Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Быць кіроўцам — няпроста. Тысячы беларусаў працуюць у сферы міжнародных перавозак па ўсёй Еўропе

13.07.2026 06:03
З году ў год у Еўропе назіраецца дэфіцыт прафесійных кіроўцаў, які, між іншым, запаўняюць беларусы. З якімі выклікамі яны сутыкаюцца? Пра гэта — размова з практыкам.
Аўдыё
  • 40 тысяч беларусаў працуюць кіроўцамі ў ЕС
Ілюстрацыйнае фотаImage by Pexels from Pixabay/CC0

Сёння па дарогах Еўрапейскага Саюзу ездзіць прыблізна 6,4 мільёна грузавікоў. Аўтамабільны транспарт адказвае за 69% усіх наземных грузавых перавозак у ЕС. Пры гэтым з года ў года ў Еўропе назіраецца дэфіцыт прафесійных кіроўцаў. У мінулым годзе называлася лічба 233 тысячы, а ў бліжэйшыя гады яна можа павялічыцца нават да 700 тысяч з-за выхаду на пенсію дзейных супрацоўнікаў. Гэты дэфіцыт запаўняюць між іншым беларусы. Але праца кіроўцы — зусім не простая справа.

Паводле ацэнак Еўрапейскай камісіі, у Еўрапейскім Саюзе сёння працуе прыкладна 300 тысяч прафесійных кіроўцаў з краін, якія не зʼяўляюцца грамадзянамі ЕС. Сярод іх пераважную большасць складаюць грамадзяне Украіны і Беларусі. Найбольш беларусаў працуюць у Літве і Польшчы.

Гэтыя дзве краіны нават называюцца хабамі, якія даюць працу кіроўцам-замежнікам. Напрыклад, паводле польскіх ацэнак, у міжнародных перавозках у краіне працуе каля 160 тысяч замежнікаў. У Літве грамадзяне Беларусі складаюць прыкладна ад 20% да 25% усіх кіроўцаў з краін, якія не зʼяўляюцца чальцамі ЕС і працуюць у міжнародных перавозках. Польская асацыяцыя перавознікаў называе лічбу 30-40 тысяч беларусаў, якія працуюць кіроўцамі ў сферы транспарту і лагістыкі. Такім чынам беларусы складаюць другую па велічыні групу замежнікаў пасля грамадзян Украіны за рулём грузавікоў і аўтобусаў у польскім аўтапарку.

Што гэта за праца кіроўцы грузавіка, і з чым беларусы кіроўцы сутыкаюцца ў Еўропе, пра гэта мы паразмаўлялі з адным з перавознікаў — беларусам Віталём.

— Беларусы цяпер усюды працуюць: у Польшчы, у Галандыі, у Англіі нават. Апошнія гады больш сюды людзей прыязджае. Раней усе працавалі на кругах, то бок ездзілі ў Еўропу і варочаліся ў Расію. Цяпер граніцы закрытыя і той, каму спадабалася Еўропа, ездзіць па Еўропе, а той, каму не спадабалася, па Расіі працуе.

Ці кожны можа быць кіроўцам фуры?

— Калі патрэбныя грошы, кожны можа быць. Справа ў тым, што ўсяму трэба навучыцца. Трэба шмат, што самому зразумець. Бывала, што маладыя кіроўцы, едучы першы раз па навігацыі, заязджалі так, што іх верталётамі разварочвалі ў зваротны бок. У Італіі такое часта здараецца, асабліва з пачаткоўцамі. 6500 еўра давядзецца заплаціць з уласнай кішэні, бо літоўцы адлічаць гэтыя грошы і давядзецца адпрацоўваць.

Як цяпер працуюць у Еўропе беларусы, у якой краіне прасцей і бяспечней ездзіць?

— Калі ты ездзіў ужо па Еўропе гадоў пяць, табе без розніцы, дзе ехаць. Ты не ездзіш па навігатары, ты ездзіш сам. Тут няма такога, дзе мне падабаецца, а дзе не. У кожнай краіне ёсць свае плюсы. У Італіі душ бясплатны, а ў Германіі — платны. Па Італіі рух меншы, а ў Германіі пастаянныя коркі і здарэнні. Па Італіі ехаць прасцей, але там летам едзеш як па Казахстане.

Што гэта значыць?

— Чым далей, тым усё больш выпалена. Нічога не расце, як у Казахскім стэпе. Неапаль праехаў — і пачынаецца вясёлая дарога. Асабліва летам, калі спякота даходзіць да плюс 45. У Францыі таксама душ бясплатны на кожным паркінгу. Затое ў Германію кожны хоча раз у тыдзень заехаць набыць таней прадукты.

Як спраўляюцца кіроўцы, вымушаныя жыць у Еўропе?

— На ежу даводзіцца грошы выдаткоўваць. Лядоўні ёсць, але ты ж не возьмеш з сабой ежы на тры месяцы, як прыязджаюць беларусы на працу. Заехаў у краму, пайшоў, купіў. Зарплата ў яго еўрапейская, дарэчы, у Беларусі ежа даражэйшая, чым у Германіі.

А як выглядае справа з мовамі, у Еўропе шмат розных моваў, не кожны іх ведае.

— На пальцах, міміка. Насамрэч, тут усё проста, нічога складанага няма. Ты прыязджаеш на загрузку, дастаткова ведаць пяць слоў, што табе трэба загрузіцца і нумар загрузкі. І на выгрузку таксама прыязджаеш, маеш нумар выгрузкі, і ведаеш, дзе выгружацца, калі гэта лагістыка вялікая. Калі невялікая фірма, дык яны цябе чакаюць.

У сацсетках да кіроўцаў часта можна пачуць скаргі на праблемы з бяспекай, што на грузавікі нападаюць, рабуюць. Які ваш досвед, ці бяспечныя еўрапейскія краіны для транспарту сёння?

— У Германіі бяспечна, у Галандыі ўжо менш бяспечна. У Бельгіі зусім небяспечна стаяць, у Францыі — таксама: могуць тавар выгрузіць, і ў кабіну ўломяцца. У Італіі, на поўначы, бяспечна. У Іспаніі небяспечна. Таксама і кабіну ўскрыюць, і палеты скрадуць, і салярку сальюць. У Францыі вялікія гарады Марсель, Ліён, Парыж, каля кожнага гораду стаяць небяспечна.

У сацсетках кіроўцы кажуць, што едуць працаваць на змену, ці, як называюць, у кадэнцыю, на тры месяцы. Я нават бачыў як вярталіся пасля 25 тыдняў працы. Ці гэта магчыма вытрываць паўгода ў грузавіку па-за домам?

— Цяжка, але ідзеш на ўсё, каб зарабіць грошы. Калі дома ёсць жонка і дзеці, а на сённяшні дзень у Беларусі зарплата 1200 рублёў, а ў цябе двое дзяцей і жонка, і кожны хоча есці, то цяжка, не цяжка, але трываеш, цярпіш. Тры месяцы ў кабіне вельмі цяжка. Нават 8 тыдняў вельмі цяжка. Ёсць такія ўкраінцы, якія ад пачатку вайны дома не былі, увесь час у кабіне. Беларусы падобна. Я аднаго такога ведаю, што паўгода ездзіў. Дачка выходзіла замуж, і ён ездзіў сем з паловай месяцаў, каб на вяселле зарабіць, каб дачку выдаць замуж. Зімой прасцей, бо не так сонца пячэ, а летам вельмі цяжка. Ім не даюць машыны заводзіць, стаяначных кандыцыянераў у літоўскіх фірмах і ў польскіх няма. Калі на вуліцы 45 градусаў, дзейнічаюць экадагічныя нормы: у кожнага ёсць экалагічныя балы, таму яны не могуць пакідаць рухавік заведзеным, бо тады траціш экабалы, а калі губляеш экабалы, траціш на заробку: кожны дзень па 5, 7, ці 10 еўра — у залежнасці ад фірмы.

Слухайце размову ў аўдыёфайле

Размаўляў Юры Ліхтаровіч