Каталіцкі касцёл у Польшчы змагаецца з крызісам пакліканняў. Шмат сведчыць аб тым, што ў наступным годзе, напрыклад, у Гнезненскай архідыяцэзіі ніхто не прыме святарства. Гэта першая такая сітуацыя з часоў Другой сусветнай вайны, паведамляе сайт interia.pl.
Кадравыя пытанні становяцца ўсё больш складанай задачай для Касцёла. Зніжэнне колькасці пакліканняў у Польшчы працягваецца ўжо шмат гадоў. У некаторых дыяцэзіях сітуацыя ўжо беспрэцэдэнтная.
Напрыклад, у Гнезненскай архідыяцэзіі, якая лічыцца гістарычным цэнтрам Каталіцкага касцёла ў Польшчы, у наступным годзе не будзе святарскіх высвячэнняў. У мінулым годзе там былі высвечаны тры святары, а ў 2023 годзе — адзін.
Падобная сітуацыя па ўсёй краіне. 17 траўня ў Познані быў высвечаны адзін дыякан. У 2023 годзе прымас Польшчы, арцыбіскуп Войцех Поляк, прыпыніў дзейнасць Вышэйшай семінарыі ў Гнезне і перанёс падрыхтоўку семінарыстаў у Познань. Будынак семінарыі ў Гнезне ў цяперашні час служыць цэнтрам навучання, канферэнцый і рэкалекцый. Семінарысты з Быдгашча і Каліша таксама зараз вучацца ў Познані.
Колькасць духавенства скарачаецца
Крызіс пакліканняў прыводзіць да скарачэння колькасці духавенства па ўсёй краіне. Старэйшыя святары выходзяць на пенсію, і няма каму іх замяніць. Гэтую тэндэнцыю пацвярджаюць лічбы.
Паводле звестак Інстытута статыстыкі Каталіцкага касцёла, паміж 2018 і 2024 гадамі колькасць святароў, якія служылі ў парафіях, скарацілася на 11,7 працэнта. У 2025 годзе, паводле звестак Касцёла, у Польшчы было 23 000 дыяцэзіяльных святароў.
У сваю чаргу паводле звестак Галоўнага статыстычнага ўпраўлення(GUS), у Польшчы служаць 24 998 духоўных розных канфесій. Упершыню ў гісторыі гэтая лічба апусцілася ніжэй за 25 000.
Хто будзе служыць Імшу?
Скарачэнне колькасці духавенства пачынае непасрэдна ўплываць на функцыянаванне парафій. Там, дзе калісьці служыла некалькі святароў, сёння засталося па адным ці двух. Падобная сітуацыя склалася як у жаночых, так і мужчынскіх ордэнах.
Ёсць некалькі прычын такой сітуацыі. З аднаго боку, зніжэнне даверу да Касцёла прывяло да таго, што моладзь не ідзе ў яго. З іншага боку, праблема, з якой сутыкаецца ўся краіна: дэмаграфічны спад, які становіцца ўсё больш відавочным. Паводле старонкі, ёсць шмат прыкмет таго, што гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца ў бліжэйшыя гады.
аз