Ганна шмат гадоў была журналісткай розных выданняў, а ў 2020-м стала спачатку назіральніцай на выбарах, а пасля валанцёрам Камітэта супраць катаванняў. Гэта цалкам змяніла яе жыццё.
— Адна справа ведаць пра гэта як журналіст, зусім іншая — убачыць на свае вочы. І ты разумееш, што такім жа свет ужо не будзе. Калі я пачала слухаць і ўсе гэтыя гісторыі катаванняў, дакументаваць іх, гэта таксама мяне змяняла. Я думала, што такая несправядлівасць не можа доўга існаваць. Я думала, што ўсё хутка скончыцца. Таму і доўга заставалася ў Беларусі.
Пасля мой сын скончыў школу. Ужо шла вайна. І я зразумела. што Беларусь не краіна для жыцця для маладых. І што сына трэба вывозіць. Так мы апынуліся ў Польшчы. Думалі, што не надоўга, толькі каб падтрымаць сына, які паступіў вучыцца.
І тут ты працягнула займацца журналістыкай?
— Так, мне ў Польшчы прапанавалі супрацу некалькі медыя, але увлі я ўяўляла, што мне зноў трэба быць у інфармацыйнай павестцы, кожны дзень чытаць рэпрэсіўныя навіны з Беларусі, мне станавілася дрэнна. Я больш не хацела гэтым займацца. У мяне быў план заняцца фізічнай працай. Трэба было нешта мяняць. І я вырашыла пайсці ў клінінг.
Мяне хапіла на шэсць тыдняў. Але для мяне гэта быў вельмі добры досвед. Такая вельмі простая фізічная праца, дзе ты ведаеш, што табе рабіць. Ніякай адказнасці ў параўнанні з той адказнасцю, якая ёсць, калі ты пішаша тэкст на некалькі дзясяткаў тысяч аўдыторыі. Наводзіш парадак знешні. Тксама гэты парадак наводзіш у галаве. Бачыш вынік сваёй працы. Гэта была вельмі добрая тэрапія.
Хаця я атрымлівала за гэту тэрапію 20–22 злотых за гадзіну. Так я пратрымалася шэсць тыдняў, а пасля сышла, бо захацелася зноў інтэлектуальнай працы.
І вось я неяк вырашыла падлічыць, колькі такая невялічкая клінінгавая кампанія можа зарабляць. Для аналізу ў меня было дастаткова інфармацыі, бо я ведала працу знутры. Калі ўбачыла лічбы, зразумела, што на гэта можна жыць. Паказала гэтыя лічбы сыну. І забалася. Пачала зноў пісаць артыкулы. Кніжку дзіцячую напісала.
А сын не забыўся. І вось так на энергіі маладосці мы гэты бізнес і пачалі. Мы доўгі час працавалі ўтрох — я, муж і сын. І толькі праз паўгода пачалі наймаць працаўнікоў. Спачатку адну, пасля другую...
Зараз у фірме Ганны 16 работнікаў. У асноўным гэта таксама беларускі, якія вымушана пакінулі краіну. Таксама ёсць украінкі, і адна расіянка. Кліенты Ганны з большага таксама беларусы і ўкраінцы. Хаця ёсць і палякі.
Прыклад працы клінінгу Ганны. Фота з асабістага архіва Ганны
Як гэта ўпершыню ў жыцці пачынаць бізнес ды яшчэ і ў чужой краіне?
— Выявілася, што гэта зусім не складана. Асабліва, калі тут зараз столькі беларусаў, якія дапамагаюць. Палякі таксама вельмі прыязна ставяцца. А наогул наша праца запатрабаваная, нішавая. Для нас заўсёды будзе праца.
Кліенты таксама да нас вельмі прыязна ставяцца. Наогул мяне здзіўляешто людзі так давяраюць. Здавалася, ты запускаеш чужых людзей у сваю кватэру, але ніхто нічога не хавае, не запытваюць, хто там будзе. Ну, а мы таксама не цуремся працы. Калі нават памяшканне зусім бруднае, гэта ж нармальна. Для таго і клінінг патрэбны, каб пасля было чыста.
Ці марыць Ганна вярнуцца ў Беларусь?
— Польшча для мяне стала домам. Варшаву я ўспрымаю, як восьмы раён Мінска. Праз тое, што мы ментальна падобныя з палякамі, што тут шмат беларусаў, шмат івэнтаў для беларусаў я не адчуваю сябе ў чужой краіне. Для мяне Польшча — як лепшая версія Беларусі. Ці як альтэрнатыўная рэальнасць, калі мы ў 2020-м перамаглі і вось на 25 сакавіка ходзім тут з вялізным бел-чырвона-белым сцягам. Я вось у такой рэальнасці тут жыву. Таму не мару вярнуцца ў Беларусь. Менавіта як мару я гэта не ўспрымаю, не думаю пра вяртанне.
Да таго ж мы тут усе можам дапамагаць тым, хто застаўся, і тым, хто прыязджае адтуль пакалечаны. Праз данаты, праз валанцёрства. Таму ўсе мае матэрыяльныя і духоўныя патрэбы тут рэалізаваныя. І ў мяне няма пачуцця віны, што вось я з’ехала, а людзі там засталіся пакутваць, бо магу ім дапамагаць.
Мне, канечне вельмі хацелася б пабываць ў тым дні, калі мы ўсе выйдзем і будзем святкаваць. Але ў мяне ўжо няма такой мяжы. То-бок я магу быць тут і нешта мяняць там. Мне не трэба быць там тэрытарыяльна, каб нешта мяняць. Я магу жыць тут, як ў прыгарадзе Беларусі, і прыязджаць туды, калі я там патрэбная.
Што б яшчэ хацелася зрабіць для сябе, для бізнесу, для Беларусі?
— Для сябе — не ведаю. Амбіцый пашыраць бізнес у мяне таксама няма. Мне б хацелася дапамагаць людзям, тым, хто пакутваў. Бо людзі траўмаваныя. Тыя, што перажылі турму. Не ўсе з гэтым справіліся. Хацелася б нешта рабіць для іх рэабілітацыі. Нешта сістэмнае.
Слухайце наша аўдыё
Аксана Колб