«Як адаптавацца да змен і застацца ў рэсурсе», «Фінансавая граматнасць», «Польская мова для паўсядзённага жыцця», «Здаровае харчаванне і дабрабыт» — гэта толькі некаторыя курсы, зладжаныя на працягу апошніх некалькіх месяцаў у рамках працы Беларускага Універсітэту Залатога Веку ў Польшчы.
Заняткі праходзілі ў Варшаве, Гданьску, Беластоку і Вроцлаве. На іх запісалася звыш паўтары сотні беларусаў сталага веку. Установа працавала раней каля 15 гадоў у Гродне, але, калі яе заснавальнікі Лана і Вітаўт Руднікі былі прымушаныя з’ехаць з Беларусі, яны перанеслі ідэю ў Польшчу. А тут заняткі неабходна было ладзіць крыху інакш, паколькі сітуацыя беларусаў іншая, — гаворыць Вітаўт Руднік.
— Мы доўга вагаліся, ці пачынаць. Тут іншая сітуацыя — там прыходзілі на заняткі людзі, якія ўжо не працавалі, мелі ўласныя хаты і не мелі збольшага вялікіх матэрыяльных праблем. У Польшчы людзі ў іншай сітуацыі — тут складаней з пытаннямі легалізацыі, дабрабыту, жывуць пераважна на здымных кватэрах. І гэта накладвае спецыфіку на тое, што ў нас адбываецца. Мы перанеслі, на нашу думку, лепшыя рэчы — між іншым, што мы працуем не «для», а «разам». Таму многія заняткі вядуць самі сталыя людзі. Гэта інтэрактыўны фармат — не проста лекцыі, а дыскусіі. І галоўнае — стаўленне з павагай да сталых людзей, мы не называем іх ні «бабулямі», ні «дзядулямі». Нашы студэнты развіваюцца разам з намі, мы ад іх вучымся.
Вітаўт Руднік.
У першы сезон працы ўніверсітэту быў зладжаны 31 курс. Лана Руднік казала пра неверагоднае ўключэнне саміх беларусаў у заняткі, асабліва арганізатараў уразіла актыўнасць вядучых курсаў, якія працавалі выключна добраахвотна — каля 60 чалавек.
Слухачам падабалася розная тэматыка курсаў, перш за ўсё вялікай папулярнасцю карысталіся псіхалагічныя заняткі, абслугоўванне электронных прыладаў і курсы па беларускай традыцыйнай кухні.
Маргарыта: Я выбрала па псіхалогіі заняткі — вельмі цікавыя, пра фінансы, карыстанне смартфонам — супер. І асабліва традыцыйная беларуская кухня. Дранікаў мы не пяклі, пра іх усе ведаюць. Там былі такія стравы, што гэта было адкрыццё. Я жыла ў Беларусі, у мяне ёсць кніжкі па беларускай кухні — там такіх не было. Мы рабілі вельмі смачныя стравы, супы, грушы ў цесце — я іх сёння зрабіла і прынесла на наш «выпускны».
Святлана: Я з Беларусі выязджала, калі не была яшчэ пенсіянеркай, пенсійны ўзрост «нагнаў» мяне ў Польшчы, хаця па польскім заканадаўстве я яшчэ не пенсіянерка (у Польшчы выходзяць на пенсію: жанчыны ў 60 гадоў, мужчыны – у 65 – рэд.). І ў Беларусі мне не ўдаецца аформіць пенсію, таму прыходзіцца працаваць. І таму цяжка было спалучаць з заняткамі. Вельмі шмат цікавых тэм было, я б хадзіла на ўсё. І па псіхалогіі, і па Інстаграме. Вельмі шмат ёсць тэхналогій, а мы іх не ведаем. Мне вельмі хацелася б спалучаць тэхналогіі з рукадзеллем. І мяне вельмі цікавіць гісторыя і культура, як яны ўзаемазвязаны. Не так даўно я ўспомніла Барадуліна і мне стала балюча-балюча. Каб больш было такіх Барадуліных, можа і мы па-іншаму жылі б, і ў Польшчу прыязджалі б толькі турыстамі.
Фота: нг
Яўген Скарабутан заснаваў у Варшаве кавярню «Какао». Ён распавёў, што ў яе прыходзіць шмат беларусаў, у тым ліку нямала асоб сталага веку, якія не ўмеюць карыстацца сучаснымі электроннымі прыладамі. Таму ён разумее, наколькі гэта важна — вучыць людзей рэчам, якія маладым здаюцца цалкам элементарнымі, а для пажылых могуць быць вялікім выклікам.
На сустрэчу прыйшоў і нашчадак славутага ў Вялікім Княстве Літоўскім роду Радзівілаў Мацей Радзівіл (Maciej Radziwiłł). Ён пагадзіўся распавесці беларусам у Варшаве — слухачам універсітэту — пра багатую гісторыю сваёй сям’і, неразрыўна звязаную з Беларуссю.
— Я падтрымліваю культуру ў розных месцах, таму ўсе такія ініцыятывы мне блізкія. Сёння я ўпершыню назіраю за дзейнасцю Беларускага Універсітэту Залатога Веку. Я лічу, што гэта выдатна, калі беларуская супольнасць у Польшчы можа інтэгравацца. Сюды прыходзяць людзі сярэдняга ўзросту і больш пажылыя. Вельмі важна, каб яны мелі нейкую культурную прапанову. У наступным сезоне працы ўніверсітэту я планую распавесці яго слухачам пра гісторыю роду Радзівілаў. Як вядома, наш род звязаны з беларускім Нясвіжам, гэта найважнейшае месца для маёй сям'і, важнае таксама для Беларусі, паколькі гэта адзін з важнейшых абʼектаў спадчыны і культуры дзяржавы. Таму я вельмі рады быць тут сёння і бачыць яшчэ адну цікавую беларускую ініцыятыву ў Польшчы.
Арганізатары заняткаў стараюцца, каб яны адбываліся па меры магчымасці на беларускай мове. Гэты прынцып яны прынялі за аснову сваёй працы яшчэ ў Беларусі, і імкнуцца яго захоўваць таксама ў Польшчы. Яны супрацоўнічаюць з партнёрамі — між іншым, Беларускім Моладзевым Хабам, Фондам Захад Усход Падтрымка, атрымліваюць дапамогу таксама з польскіх устаноў — з Грамадзянскага Фонду імя Людвікі і Генрыка Вуйцаў ды Польска-Амерыканскага Фонду Свабоды.
Слухайце далучаны гукавы файл
нг