Суверэнітэт і незалежнасць — гэта працэс і штодзённая барацьба. За 36 гадоў Беларусь прайшла шлях ад юрыдычнага афармлення незалежнасці да вастрыні пытання пра яе фізічнае выжыванне.
Пра пагрозы і шансы для Беларусі разважае палітолаг Алесь Лагвінец:
— Беларусь мела ўсе палітычныя правы на сваю незалежнасць, якія былі падрыхтаваныя папярэднімі пакаленнямі. У дэкларыцыі, прынятай 27 ліпеня 1990 года ёсць тры важныя моманты. Першы — гэта тое, што носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай улады з’яўляецца народ. Але мы ведаем, што сёння гэтага права ў беларускага народу няма, яго адабраў Лукашэнка і яго атачэнне.
Другі важны момант акрэслены артыкулам 3, дзе гаворыцца, што суверэнітэт мае вышэйшую мэту — свабоднае развіццё дабрабыту і годнага жыцця кожнага грамадзяніна краіны на падставе забеспячэння правоў асобы. Але сёння ў Беларусі ёсць суверэнітэт толькі ў дыктатара, які прысабечыў краіну.
І трэці важны момант — у артыкуле 10 Беларусь ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю без’ядзернай зонай, а краіну нейтральнай дзяржавай. Як мы бачым, Беларусь сёння адмовілася нават фармальна ад таго, каб быць без’ядзернай.
То-бок суверэнітэт шмат у чым у нас фармальны. У нас ёсць усе рэчы для функцыянавання дзяржавы. Але суверэнітэт гэта не аднаразовы акт, а працэс. Беларусь шмат якія элементы свайго суверэнітэту размяняла на тое, каб Лукашэнка, яго сям’я і хаўруснікі адчувалі сябе камфортна.
Патэнцыял нацыі вымываецца кіроўнай вярхушкай. Беларусь магла значна шырэй выкарыстаць гэты патэнцыял, але Лукашэнку гэта не трэба.
Можна сказаць, што з палітычнага гледзішча і з вайсковага, па сутнасці ад нашага суверэнітэту нічога не засталося.
Але гэта не значыць, што мы ўсё згубілі. У нас ёсць патэнцыял, і гэта яскрава прадэманстраваў 2020 год, і мы можам скарыстацца вакном магчымасцяў.
Верагодна, што новае вакно магчымасцяў, якое, як мы ведаем па гісторыі, будзе адкрыта для беларусаў, прывядзе да пазітыўных зменаў і да таго, што мы перастанем задавацца пытаннем: страчваем мы канчаткова наш суверэнітэт ці не. Замест гэтага будзем задавацца іншым пытаннем: што мы можам зрабіць для ўмацавання, росквіту нашай дзяржаўнасці і суверэнітэту і пабудовы дэмакратычнага грамадства, якое бароніць інтарэсы сваіх грамадзян.
Любыя змены ў рэгіёне (і ў Расіі) адкрыюць акно для перазагрузкі беларускай дзяржаўнасці. Галоўнае — быць гатовымі (мець структуру, бачанне, план рэформаў).
За 36 гадоў мы не страцілі суверэнітэт канчаткова, бо незалежнасць жыве дагэтуль у саміх беларусах
Падрыхтавала Аксана Колб
Больш падрабязна слухайце ў нашым аўдыё