Беларуская Служба

Палякі не хочуць Украіны ў Еўрапейскім Саюзе. Вынікі апытання

25.06.2026 13:30
Украіна атрымала статус кандыдата ў Еўрапейскі Саюз у 2022 годзе.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Dušan Cvetanović/pixabay.com/CC0 Public Domain

Апошняе апытанне, праведзенае Інстытутам рынкавых і сацыяльных даследаванняў (поль. IBRiS) паказвае, што палякі пераважна выступаюць супраць уступлення Украіны ў ЕС, паведамляе «Rzeczpospolita». Удзельнікам апытання было зададзена пытанне: «На вашу думку, Украіна павінна ўступіць у Еўрапейскі Саюз?».

35,3% рэспандэнтаў падтрымліваюць членства Украіны ў ЕС. 59,7% супраць

8,4% рэспандэнтаў адказалі, што Украіна «адназначна» павінна ўступіць у ЕС, а 26,9% сказалі «хутчэй так». Усяго 35,3% рэспандэнтаў падтрымалі членства Украіны ў ЕС. Паводле 32,3% рэспандэнтаў, Украіна «адназначна» не павінна ўступіць у ЕС. 27,4% рэспандэнтаў адказалі «хутчэй не». Гэта азначае, што 59,7% рэспандэнтаў выступаюць супраць пашырэння ЕС за кошт далучэння Украіны. Пяць працэнтаў удзельнікаў апытання не мелі меркавання на гэты конт.

Апытанне было праведзена па замове «Radio Zet» Інстытутам рынкавых і сацыяльных даследаванняў IBRiS метадам тэлефоннага апытання (CATI) 12 і 13 чэрвеня сярод рэпрэзентатыўнай выбаркі з 1 068 чалавек.

Украіна афіцыйна імкнецца да членства ў ЕС з пачатку вайны

Украіна, як і Малдова, атрымала статус кандыдата на ўступленне ў ЕС у 2022 годзе, праз некалькі месяцаў пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай вайны.

Лідары ЕС афіцыйна ўхвалілі пачатак перамоваў у снежні 2023 года, але адкрыццё першых раздзелаў перамоваў запатрабавала далейшай каардынацыі паміж дзяржавамі-членамі. Перамовы паскорыліся пасля таго, як Венгрыя, якая раней блакавала адкрыццё першага перамоўнага кластара, адклікала сваё вета пасля прыходу да ўлады Петэра Мадзьяра.

15 чэрвеня ў Люксембургу быў афіцыйна адкрыты першы кластар перамоваў аб далучэнні Украіны да супольнасці, так званыя «Асновы», які лічыцца падмуркам усяго працэсу пашырэння, ён ахоплівае, сярод іншага, судовую рэформу, барацьбу з карупцыяй і павагу да вяршэнства закона.

аз

Перамовы Украіны з ЕС — добры час для вырашэння гістарычных пытанняў, лічаць польскія палітыкі

15.06.2026 16:03
Украіна і Малдова пачынаюць абмяркоўваць першы тэматычны блок перамоваў аб членстве ў ЕС.