўным імкнёмся жыць, грэемся адзін аб аднаго, падтрымліваем адзін аднаго і не губляем веры ў тое, што ўсё, што тут робіцца, — усё недарма. Беларусь — там, дзе мы, і мы таксама можам тут нешта рабіць для Беларусі.

— А па чым сумуеце?

— Сумую. Мне не перастае сніцца мой родны горад, і заўсёды гэта такое шчымлівае пачуццё. Я вырашыла, што хоць у сне магу падарожнічаць дадому і сустракацца там з роднымі. Кажуць, што ёсць два тыпы эмігранцкіх сноў: нехта ў іх трапляе ў Беларусь і не можа выехаць, а я вось хачу туды трапіць і трапляю з вялікай радасцю. Вось так…

Павел ЗАЛЕСКІ

Ілюстрацыйны здымак з архіва спадарыні Кацярыны: Кракаў.