112 гадоў таму, 28 ліпеня 1914 года, Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну Сербіі. Гэты канфлікт хутка перарос у Першую сусветную вайну. Чатырохгадовае супрацьстаянне прывяло да крушэння палітычнага парадку, які сфармаваўся ў XIX стагоддзі, змяніла межы многіх еўрапейскіх дзяржаў і стала штуршком да ўзнікнення новых незалежных краін, у тым ліку Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі, Фінляндыі, Эстоніі, Ліітвы, Латвіі, а народы Беларусі і Украіны засведчылі сваё памкненне да ўтварэння незалежных дзяржаў.
Першая сусветная вайна стала адной з самых крывавых у гісторыі чалавецтва. Баявыя дзеянні вяліся на некалькіх кантынентах і морах, аднак галоўным тэатрам вайны заставалася Еўропа.
У вайне ўдзельнічалі два ваенна-палітычныя блокі. На баку пераможнай Антанты выступалі найперш Францыя, Расійская Імперыя і Вялікабрытанія. Блок Цэнтральных дзяржаў утварылі Германская імперыя, Аўстра-Венгрыя, Балгарыя і Асманская Імперыя.
Усяго ў вайне ўдзельнічала каля 70 мільёнаў салдат. Каля 10 мільёнаў з іх загінулі, яшчэ прыкладна 20 мільёнаў былі параненыя.
Пасля распаду імперый, якія ўдзельнічалі ў падзелах Польшчы, польская дзяржава ў 1918 годзе, пасля 123 гадоў знаходжання пад уладай трох дзяржаў-захопніц, аднавіла сваю незалежнасць.
Напярэдадні Першай сусветнай вайны многія палякі баяліся маштабнага ўзброенага канфлікту. Аднак значная частка грамадства ўспрымала вайну як гістарычны шанец на адраджэнне незалежнасці. Пра гэта ў інтэрв'ю Польскаму радыё ў 1998 годзе распавядаў гісторык доктар Януш Асіца:
— Хто чакаў гэтай вайны з надзеяй? Усе тыя, каго можна назваць людзьмі, якія, як і Міцкевіч, верылі, што тая вялікая вайна, аб якой ён маліўся, разбурыць існы баланс сіл — надмагілле для Польшчы. Яны чакалі таго, пра што прыгожа пісаў паэт Эдвард Слоньскі: што тая, якая не загінула, паўстане з нашай крыві. Вайна, якая разбурыць саюз Трох Чорных Арлоў, павінна была даць шанец польскай справе.
Адной з найбольш кровапралітных бітваў Першай сусветнай стала бітва пад Вердэнам, якая працягвалася з лютага да снежня 1916 года і завяршылася перамогай французскага войска.
У гэтых баях удзельнічаў Эдмунд Рэйнке (памёр у 1983 годзе), прымусова мабілізаваны ў армію германскага кайзера Вільгельма II. У эфіры Польскага радыё ў 1969 годзе ён успамінаў «пекла пад Вердэнам»:
— Калі мы трапілі пад гэты загараджальны агонь, снарады рваліся проста як феерверкі. Усё свяцілася, а кавалкі жалеза літаральна разрывалі паветра. Я ў адну варонку, другі — следам за мной. Хтосьці крычаў: «Райнк, гефрайтар Райнк!». У той час я ўжо быў старэйшым салдатам.
Трагічнай навінкай гэтай вайны стала масавае выкарыстанне новых відаў зброі: атрутных газаў, танкаў, падводных лодак і авіяцыі.
Упершыню баявыя газы эксперыментальна выкарысталі французы ў 1914 годзе. Ужо ў красавіку наступнага года германскія войскі ўжылі хлор супраць расійскай арміі ў лясах каля Балімова. Аднак пасля змены кірунку ветру газ стаў смяротным і для саміх нямецкіх салдат.
Адзін з жыхароў Балімова ў 1981 годзе ўспамінаў, як яшчэ падлеткам дапамагаў перавозіць целы загінулых вайскоўцаў і мірных жыхароў:
— Калі пайшоў гэты газ, ён душыў усіх — не толькі вайскоўцаў, але і шмат цывільных. Іх звозілі ў Віскіткі. Я сам гэта бачыў. Выкапалі вялікую яму, клалі адзін рад, другі — і ўсіх гэтых памерлых складвалі туды. Я ўсё гэта бачыў на ўласныя вочы.
У Першай сусветнай вайне ваявала каля 3 мільёнаў 400 тысяч палякаў, мабілізаваных у арміі трох дзяржаў, якія падзялілі Польшчу.
Для многіх гэта стала сапраўднай трагедыяй: нярэдка браты і сваякі аказваліся па розныя бакі фронту. Але здараліся і моманты, калі агульная польская мова літаральна ратавала жыццё.
Пра гэта ў 1981 годзе расказваў жыхар Балімова Стэфан Канапчыньскі (памёр у 2001 годзе):
— Адны былі на баку Расіі, другія — Германіі, трэція — Аўстрыі. Брат мусіў забіваць брата. Але тут, каля Балімова на рацэ Раўцы, калі расійскія салдаты выходзілі з акопаў па ваду, яны крычалі па-польску да тых, што былі на нямецкім баку: «Эй, немец, не страляй!» А той адказваў: «Ты, рускі, таксама не страляй».
Вялікае значэнне ў гады вайны мелі паштовыя карткі, адзначыў у 2024 годзе гісторык Пётр Галік — аўтар альбома «Першая сусветная вайна на старых паштоўках».
Паводле яго слоў, паштоўка была адным з самых дзейсных сродкаў камунікацыі, а выявы на ёй станавіліся своеасаблівымі паведамленнямі салдат сваім родным.
— Тады яшчэ не было тэлебачання, а літаратура была маладаступнай. Сто гадоў таму значная частка жыхароў польскіх земляў не была ўключаная ў свет высокай культуры. Для многіх нават чытанне было складанасцю — такім быў узровень развіцця грамадства, у тым ліку і ў заходнееўрапейскіх краінах. Паштоўка ж была простай, таннай і даступнай. Амаль кожны салдат мог дазволіць сабе купіць некалькі такіх картак са свайго невялікага жалавання і адправіць іх дадому.
Першая сусветная вайна завяршылася падпісаннем перамір'я ў Камп'ене, непадалёк ад Парыжа, 11 лістапада 1918 года.
У выніку сусветнага канфлікту распалася Аўстра-Венгерская манархія, Германія і Аўстрыя сталі рэспублікамі, узнікла Савецкая Расія, а таксама шэраг новых дзяржаў, у тым ліку Чэхаславакія і Венгрыя. Быў праведзены новы падзел калоній, перакрэслены межы ў Азіі і Афрыцы.
Аднак нават пасля падпісання перамір'я і наступных мірных дамоваў большасць міжнародных супярэчнасцяў так і не была вырашаная. Усяго праз 21 год — у верасні 1939 года — пачалася Другая сусветная вайна.
Слухайце аўдыё!
эж