Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Новая праграма, змены на талерках, забарона карыстацца тэлефонамі... Польскія школьнікі вярнуліся за парты

01.09.2026 15:07
У сваю чаргу, прэзідэнт Караль Наўроцкі 1 верасня звяртаў увагу на зусім іншы аспект школьнай адукацыі.
Аўдыё
  • Новы навучальны год у Польшчы.
        404  .
Урачыстае адкрыццё навучальнага года ў пачатковай школе № 404 у Варшаве.Фота: PAP/Marcin Obara

1 верасня амаль пяць мільёнаў школьнікаў пачалі ў Польшчы новы навучальны год. Пасля перыяду бесклапотнага летняга адпачынку іх чакаюць немалыя змены, уведзеныя ўладамі ў адукацыйных установах. Змены датычаць як школьнай праграмы, правіл паводзін на школьных калідорах, так і інгрэдыентаў на талерках у школьнай сталоўцы.  

Школьнікі базавай школы, моладзь у сярэдніх школах, а таксама настаўнікі сутыкнуліся з ключавымі зменамі ў сістэме адукацыі. Гэта, у прыватнасці, абавязковы прадмет «Медыцынская адукацыя», забарона карыстацца смартфонамі ў базавых школах, рэформа пад назваю «Компас будучыні».

Школа павінна даваць вучням новыя навыкі, а не абцяжарваць іх энцыклапедычнымі ведамі — такая галоўная мэта рэформы. Гэта першы этап змен, які пакуль што закранае першы і чацвёрты класы пачатковай школы. Урокі медыцынскай адукацыі цяпер абавязковыя — за выключэннем матэрыялаў, прысвечаных сексуальнаму здароўю.

Пра важнейшыя мэты рэформы адукацыі гаворыць экспертка ў гэтай галіне Яанна Дабкоўска (Joanna Dobkowska). Яна адзначае, што не будзе рэзкіх змен, яны ўводзяцца паступова, і датычаць перш за ўсё малодшых класаў.

— Гэта звязана з тым, каб, па меры магчымасці, як мага часцей адмаўляцца ад падзелу на розныя прадметы, каб школьнікі маглі рэалізаваць розныя праекты. Яны павінны не толькі атрымліваць сухія веды, але вучыцца таксама розным уменням у школе. А гэтаму можна навучыцца толькі ў кантакце з іншай асобай. Гаворка ідзе пра ўменне працаваць у калектыве, супрацоўнічаць з іншымі людзьмі, уменне ўзаемадзейнічаць з іншымі.

Таксама ўводзіцца забарона на карыстанне мабільнымі тэлефонамі ў пачатковых школах. Раней і так многія ўстановы ўводзілі такое правіла, а цяпер яно будзе агульным для ўсіх школ. Вось што думаюць пра такі крок бацькі:

— Я вельмі цешуся, цяпер вучні змогуць больш увагі прысвячаць вучобе, а не тэлефону.

— Вельмі добра, можа, менш будзе выпадкаў, калі школьнікі запісваюць відэа, асабліва здымаюць больш бедных дзяцей. Я не баюся, што не будзе кантакту з дзіцём.

 Гэта добра, паколькі дзеці павінны больш часу праводзіць з равеснікамі. У майго сына няма смартфона, ёсць толькі гадзіннік з магчымасцю званіць. Ён мне звоніць, калі я на працы, каб паведаміць, што прыйшоў у школу, і калі вяртаецца дахаты.

Забарона карыстацца тэлефонамі пачне дзейнічаць паступова, у дырэктараў ёсць час да канца каляндарнага 2026 года, каб яе рэалізаваць. Рэформа прадбачвае таксама змены ў школьных сталовых. Адукацыйным установам прапануюць больш увагі звяртаць на так званую «планетарную дыету», — гаворыць начальніца аддзела адукацыі Падляскага ваяводства Агнешка Крокас-Янчыла (Agnieszka Krokos-Janczyło).

 Калі гаворка ідзе пра планетарную дыету, дык гэта перш за ўсё дыета, якая ўтрымлівае больш вараных прадуктаў, а не смажаных, больш гародніны і садавіны. Гэта правілы рацыянальнага, здаровага харчавання. Школа павінна быць такім месцам, дзе вучні харчуюцца разнастайнай, карыснай ежай. І таксама, а можа перш за ўсё, школа павінна вучыць, як харчавацца рацыянальна. Планетарная дыета з’яўляецца крокам у дадзеным напрамку.

У сваю чаргу, прэзідэнт Караль Наўроцкі (Karol Nawrocki) 1 верасня звяртаў увагу на зусім іншы аспект школьнай адукацыі — на патрыятызм. У аўторак прэзідэнт і яго жонка Марта былі гасцямі ўрачыстай лінейкі ў сярэдняй школе імя маёра Канстанціна Мікалая Радзівіла ў Каморніцы пад Варшавай. У школе ёсць класы, якія рыхтуюць будучых паліцэйскіх, вайсковых і пажарных. Кіраўнік дзяржавы казаў, што добрая школа павінна быць такой, як тая, дзе ён знаходзіцца.

 Тут менавіта добрая польская школа, якая памятае пра мінулае, пра гісторыю, якая рыхтуе выдатных кадэтаў. Яе вучні гатовыя ўзяць адказнасць за будучыню Рэспублікі Польшчы. Добрая польская школа — гэта таксама такая школа, у якой будуюць добрыя адносіны. Так што, патрэбнае разуменне, хто мы — палякі? Палякі павінны выходзіць з польскіх школ.

А настаўнікі? Яны ўсё яшчэ не пачалі зарабляць годныя грошы за сваю нялёгкую працу. За дзень да пачатку новага навучальнага года настаўнікі сабраліся на акцыі пратэсту каля Канцылярыі прэм'ер-міністра. Мэта — перш за ўсё нагадаць пра абяцанне ўладаў звязаць зарплаты педагогаў з сярэднімі заробкамі па краіне. На жаль, пакуль што гэта застаецца толькі абяцаннем. Міністр адукацыі Барбара Навацка (Barbara Nowacka) казала, што ўрад распрацуе адпаведны юрыдычны механізм да канца сваіх паўнамоцтваў. У гэтым годзе настаўнікі могуць разлічваць на павышэнне зарплаты на ўзроўні трох адсоткаў.  

IAR/нг