— Як даўно вы ўжо займаецеся выдавецкай дзейнасцю ў Познані?
— Мы лічым днём нараджэння выдавецтва 17 траўня 2025 года, калі выйшла наша першая кніга. Гэта турэмна-палітычны раман «РАЗ ДВА ТРЫ ЧАТЫРЫ ДВА» Пятра Уманскага. Кніга пра 2020 год у Беларусі, пра турму. Твор аўтабіяграфічны — гэта сведчанне чалавека, які сам перажыў падзеі 2020 года, крымінальны пераслед беларусаў і наогул тое, што тады адбывалася. Кніга стала паспяховай, паколькі летась атрымала прэмію Францішка Аляхновіча як найлепшы твор, напісаны ў зняволенні. І нядаўна стала вядома, што яна ўвайшла ў спіс намінантаў на прэмію Ежы Гедройця.
— Павел, а чаму вы вырашылі ў эміграцыі заняцца выдавецкай дзейнасцю? Гэта быў ваш асноўны занятак у Беларусі?
— У Беларусі з выдавецкай справай я быў звязаны шмат гадоў таму, яшчэ ў 90-х, але потым займаўся іншай дзейнасцю. У эміграцыю я трапіў толькі ў 2025 годзе, калі з’явілася магчымасць выехаць за мяжу. У вольнай краіне мне хацелася шмат прачытаць пра тое, пра што ў Беларусі прачытаць немагчыма. Але, калі пачаў шукаць такія кнігі, зразумеў, што мне бракуе гэтай літаратуры — сведчанняў звычайных беларусаў, якія перажылі падзеі 2020 года. Таму я вырашыў, паколькі ведаю гэтую справу, заняцца выданнем такой літаратуры. Так з’явіліся першыя кнігі аўтараў, якія былі палітвязнямі. Дарэчы, яшчэ некалькі такіх праектаў маем у планах.
— Вам гэтая тэматыка блізкая, бо вы самі былі палітвязнем?
— Так, і гэта, безумоўна, звязана з маім уласным досведам. Я вельмі добра ведаю, што мы тады перажылі. І разумею, што азначае для былога палітвязня прайсці асабістую псіхатэрапію. Не кожнаму чалавеку нават прафесійны псіхолаг можа дапамагчы пераадолець тыя сіндромы, з якімі ён сутыкаецца пасля зняволення і крымінальнага пераследу. Для мяне такой тэрапіяй з’яўляецца мая выдавецкая дзейнасць, а для аўтараў, якія пішуць кнігі, бывае вельмі важна выплеснуць свае думкі, перажыванні і турботы. І калі чалавек ужо нешта напісаў, то для яго важна, каб гэта не заставалася недзе ў шуфлядзе, а каб кніга пабачыла свет. Я бачыў вочы нашых аўтараў, калі яны трымалі ў руках свае кнігі, — гэта найлепшае задавальненне ад маёй дзейнасці.
— Гэта што датычыць аўтараў, а як сучасны чытач рэагуе на такую літаратуру?
— Па-рознаму. Гэта відаць, калі мы ўдзельнічаем у кніжных кірмашах і прэзентацыях кніг. Калі я распавядаю, што прапаноўвае наша выдавецтва, а гэта вельмі розныя кнігі, то некаторыя просяць: толькі не пра турму. Кажуць, што яшчэ вельмі баліць і не могуць чытаць такое. Але ёсць і тыя, хто мэтанакіравана хоча пра гэта даведацца. Часам гэта людзі, якія не мелі такога досведу, а часам — тыя, хто хоча зразумець, як гэта адбывалася ў іншых. Літаратура заўсёды звязаная з траўмай, а цяпер у беларусаў ёсць некалькі асабліва балючых траўмаў: па-першае, турэмны досвед, а па-другое — эміграцыя.
— Як на мой погляд, беларусы ў эміграцыі здолелі выдаць вельмі шмат рознай літаратуры. А вам, як выдаўцу, як здаецца: гэтая дзейнасць разгарнулася напоўніцу ці ўсё ж застаецца абмежаванай?
— Калі мы абмяркоўвалі гэта з іншымі выдаўцамі, то атрымліваецца, што самы вялікі выдавецкі ўсплёск быў у 2021–2023 гадах, калі беларуская супольнасць за мяжой была больш згуртаванай, калі людзі трымаліся разам і адбывалася шмат мерапрыемстваў. Цяпер уся гэтая дзейнасць крыху сцішылася. Выдаўцы робяць меншыя наклады, бо ўжо няма таго шалёнага попыту на беларускую літаратуру, які быў раней. Попыт ёсць, але ён стаў больш стабільным і спакойным. Калі параўноўваць актыўнасць беларускіх і польскіх чытачоў, то розніца вельмі істотная. Палякі — сапраўды вельмі чытаючая нацыя. Праўда, нельга не адзначыць, што ўсё больш і больш з’яўляецца кніг, напісаных па-беларуску, а не перакладзеных, і гэта дае надзею.
— Ваша выдавецтва адрозніваецца тым, што ў вас выходзяць кнігі зусім невядомых аўтараў, тых, хто толькі пачынае пісьменніцкую дзейнасць. З чым гэта звязана?
— Гэта асэнсаваны падыход да справы. Дэбютанту найбольш складана прабіцца і выдаць сваю кнігу, ды яшчэ і ў замежжы. Але мы выдаем галасы тых, хто піша пра гістарычныя для Беларусі падзеі, якія мы перажылі, каб гэта засталося назаўсёды, каб не знікла і захавалася для будучых пакаленняў. Многія нашы аўтары пішуць пра гэта простай і зразумелай мовай, каб кожны чалавек, нават самы звычайны, мог гэта адчуць. Усе гэтыя кнігі, я спадзяюся, захаваюцца на паліцах. І гэта наш унёсак у тое, каб была напісана праўдзівая і сапраўдная гісторыя цяперашняга часу.
— Павел, на ваш погляд, што сёння найбольш цікавіць сучаснага чытача?
— Усе людзі розныя, і інтарэсы ў кожнага свае. І гэта добра. Мы, напрыклад, ужо летам выдадзім першую кніжку дзіцячых казак беларускай аўтаркі. Плануем таксама яшчэ дзве дзіцячыя кнігі, бо такая літаратура, як высветлілася, вельмі запатрабаваная. Нашым дзецям таксама трэба чытаць, і ім не захочуць гартаць кніжкі пра турму і цяжкасці эміграцыі. Проста цяпер патрэбныя новыя казкі, якія будуць распавядаць пра наша сучаснае жыццё, але дзіцячай мовай і ў такой форме, якая не траўмуе, а вучыць нечаму важнаму.
— А польскі чытач цікавіцца беларускімі аўтарамі і беларускімі кнігамі?
— Я быў вельмі задаволены і ўражаны тым, як людзі наведвалі беларускі стэнд на кніжным кірмашы ў Варшаве. Было шмат гасцей — не толькі беларусаў, але і ўкраінцаў, і палякаў. І набывалі кнігі не толькі на польскай мове: палякі і ўкраінцы таксама куплялі кнігі па-беларуску, бо многіх цікавіць наша агульная гісторыя і тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі. Мне здаецца, што гэты інтарэс будзе толькі расці, бо нас цяпер у Польшчы шмат, і людзям цікава ведаць пра нас і нашу гісторыю больш.
Павел ЗАЛЕСКІ
На здымку: Павел Лягчылаў. Фота Паўла Залескага