Андрэй Вітушка — лекар вышэйшай катэгорыі, кандыдат медычных навук, ён больш за 20 гадоў адпрацаваў у РНПЦ «Маці і дзіця». Але пасля таго, як 10 жніўня 2020 года трапіў на Акрэсціна, з ім не працягнулі кантракт, нягледзячы на падтрымку калег і ўдзячных пацыентаў.
А ў траўні 2023 года Андрэя разам з жонкай Крысцінай затрымаў КДБ. З-за пагрозы крымінальнай справы сям’я прыняла рашэнне выехаць з Беларусі ў Польшчу. Што адбывалася пасля?
«Гэта быў першы званочак...»
— Паколькі я не мог адразу працаваць, працаваць у медыцыне, таму што дзеля гэтага трэба выканаць шэраг умоваў, а менавіта здаць два іспыты. Я працаваў у IT-кампаніі кансультантам па праектах у галіне лічбавага здароўя, так званага Digital Health. І паралельна рыхтаваўся здаваць іспыты.
Першы быў іспыт па медычнай польскай мове, які я здаў на працягу шасці месяцаў знаходжання знаходжання ў Польшчы. Гэта было дастаткова складана, таму што медычная польская мова адрозніваецца тым, што многія медычныя тэрміны, якія ва ўсім свеце лацінізаваныя, у Польшчы маюць свае назвы. Няглядзячы на тое, што я ведаў польскую мову да прыезду ў Польшчу, давялося шмат рыхтавацца.
Далей трэба было рыхтавацца да так званага настрыфікацыйнага іспыту, які пацвярджае, што твой медычны дыплом раўназначны польскаму медычнаму дыплому. Гэта таксама своеасаблівы чэлендж у сэнсе ведаў, таму што ты мусіш прадэманстраваць веданне ўсіх галінаў медыцыны. Падобны іспыт, нават трохі лягчэйшы, здаюць студэнты медыцыны, якія выпускаюцца з медычнага універсітэта са сваімі свежымі ведамі па розных галінах медыцыны.
Гэта быў пэўны выклік, але я з ім справіўся. Акрамя таго, што гэта забірае шмат часу. Бо ты ж яшчэ мусіш працаваць і неяк утрымліваць сям’ю. За гэты іспыт яшчэ трэба заплаціць пяць тысяч злотых (калі не атрымаецца здаць з першага разу, то кожны наступны таксама трэба плаціць тыя ж пяць тысяч).
Дарэчы, тады ж я першы раз сутыкнуўся з асаблівасцямі польскай медычнай бюракратыі. Калі я падаваў дакументы на настрыфікацыйны іспыт, у мяне запыталіся апастыль на дыплом. У мяне тады ўжо была міжнародная абарона, я меў статус уцекача. Тады я здолеў давесці і адміністрацыі ўніверсітэта, што я маю аб'ектыўныя прычыны не прадастаўляць гэты апастыль.
Але гэта быў першы званочак, што ў польскай сістэме аховы здароўя ты можаш мець пэўныя, скажам так, дакументальныя выклікі і цяжкасці, што лёгка не будзе.
Не толькі з пункту гледжання, што гэта чужая мова, што гэта трэба падняць вяліку вялікі аб'ём ведаў, што гэта іншая культура, хоць і блізкая. Лёгка не будзе ў сэнсе бюракратычным.
«У Беларусі заўсёды нейкі шкляны столь над сабой»
Гэта быў для Андрэя чарговы выклік і стрэс, з якім трэба было спраўляцца.
— Жыццё ў прынцыпе поўнае стрэсаў і эмігранцкае жыццё поўнае стрэсаў, і жыццё ў Беларусі таксама не было пазбаўлена стрэсаў, таму што я працаваў у такой спецыяльнасці, дзе стрэў хапае.
Ну і плюс праз тое, што я паслядоўны беларускамоўны, маю пэўную пазіцыю і стараўся палепшыць аказанне дапамогі дзецям на сваім месцы, як толькі мог. Гэта выклікала пэўную насцярожнасць у начальства.
Я заўсёды адчуваў нейкі такі шкляны столь над сабой. Будучы кандыдатам навук, лекарам вышэйшай катэгорыі, маючы шэраг замежных стажыровак, якія здабываў сабе сам без усялякай там дзяржаўнай падтрымкі.
Толькі адзін раз ужо пад самы закат кар'еры мне прапанавалі адну замежную стажыроўку. Усе астатнія мае выезды ў Злучаныя Штаты, Ірландыю, ў Аўстрыю былі за асабістыя грошы, праз асабістыя кантакты і ў вольны ад працы час. Я спецыяльна браў адпачынак за свой кошт, каб паехаць на стажыроўку, павысіць сваю кваліфікацыю.
Таму заўсёды адчуваўся шкляны столь над галавой. Але, нягледзячы на гэта, я стараўся дзейнічаць і працаваць так, каб прыносіць карысць сваім пацыентам.
«Хацеў бы хутчэй вярнуцца да любімых пацыентаў і наркозных апаратаў»
Пасля пацвяржэння дыплома Андрэй мусіў прайсці яшчэ гадзічную стажыроўку. Гэта робяць усе польскія ўчорашнія студэнты, каб можна вызначыцца са спецыялізацыяй. Зразумець на практыцы, у якой сферы хацелася б працаваць.
— Ёсць магчымасць скараціць гэтую самую стажыроўку на падставе таго, што ў цябе ёсць пэўны клінічны досвед і перад табой не стаіць пытанне, якую спецыялізацыю выбраць. І я б хацеў ужо хутчэй вярнуцца да сваіх там любімых пацыентаў і наркозных апаратаў.
Таму я звярнуўся ў Цэнтр паслядыпломнай медычнай адукацыі (Centrum Medycznego Kształcenia Podyplomowego, СМКР), ёсць такая структура Міністэрства аховы здароўя ў Польшчы. Гэты Цэнтр займаецца разгядам такіх спраў у дачыненні да лекараў, што прыехалі з-за мяжы. Падаў дакументы, але мне адмовілі ў разглядзе маёй справы па фармальнай прычыне — на падставе таго што ў мяне няма апастылю на мой беларускі дыплом. І гэта нягледзячы на тое, што мой беларускі дыплом ужо настрыфікаваны, то-бок прызнаны раўназначным польскаму.
Я звяртаўся з дадатковымі тлумачэннямі, прадастаўляў копію рашэння пра маю міжнародную абарону. Тлумачыў, што я аб'ектыўна не магу вярнуцца ў Беларусь і атрымаць апастыль. Але гэтыя аргументы не былі прынятыя. Таму я год нароўні з учорашнімі студэнтамі здзіўляў польскіх лекараў і медсёстраў тым, што да іх прыйшоў такі сівы стажор.
«SOR — адно з самых складаных аддзяленняў у кожным шпіталі»
— Пасля гэтай стажыроўкі я падаў дакументы і зноў гэты СМКР толькі ўжо на прызнанне спецыялізацыі. І паралельна, паколькі гэта доўгі працэс, пачаў працаваць там, дзе дазваляе польская медыцына працаваць доктару без спецыялізацыі. Таму што для польскай медыцыны я доктар без спецыялізацыі. Студэнт, які нічога не выбраў, толькі думае пасля стажыроўкі пра сваю будучую прафесію.
Такіх магчымасцяў не асабліва шмат. І найбліжэйшае да таго, чым я займаўся раней, да інтэнсіўнай тэрапіі, гэта праца на SOR (Szpitalny oddział ratunkowy). Гэта нешта накшталт аддзялення экстранай дапамогі.
Твая задача аказанне экстранай дапамогі і прыняцце рашэння пра тое, ці гэты чалавек мусіць застацца ў шпіталі, у якім аддзяленні, ці выпісаць яго дадому, таму што стан ягоны не патрабуе шпіталізацыі.
Думаю, што SOR — гэта бадай адно з самых складаных аддзяленняў у кожным шпіталі.
Акрамя SOR ёсць яшчэ магчымасць працаваць у паліклініках пасля 18 гадзін у працоўны дзень да 8 гадзіны наступнага дня. І ў выходныя дні, калі да цябе прыходзяць пацыенты і ты аказваеш ім дапамогу, альбо накіроўваеш на той жа самы SOR у шпіталь. Гэта практычна ўсе магчымасці для лекараў без спецыялізацыі.
«Мае дакументы нават не разгядалі»
— Праз два месяцы пасля падачы дакументаў на пацвяржэнне спецыялізацыі, мне прыйшла адмова. Па прычыне таго, што я не магу прадаставіць дакументы пра іспыт па заканчэнню маёй спецыялізацыі, які здаваў у далёкім 2002 годзе. Не магу прадаставіць пратакол гэтага іспыту. А чаму не магу гэта прадаставіць? Таму што не магу паехаць у Беларусь і асабіста вырашыць гэтае пытанне.
А я спрабаваў дыстанцыйна звяртацца ў Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт, звяртаўся ў РНПЦ Маці Дзіця, каб атрымаць інфармацыю пра тое, чым я займаўся амаль 20 гадоў маёй там працы. Але яны мне адмовілі.
Гэтыя пісьмовыя амовы, перакладзеныя на польскую мову і пацверджаныя натарыяльна, я адправіў у СМКР. І мне ад іх зноў прыйшла адмова, бо я не магу «прадаставіць усе неабходныя дакументы».
Я ім пісаў яшчэ раз, абгрунтоўваў, як у першы раз, прадастаўляў копію рашэння пра наданне мне міжнароднай абароны і абгрунтоўваў, што не магу паехаць у Беларусь, не магу прывесці гэтыя дакументы. У мяне ёсць аб'ектыўныя прычыны, аб'ектыўнасць якіх прызнана польскай дзяржавай, што пацвярджаецца тым статусам, які мне быў нададзены. Але мае дакументы нават не разгядалі.
І вось атрымліваецца, што мне дазволілі вярнуцца ў медыцыну, але нават не даюць шансу на разгяд дакументаў пра маю спецыялізацыю. Гэта як бы па аналогіі, калі ты быў у аркестры другой скрыпкай, а табе дазваляюць вярнуцца ў аркестр асістэнтам дырыжора, ноты перагортваць. Безумоўна, вельмі важная праца, ад якой залежыць функцыянаванне ўсяго аркестра, але не тое, чым я займаўся раней і ў чым маю моцныя бакі.
Гэта не толькі праблема Андрэя Вітушкі, але і ўсіх тых беларускіх лекараў, якія з-за палітычных прычынаў не могуць атрымаць усе неабходныя паперы з Беларусі. Атрымліваецца, што шмат спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі (хірургі, артапеды, траўматолагі, эндакрынолагі ды іншыя) вымушаны працаваць зусім не там, дзе яны маглі б прынесці больш карысці. І гэта пры тым, што Польшча адчувае вялікі недахоп менавіта вузкіх спецыялістаў.
Але тым не менш, Андрэй Вітушка лічыць, што польская сістэма мае даволі шмат плюсаў. Гэта і высокі ўзровень заробкаў, які дазваляе лекару працаваць толькі на адну стаўку. І большая падрыхтаванасць да сучасных выклікаў — хранічных захворванняў. Польская медыцына высокатэхналагічная, і гэта тычыцца не толькі Варшавы, а любога населенага пункта краіны. Уражвае і польская сістэма забеспячэння пацыентаў лекамі.
Пра тое, што з польскага досведу варта ўзяць у будучую сістэму аховы здароўя Беларусі? Ці збіраецца Вітушка вяртацца ў Беларусь пасля таго, як пацвердзіць сваю спецыялізацыю ў Польшчы? Што для яго і яго сям'і значыць «вярнуцца дадому з магніцікам»? Слухайце ў нашым аўдыё
Падрыхтавала Аксана Колб