Беларуская Служба

Стваральнік Беларускага ўніверсітэта залатога веку расказвае, як спрабавалі заахвоціць мужчын хадзіць на заняткі

15.05.2026 17:03
Па статыстыцы, больш за 90% — студэнткі. Так усюды. У беларусаў, украінцаў, палякаў часта гэтая прапорцыя яшчэ меншая.
Аўдыё
  • Гутарка з заснавальнікам Універсітэту залатога веку Вітаўтам Руднікам.
 .
Вітаўт Руднік.Фота: Беларуская служба Польскага радыё/Наталля Грышкевіч

Вітаўт Руднік быў адным з заснавальнікаў Універсітэта залатога веку ў Беларусі. Каля 15 гадоў таму адукацыйная ўстанова для сталых людзей пачала працаваць у Гродне, пазней ініцыятыву падхапілі іншыя гарады. На жаль, пасля падзей 2020 года Вітаў разам з жонкай былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. Яны доўга вагаліся, ці працягваць працу ўніверсітэта ў Польшчы, паколькі сітуацыя пажылых беларусаў тут значна адрозніваецца — многім прыходзіцца працаваць нават на пенсіі, здымаць кватэру, у людзей мала свабоднага часу. І ўсё ж такі ў гэтым сезоне Беларускі ўніверсітэт залатога веку запрацаваў у Польшчы  агулам у чатырох гарадах, у тым ліку ў Варшаве.

Мы спыталі ў Вітаўта Рудніка, якія тэмы перш за ўсё цікавяць удзельнікаў заняткаў. Ці яны самі прапануюць тэматыку?

— Тэмы вызначаюцца двума шляхамі. Мы правялі апытанне, у якім паўдзельнічала больш за 100 чалавек. Яны пісалі, якія тэмы ім цікавыя. Усе ўдзельнікі пісалі: беларуская мова, гісторыя і культура ды польская мова, гісторыя і культура. І рэчы, звязаныя з псіхалагічным і фізічным здароўем. Па-другое, мы арыентуемся на тэмы, якія прапануюць нашы выкладчыкі. Таму ў некаторых гарадах ёсць і тэатр, і курс для аматараў кнігі, і курс для аматараў скандынаўскай хадзьбы. Таму стараемся браць тэмы, якія цікавыя і студэнтам, і даюць магчымасць убачыць цікавых выкладчыкаў.

— Гледзячы на вашых удзельнікаў, нельга сказаць, што гэта людзі ў сталым узросце, прынамсі душой яны вельмі маладыя. Бачна, што ім яшчэ хочацца вучыцца. Як вам удаецца знаходзіць такіх энтузіястаў?

 Хочацца спадзявацца, што гэта рыса беларусаў. Нам пакуль што не ўдаецца знаходзіць шмат людзей. Хаця мы настройваліся на горшы вынік  думалі, што калі набяром па 20 чалавек у кожным горадзе, будзе выдатна. А запісалася больш за 160 студэнтаў, спадзяёмся, што пасля першага сезону будуць далучацца новыя. Мы адкрытыя таксама да людзей з іншых краін, хаця большасць заняткаў у нас на беларускай мове. Дарэчы, нашы польскія партнёры здзіўляюцца: “Гэта вашы пенсіянеры!?”. У польскія ўніверсітэты сталага веку ходзяць людзі ва ўзросце 60+. Мы больш маладыя на іх фоне.

— А якую дапамогу вам аказвае польскі бок?

 Мы ўдзячныя польскім партнёрам  як асобным людзям, так і арганізацыям, якія даюць фінансаванне. Наш універсітэт пачынаўся з трансфармацыі польскага досведу. У 2009 годзе я падгледзеў ідэю ў Уроцлаве, трансфармавалі яе ў беларускую мадэль. Да гэтага часу мы атрымліваем падтрымку ад тых людзей, з якімі мы пачыналі. У мінулым годзе нас падтрымаў Фонд адукацыі для дэмакратыі, які дапамог зрабіць даследаванне патрэб сталых беларусаў, правесці акадэмію лідараў, стварыць ініцыятыўныя групы. Дзякуючы падтрымцы мы маглі ў студзені гэтага года распачаць працу ў чатырох гарадах, хаця планавалі спачатку ў двух. Нас падтрымаў Грамадзянскі фонд (Fundusz Obywatelski), дзякуючы чаму мы маглі набыць канцтавары для заняткаў і нейкі сімвалічны перакус.

— Яшчэ адна задача  актывізаваць больш мужчын. Ці спрабавалі вы гэта зрабіць? На такія заняткі заўсёды ходзіць значна больш жанчын.

 Гэта трэнд ва ўсім свеце. Па статыстыцы, больш за 90%  студэнткі. Так усюды. У беларусаў, украінцаў, палякаў часта гэтая прапорцыя яшчэ меншая. Ёсць розныя прычыны. Некаторыя банальныя  горшае здароўе мужчын, яны менш жывуць. Жанчыны больш адкрытыя да новых ведаў, больш смелыя  гэта мае назіранні. Мы спрабавалі розныя спосабы яшчэ ў Беларусі  і клуб рыбакоў, і клуб аматараў брыджа стваралі. На брыдж не прыйшлі мужчыны, а прыйшлі жанчыны, у клуб шахматыстаў і шашыстаў прыходзілі і мужчыны, і жанчыны, але чэмпіёнкамі станавіліся жанчыны, магчыма, з-за гэтага мужчыны камплексавалі і сыходзілі. Мы стараемся, каб мужчын было больш, і як добры прыклад паказваем тых студэнтаў, якія прыйшлі да нас.

Размаўляла Наталля Грышкевіч