13 красавіка — Дзень памяці ахвяр Катынскага злачынства. Гэты дзень быў устаноўлены Сеймам Рэспублікі Польшча ў 2007 годзе ў гонар усіх ахвяр савецкага злачынства, учыненага савецкімі ўладамі з сакавіка 1940 года.
13 красавіка 1943 года ўвесь свет пачуў пра злачынства, учыненае саветамі. У гэты дзень немцы паведамілі пра адкрыццё магіл польскіх афіцэраў у лесе каля Катыні.
Трыма гадамі раней, вясной 1940 года, па рашэнні вышэйшых уладаў Савецкага Саюза было забіта амаль 22 тысячы ваеннапалонных, якія знаходзіліся ў палоне пасля ўступлення Чырвонай Арміі ў Польшчу ў верасні 1939 года. Сярод іх былі салдаты Войска Польскага, прафесары, лекары, юрысты і інжынеры. Яны прадстаўлялі эліту краіны, яе абарончы, інтэлектуальны і творчы патэнцыял.
Вязні былі забітыя стрэламі ў патыліцу. Ахвяры былі пахаваны ў брацкіх безыменных магілах у Катыні, Харкаве і Медным. Расстрэлы адбываліся з красавіка па май 1940 года.
З 2020 года амаль штогод перад святкаваннем Дня памяці ахвяр Катынскага расстрэлу Федэральная служба бяспекі Расіі раскрывае новыя «доказы» таго, што масавыя забойствы амаль 22 тысяч палякаў у Смаленскай вобласці вясной 1940 года былі здзейснены не саветамі, а нацыстамі. Пракрамлёўскія СМІ, якія публікуюць гэтыя адкрыцці, і дэпутаты Дзяржаўнай думы, якія выступаюць за адмену рэзалюцыі 2010 года, якая абвясціла Катынскі расстрэл злачынствам сталінізму, падтрымліваюць расійскія спецслужбы.
Такі падыход тлумачыцца тым, што палітыка Расіі, па-першае, агрэсіўная, па-другое, постімперыялістычная, гаворыць дырэктарка Замежнага Вяшчання Польскага радыё Наталля Брыжка-Запур:
— Імперыя спрабуе неяк адрадзіцца, што, на маю думку, не атрымаецца. Адпаведна, яна зноў фальсіфікуе гісторыю, па сутнасці вяртаецца да таго, што ўжо было. Тое, што ненадоўга з'явілася ў Расіі пры Гарбачове і Ельцыне, падчас тых вялікіх пераменаў мінулага стагоддзя — адкрыццё абсалютна забароненых тэм для грамадскасці — цяпер інтэнсіўна і хутка адмаўляецца. Усе — экстрэмісты. Мне гэта знаёма ўжо амаль дзесяць гадоў. Я працавала ў Санкт-Пецярбургу дырэктарам Польскага інстытута, і пасля анэксіі Крыма і пачатку вайны на Данбасе палітыка істотна змянілася, у тым ліку і ў дачыненні да гістарычнай памяці. Напрыклад, тады забаранілі паказ фільм Вайды «Катынь», які раней шырока паказвалі ў кінатэатрах. Паказ з нашай дапамогай ладзіў «Мемарыял». Паказ для 15-20 чалавек. Даволі груба было сказана, што гэта парушэнне нейкага выдуманага закона, невядома якога. І нягледзячы на адмену паказу, паліцыя і пракуроры прыйшлі тады ў «Мемарыял», а гэта было дзесяць гадоў таму. Таму той факт, што на днях «Мемарыял» быў абвешчаны экстрэмісцкай арганізацыяй, на жаль, не зʼяўляецца нечаканасцю. Усё гэта адпавядае цяперашняй палітыцы Крамля.
У Катыні расіяне арганізавалі выставу пад назвай «Дзесяць стагоддзяў польскай русафобіі». Паводле слоў арганізатараў, яна мае на мэце прадставіць «інтэрпрэтацыю польска-расійскіх адносін на працягу стагоддзяў», каб паказаць «нянавісць польскіх дзяржаўных эліт да Расіі і рускай нацыі», а таксама яе праявы ў канкрэтных гістарычных дзеяннях. У якасці прыкладаў прыводзяцца «акупацыя расійскіх тэрыторый», а таксама дзеянні палякаў супраць рускага і беларускага насельніцтва.
Наратыў, прадстаўлены на выставе, упісваецца ў прапагандысцкую палітыку Расіі, мэтай якой, сярод іншага, пераасэнсаванне падзей 20-га стагоддзя і адносін краіны з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі.
У гэтым кантэксце Наталля Брыжка-Запур згадвае яшчэ адну спробу расіян змяніць гісторыю.
— Гэта быў год Новака-Езяранскага ў Польшчы. Як інстытут, мы апублікавалі невялікую брашуру з яго творамі, у якой таксама быў тэкст пра Катынь. Увесь тыраж быў арыштаваны, адбыўся нейкі дзіўны суд. Брашура была такая маленькая, а нам даслалі велізарны партфель матэрыялаў, розных следчых камітэтаў і г.д., якія ўжо тады афіцыйна даказвалі, чорным па белым, што Катынскага расстрэлу не было, то бок што ён сапраўды быў, але былі адказныя немцы. Вельмі рэзкі пасыл 10 гадоў таму, таму давайце не здзіўляцца таму, што адбываецца зараз.
«Мемарыял» лічыць, што люты 2022 года (пачатак расійскага ўварвання ва Украіну) паклаў пачатак зусім новаму этапу ў палітыцы РФ адносна абʼектаў, звязаных з савецкім тэрорам, і, у цэлым, памяці пра савецкі тэрор.
З вясны 2022 года «Мемарыял» вядзе базу дадзеных і адсочвае, што адбываецца з абʼектамі, прысвечанымі савецкаму тэрору. Паводле арганізацыі, польскія абʼекты адносяцца да тых, хто пацярпеў найбольш. За гэты час «Мемарыял» зафіксаваў 21 выпадак апаганьвання польскіх помнікаў у розных рэгіёнах Расіі. Адначасова дадаецца, што гістарычная палітыка дзяржавы рыхтавалася да гэтага яшчэ раней. Адной з прычын такіх дзеянняў, на думку актывістаў «Мемарыяла», зʼяўляецца немагчымасць прызнаць міжнародныя злачынствы, учыненыя савецкімі ўладамі.
Дырэктарка Замежнага вяшчання Польскага радыё Наталля Брыжка-Запур гаворыць, што гэта чарговы доказ таго, што пра Катынь можна гаварыць у кантэксце вайны ва Украіне.
— Ушанаванні памяці ахвяр Катыні пакуль праходзяць толькі ў Польшчы. Вядома, могілкі наведвае дэлегацыя пасольства і дэлегацыя дыпламатаў, але работы па кансервацыі не могуць быць належным чынам праведзены. Помнік смаленскай катастрофе, якая забрала жыцці столькіх людзей у 2010 годзе, таксама не ўдалося завяршыць. Таму, вядома, гэта толькі ўступ да агульнай сітуацыі, калі казаць пра адносіны паміж Расіяй і Польшчай, ды і паміж Расіяй і Еўропай у цэлым. Аднак найбольш рэзкай сітуацыяй і прыкладам гэтай палітыкі зʼяўляецца вайна ва Украіне.
Нішчэнні польскіх помнікаў Расія тлумачыць працэсам дэмантажу помнікаў савецкіх жаўнераў у краінах, якія калісьці знаходзіліся ў сферы ўплыву СССР. Гэта жудасна цынічна, бо сама Расія прызнае, што помнікі савецкім салдатам, якія стаялі ў многіх краінах, не былі помнікамі канкрэтным асобам. Гэта была проста прапагандысцкая зброя.
Польшча ніколі не знішчала месцаў памяці, гаворыць Наталля Брыжка-Запур.
— Мы не знішчаем месцы памяці, такіх прэцэдэнтаў няма. Мы прыбіралі помнікі, а не мемарыялы. Гэта помнікі, прысвечаныя Савецкаму Саюзу. Сапраўды, пасля Ялцінскіх пагадненняў Польшча трапіла ў сацыялістычны лагер і не змірылася з гэтым. Некаторыя помнікі былі прыбраныя. Аднак у нас даўно дзейнічаюць вельмі строгія законы аб ахове ўшанавання памяці, вайсковых могілак і ваенных мемарыялаў, і яны ахоўваюцца і добра даглядаюцца. Некаторыя выпадкі вандалізму, калі яны адбываюцца, вельмі сурова пераследуюцца, таму такой праблемы тут зусім няма.
Хлусня на тэму Катынскага расстрэлу служыць для ўмацавання пазіцый Пуціна і яго прыхільнікаў і для апраўдання вайны ва Украіне. Гэта не новая зʼява, аднак метады расійскай прапаганды мяняюцца.
ав
слухайце аўдыё