— Андрэй, ваша кніга «Ген мігранта. Пачатак» — гэта найперш пра асабістае ці пра нешта больш агульнае?
— Гэта кніга прысвечана няпростым падзеям, звязаным з маім жыццём. У 2021 годзе я з’ехаў з Беларусі і цяпер жыву ў Літве. Я прайшоў праз усе складаныя этапы эміграцыі і, паколькі мая прафесійная дзейнасць звязаная з камунікацыямі, журналістыкай і працай з тэкстамі, вырашыў расказаць пра гэты няпросты жыццёвы вопыт менавіта ў фармаце кнігі.
— Я так разумею, што, як журналіст і чалавек, які сам прайшоў праз усе этапы эміграцыі, вы проста не маглі не напісаць пра гэта. Чаму навучыў вас гэты досвед? Як ён паўплываў на вашы погляды, магчыма, нават змяніў іх?
— У мяне ёсць свая прафесійная гісторыя. Я камунікацыйны кансультант, працую з арганізацыямі і людзьмі па самых розных кірунках. Таму і вырашыў выкарыстаць свой досвед. У мяне ёсць неабходная экспертыза, каб расказаць пра складаныя аспекты эміграцыі простай мовай і на зразумелых прыкладах. І сёння тыя спецыялісты ў сферы міграцыі і камунікацый, якія ўжо прачыталі кнігу, адзначаюць, што такі фармат вельмі ўдалы. Гэта чалавечыя гісторыі, якія матывуюць, дапамагаюць перажыць гэты перыяд пераходу ад мінулага жыцця да новага.
— Улічваючы, што вы і сам эмігрант, як бы вы вызначылі, што такое эміграцыя?
— Мне падаецца, што гэта пераходны стан, стан ламінальнасці, калі ты ўжо не там, але яшчэ і не тут. Такі стан уласцівы сур’ёзным жыццёвым пераломам. Напрыклад, калі людзі разводзяцца: чалавек яшчэ памятае пра мінулую сям’ю, і патрэбны час, каб адпусціць мінулае і прыйсці да новага жыццёвага этапу. Падобныя разрывы і пераходы вельмі нагадваюць эміграцыю.
Безумоўна, мы ў пэўным сэнсе «хварэем» на эміграцыю. Гэта як дрэва, якое вырываюць з каранямі і перасаджваюць на новае месца. Пэўны час яно хварэе, пакуль не прыжываецца. Так адбываецца і з чалавекам. Спецыялісты па-рознаму вызначаюць працягласць гэтага пераходнага перыяду, але ў сярэднім лічыцца, што ён займае каля пяці гадоў.
— Вам як пісьменніку хацелася б і надалей пісаць пра эміграцыю ці ўсё ж больш цікавыя іншыя тэмы?
— Не думаю, што тэма эміграцыі стане галоўнай у маім прафесійным жыцці. Цяпер я выкладаю камунікацыю ва ўніверсітэце, і пасля гэтай кнігі планую займацца навуковай дзейнасцю, пісаць навуковыя кнігі. Мне гэта таксама вельмі цікава. А тэма эміграцыі застанецца важным этапам майго жыцця. Я проста расказаў людзям пра складаныя рэчы даступнай мовай, таму што мог гэта зрабіць. Думаю, на гэтым у гэтай тэме будзе пастаўлена кропка.
— Вы расказалі пра складаныя бакі жыцця эмігранта. Якія яшчэ тэмы закранаюцца ў кнізе?
— Калі я пісаў кнігу, то абапіраўся на канкрэтныя жыццёвыя гісторыі. Напрыклад, закранаў тэму авертайму — своеасаблівага дадатковага жыцця, якое можа даць эміграцыя. Ты жывеш звычайным жыццём, а потым эміграцыя раптам становіцца штуршком да новага этапу. Я пішу пра стэрэатыпы, з якімі неабходна змагацца, бо ў такі момант яны толькі перашкаджаюць.
Кожная гісторыя ў кнізе — гэта асобная жыццёвая сітуацыя. Ёсць таксама некалькі гісторый пра сямейныя адносіны. Мы бачым, што ў эміграцыі шмат сем’яў распадаецца. Часта гэта адбываецца таму, што муж і жонка па-рознаму перажываюць новыя жыццёвыя абставіны. Напрыклад, жонка пачынае новы прафесійны этап або муж кардынальна мяняе сферу дзейнасці, і ў выніку змяняюцца ролі ў сям’і. Пра гэта я таксама пішу.
Але галоўнае — я хачу даць людзям надзею. Хачу паказаць, што эміграцыя — гэта вялікае выпрабаванне, аднак у нас ёсць сілы, каб яго пераадолець.
— Калі паглядзець на праблему эміграцыі больш глабальна, ці разумее сучасны свет, што такое эміграцыя, і як ён ставіцца да эмігрантаў?
— Мне здаецца, што свет пакуль яшчэ не да канца ўсвядоміў: эміграцыя — гэта бесперапынны працэс. Некаторыя думаюць, што год-два — і гэтая хваля скончыцца. Але не. Мы ўжо трапілі ў эпоху высокай мабільнасці, і новыя міграцыйныя хвалі будуць узнікаць зноў і зноў.
Таму я лічу, што тая краіна, якая знойдзе свой алгарытм узаемадзеяння з эмігрантамі, атрымае вялікую перавагу. Мы бачым, што ў многіх краінах не хапае працоўных і інтэлектуальных рэсурсаў. Мне падаецца, што свет толькі пачынае разумець, як трэба працаваць з эмігрантамі.
— Вы сказалі, што тэма эміграцыі для вас — гэта толькі пэўны этап. А пра што сёння хочацца пісаць як аўтару?
— Гэта быў вельмі эмацыйны крок. Хутчэй, я імкнуўся вырашыць пэўныя асабістыя тактычныя задачы. Думаю, мне гэта ўдалося. І тое, што я змог расказаць пра гэтую праблему іншым, для мяне вельмі важна.
Гэтая тэма сапраўды вартая ўвагі, бо мы бачым, наколькі важна дапамагаць людзям у эміграцыі. Напрыклад, я бачу, што людзі сталага веку часта не атрымліваюць дастатковай падтрымкі ад дзяржаў, у якіх яны апынуліся. Вось цяпер я ведаю сям’ю беларусаў у Польшчы, якім амаль па 90 гадоў. Яны ўжо год чакаюць від на жыхарства. І я думаю: ці вытрымаюць яны яшчэ адзін год чакання?
Я проста хачу звярнуць увагу на тое, што жыццё людзей сталага веку ў эміграцыі істотна адрозніваецца ад жыцця маладых, якія пераехалі, напрыклад, у 35 гадоў. Таму тут патрэбныя сур’ёзная ўвага і падтрымка з боку дзяржаў, якія прымаюць мігрантаў.
Павел ЗАЛЕСКІ
слухайце аўдыёфайл