Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Як у Беларусь запрашалі польскіх афіцэраў, каб пераймаць досвед вяртання войска да нацыянальных традыцый

15.08.2026 12:12
Вяртанне да гістарычных традыцый — гэта вяртанне да ўласнай ідэнтычнасці. Размова з палкоўнікам у адстаўцы Тадэвушам Кшонсткам.
Аўдыё
  • Як у Беларусь запрашалі польскіх афіцэраў, каб пераймаць досвед вяртання войска да нацыянальных традыцый
    ,
Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Мерачоўшчыне, недалёка ад Косаўскага палацаWłodzimierz Pac, Polskie Rado

Пасля падзення камуністычнай сістэмы Польшча пачала маштабную трансфармацыю дзяржаўных інстытутаў, у тым ліку і войска. Адной з найважнейшых задач стала вяртанне гістарычнай памяці, аднаўленне сімволікі, вайсковых традыцый і пераемнасці з Войскам Польскім дакамуністычнай эпохі.

Адным з людзей, якія стаялі ля вытокаў гэтых зменаў, быў палкоўнік авіяцыі ў адстаўцы, гісторык і даследчык вайсковай спадчыны Тадэвуш Кшонстэк. Афіцэр не толькі ўдзельнічаў у распрацоўцы новай сістэмы вайсковых знакаў і сімвалаў Войска Польскага, але і дзяліўся гэтым досведам з іншымі краінамі, у тым ліку з Беларуссю. Пра тое, як адбывалася гэтая праца, чаму гістарычная традыцыя мае значэнне для сучаснага войска і якія ўрокі можа даць польскі вопыт, — слухайце ў размове, запісанай Беларускай службай Польскага радыё.

— Спадар палкоўнік, пасля змены палітычнай сістэмы ў Польшчы перад войскам паўсталі новыя задачы. Якую ролю ў гэтых пераўтварэннях давялося адыграць вам?

— У 1990–2005 гадах я быў начальнікам аддзела вайскова-цырыманіяльных традыцый Міністэрства нацыянальнай абароны. Гэты аддзел быў створаны новым кіраўніцтвам Міністэрства ў пачатку палітычнай трансфармацыі нашай дзяржавы, якая закранула і Узброеныя сілы — Войска Польскае.

Калі намеснікам міністра нацыянальнай абароны стаў Браніслаў Камароўскі, мяне запрасілі ў тагачасны Дэпартамент выхаваўчай работы і прамоцыі абароны, дзе я ўзначаліў новы аддзел. На той момант я быў самым маладым афіцэрам у Войску Польскім, які займаў такую пасаду.

Нашай галоўнай задачай было вярнуць гістарычную пераемнасць польскага войска. Мы аднаўлялі слаўныя традыцыі, вярталі вайсковым часцям імёны патронаў, іх гістарычныя радаводы, сімволіку, баявыя штандары, адметныя знакі і іншыя элементы, якія былі глыбока ўкаранёныя ў гісторыі і традыцыях Рэчы Паспалітай.

Прававая аснова гэтай працы была закладзена ў 1991 годзе, калі з'явіўся першы загад міністра нацыянальнай абароны аб вяртанні падраздзяленням Войска Польскага іх гістарычных традыцый. Праз два гады, у 1993-м, быў створаны калектыў экспертаў — 32 чалавекі, пераважна прафесары гісторыі і дапаможных гістарычных дысцыплін. Я быў адзіным вайскоўцам у гэтай групе. Разам мы падрыхтавалі першы ў гісторыі незалежнай Польшчы закон аб знаках Узброеных сіл Рэспублікі Польшча, які комплексна вызначыў дзяржаўную і вайсковую сімволіку: вайскова-марскія штандары, авіяцыйную сімволіку, традыцыйныя апазнавальныя знакі самалётаў і іншыя элементы.

Асобна мы вярнулі гістарычны ўзор вайсковага штандара. Мы адмовіліся ад савецкага ўзору і аднавілі традыцыйную польскую форму, заснаваную на харугвах Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў і Каралеўства Польскага. Пазней гэтае рашэнне стала прыкладам і для іншых дзяржаў.

Мне неаднаразова даводзілася прадстаўляць польскі досвед на міжнародных сустрэчах і канферэнцыях.

— Польскі вопыт аднаўлення вайсковых традыцый выклікаў цікавасць і за межамі краіны. Калі ўпершыню вам давялося прадстаўляць гэтыя напрацоўкі іншым дзяржавам?

— Добра памятаю трохдзённы семінар, на які мяне накіравалі ў Кіеў у 1992 годзе, калі ва Украіне толькі пачыналася трансфармацыя Узброеных сіл.

На працягу трох дзён я выступаў перад кіраўнічым складам украінскага войска і прадстаўляў канцэпцыю вяртання Войска Польскага да сваёй гісторыі, да сваіх слаўных традыцый. Гаворка ішла пра тое, што мае сапраўдную каштоўнасць для народа і дзяржавы: пра пераемнасць, гістарычную памяць і нацыянальную сімволіку.

Менавіта тады я ўпершыню пераканаўся, што вопыт Польшчы можа быць карысны іншым краінам, якія пасля распаду камуністычнай сістэмы таксама шукалі ўласную гістарычную ідэнтычнасць. Да нас таксама звярнуліся Чэхія і Славакія. 

— Калі польскім досведам зацікавілася Беларусь?

— І, да нашага здзіўлення, у 1994 годзе да нас таксама звярнуліся беларусы з просьбай падзяліцца ўсёй гэтай канцэпцыяй, распрацаванай польскімі гісторыкамі і вайскоўцамі.

Я добра памятаю тую паездку. Гэта быў чэрвень 1994 года. У Мінску вельмі ўрачыста адзначалі 50-годдзе вызвалення горада. Я ўваходзіў у склад польскай дэлегацыі.

Разам з вайсковым аташэ палкоўнікам Анджэем Бартноўскім, які таксама быў афіцэрам авіяцыі, я выступіў у Ваеннай акадэміі Беларусі. Быў і пад Мінскам, здаецца, у Мар'інай Горцы, дзе таксама чытаў лекцыю пра вайсковыя традыцыі.

Быў здзіўлены, што ў 1994 годзе беларускія афіцэры яшчэ насілі розную сімволіку. Частка афіцэраў мела гузікі з беларускай «Пагоняй», а частка — сімвалы Савецкага Саюза. Я звярнуў на гэта ўвагу прысутным.

Памятаю, што ў зале адразу ўзнікла вельмі бурная рэакцыя. Прысутнічала каля дзвюх соцень афіцэраў Узброеных сіл Беларусі, у тым ліку генералы. Частка мяне адкрыта падтрымала.

Гэта былі людзі, якія былі маральна і духоўна звязаныя з нацыянальным кірункам, з адраджэннем суверэннай беларускай дзяржавы і беларускіх Узброеных сіл. Але была і другая частка — прасавецкая, звязаная з Савецкім Саюзам і традыцыямі Чырвонай арміі. Яны катэгарычна пярэчылі, сцвярджаючы, што ніякіх зменаў не патрэбна. Пасля майго выступлення разгарнулася сапраўдная дыскусія.

— Якія польскія прыклады вы тады прыводзілі беларускім вайскоўцам?

— Я паказаў ім, як мы вярнулі польскаму войску гістарычны штандар і што на ім адлюстравана.

Пасля паказаў харугвы Вялікага Княства Літоўскага, сцягі напалеонаўскай эпохі. Асабліва памятаю штандар Літоўскага ўланскага палка і яго колеры. І гэта вельмі спадабалася беларусам.

Яшчэ больш я быў здзіўлены, калі ўжо прыкладна ў 2004 або 2005 годзе, у часы Лукашэнкі, беларускі бок зноў папрасіў сустрэчы ў Дэпартаменце выхаваўчай работы і прамоцыі абароны. Беларуская дэлегацыя прыехала да нас. Мы некалькі дзён абмяркоўвалі з імі нашу канцэпцыю, перадалі ўсе неабходныя дакументы, у тым ліку поўны тэкст закона аб знаках Узброеных сіл Рэспублікі Польшча.

Што вам расказалі прадстаўнікі беларускай дэлегацыі?

— Падчас гэтай сустрэчы кіраўнік беларускай дэлегацыі сказаў, што Лукашэнка даручыў у вельмі кароткі тэрмін падрыхтаваць канцэпцыю вяртання беларускіх вайсковых частак да гістарычных традыцый. Менавіта гэтым і была выкліканая іх паездка ў Польшчу.

Я звярнуў іх увагу, што беларускія часці стаяць у гарадах з багатай гістарычнай спадчынай — у Мінску, Гродне, Віцебску, Лідзе. Гродна, напрыклад, яны маюць выдатныя гістарычныя гербы. Дарэчы, я з'яўляюся членам Міжнароднай асацыяцыі вексілолагаў, якая займаецца даследаваннем сцягоў і вайсковай сімволікі. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Жэневе, і на міжнародных кангрэсах мне двойчы даводзілася прадстаўляць польскі досвед.

Мяне вельмі здзівіла, што Лукашэнка пагадзіўся, каб на шыўронах — гэта значыць на апазнавальных знаках беларускіх вайсковых частак — з'явіліся гістарычныя гербы гарадоў і гістарычных земель. Напрыклад, часць у Гродне атрымала права выкарыстоўваць герб Гродна. Таксама маглі выкарыстоўвацца гербы гістарычных зямель — Віцебскай, Мінскай, Лідскай. За імі стаялі шматвяковыя гістарычныя традыцыі.

— Тады ж у Беларусі зноў загаварылі пра Тадэвуша Касцюшку.

— Так, у той час вельмі актыўна пачалі падкрэсліваць постаць Тадэвуша Касцюшкі — менавіта ў тым кантэксце, што ён быў беларусам, бо нарадзіўся на беларускай зямлі.

Я ўдзельнічаў ва ўрачыстым адкрыцці памятнай дошкі на месцы яго нараджэння, а таксама ў касцёле, дзе ён быў ахрышчаны.

Разам са мной прысутнічаў маршалак Сената Рэспублікі Польшча Анджэй Стэльмахоўскі. Я прадстаўляў Войска Польскае, ён — польскую дзяржаву. Мы разам адкрывалі памятную дошку ў гонар Тадэвуша Касцюшкі. На гэтых урачыстасцях былі генералы і палкоўнікі Узброеных сіл Беларусі. І яны казалі, што Касцюшка — беларус, бо нарадзіўся на беларускай зямлі. Я не стаў тады спрачацца. Для мяне галоўным было іншае — я шчыра радаваўся, што постаці Тадэвуша Касцюшкі нарэшце вярнулі належнае месца ў гістарычнай памяці Беларусі.

Аднак гэтая тэндэнцыя не атрымала развіцця. Пасля беларускай рэвалюцыі 2020 года і поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну беларускія Узброеныя сілы, паводле ацэнкі палкоўніка Тадэвуша Кшонстэка, перажылі новую хвалю русіфікацыі. Яна закранула не толькі вайсковае супрацоўніцтва з Расіяй, але і ідэалагічную сферу, гістарычную памяць, сімволіку і разуменне ўласнай вайсковай традыцыі.

Слухайце аўдыё!

эж