Беларуская Служба

Адзін з польскіх гарадоў вырашыў плаціць за нараджэнне трэцяга і наступнага дзіцяці

04.06.2026 08:00
У Польшчы ўжо шмат гадоў назіраецца скарачэнне колькасці насельніцтва.
.
Ілюстрацыя.Фота: Pixabay.com

У выданні "Forsal" інфармацыя пра новую фінансавую падтрымку для бацькоў, але не ўсюды, а толькі ў адным польскім горадзе. 10 тысяч злотых можна будзе атрымаць адразу пасля нараджэння дзіцяці, незалежна ад даходаў. Праграма называецца «Maluszkowe» («Малыш»), яна пачне дзейнічаць 1 верасня 2026 года.

У Польшчы існуе аднаразовая дапамога пры нараджэнні дзіцяці («becikowe»), але гэта толькі 1000 злотых, і ёсць ліміт даходаў. Таму мала бацькоў карыстаецца гэтым відам падтрымкі. Асобныя мясцовыя органы ўлады прапануюць дадатковыя льготы, напрыклад, гміна Высокае Мазавецкае на Падляшшы — жыхары атрымліваюць тры тысячы злотых на нованароджанае дзіця.

У Польшчы ўжо шмат гадоў назіраецца скарачэнне колькасці насельніцтва, летась нарадзілася крыху больш за 238 тыс дзяцей. Амаль палова палякаў лічыць, што бацькі павінны атрымліваць больш падтрымкі ад дзяржавы, у тым ліку фінансавай, а існуючыя праграмы, такія як праграма «800+», недастатковыя для прыняцця рашэння аб стварэнні сям'і або нараджэнні дзіцяці, улічваючы высокі кошт жыцця. Таму мясцовыя ўлады, прызнаючы дэмаграфічны крызіс, спрабуюць прадухіліць яшчэ большую катастрофу.

Горад Сасновец рыхтуе праграму для бацькоў, якая ў дзесяць разоў перавышае стандартную дапамогу пры нараджэнні дзіцяці. Муніцыпалітэт выплаціць да 10 тысяч злотых за трэцяе і наступнае дзіця, якое народзіцца ў сям'і. Праграма пачне дзейнічаць 1 верасня 2026 года.

Няма лімітаў даходу, але для выплаты дапамогі павінны быць выкананы дзве ўмовы:

  • сумеснае пражыванне з дзецьмі ў Сасноўцу,
  • наяўнасць дзейнай гарадской карты.

З 1 студзеня 2027 года праграма будзе ахопліваць і сем'і, якія завядуць другое дзіця. Сума будзе меншай: адна тысяча злотых.

Заяўкі на атрыманне дапамогі можна падаваць на працягу шасці месяцаў з моманту нараджэння дзіцяці. Праграмай будзе кіраваць Гарадскі цэнтр сацыяльнай дапамогі ў Сасноўцу. Фінансаванне ажыццяўляецца з гарадскога бюджэту. Чыноўнікі спадзяюцца, што гэтая фінансавая падтрымка заахвоціць бацькоў заставацца жыць у горадзе.

нг