У Польшчы пабывала група маладых палякаў з Мінска, якія вывучаюць польскую мову ў школе пры Саюзе палякаў. Падлеткі ўдзельнічалі ў дэбатах, прысвечаных польскай адукацыі за мяжой – якой яна павінна быць. Ці павінна абмяжоўвацца да захавання польскай мовы, ідэнтычнасці, культуры і традыцый сваіх продкаў, ці перш за ўсё павінна рыхтаваць да актыўнай грамадскай дзейнасці ў краіне пражывання.
Маладыя палякі з Беларусі не мелі сумневаў – адукацыя павінна засяроджвацца перш за ўсё на захаванні мовы і тоеснасці. Пра гэта мы папрасілі іх паразважаць, па меры магчымасці па-беларуску, але аказалася, што не ўсе могуць свабодна гаварыць на беларускай мове, паколькі гэтая мова выкладаецца ў беларускіх школах у абмежаваным фармаце.
Вікторыя: Польская мова – наша родная, таму што мы – палякі, хаця і нарадзіліся ў Беларусі. Мы не хочам страціць сувязі з нашай радзімай – Польшчай. І таму мы вучым польскую мову, ходзім у школу, якая дзейнічае пры Саюзе палякаў.
Марыя Елец: Я буду гаварыць па-польску, паколькі беларуская мова вельмі падобная на польскую мову. І таму мне вельмі цяжка адрозніваць словы адной і другой моваў. Яны блытаюцца. Агулам мне вельмі цяжка гаварыць па-беларуску, з-за той прычыны, што ў Беларусі мы вельмі рэдка размаўляем па-беларуску. На жаль, практычна гэтая мова выкладаецца як замежная мова. У нас у школе ў плане заняткаў толькі дзве гадзіны ўрокаў беларускай мовы ў тыдзень.
Вучаніца: Я вельмі люблю сваю школу польскай мовы пры Саюзе палякаў на Беларусі. Гэта для мяне вельмі каштоўна – пазнаваць польскую мову. У мяне ёсць канкрэтная мэта – я хачу ў будучыні паехаць вучыцца ў сярэднюю школу ў Польшчу - у ліцэй у Варшаве. І таму я хаджу вучыць польскую мову, таксама мы вывучаем гісторыю ў рамках гэтай школы. Я, на жаль, таксама не магу свабодна гаварыць па-беларуску. У нас у школе толькі дзве гадзіны беларускай мовы ў тыдзень. Маім меркаваннем, гэта вельмі мала. Беларуская мова - наша нацыянальная мова, і мы павінны ў Беларусі гаварыць на беларускай, а не на расійскай мове.
Ігар, бацька адной з вучаніц: Мая дачка ўжо тры гады вывучае польскую мову. Мае бабуля і дзядуля размаўлялі трасянкай, ужывалі шмат польскіх слоў. Гэта выдатна, калі чалавек ведае некалькі моў, можа не толькі размаўляць на іх, але і думаць на гэтых мовах. Гэта спрыяе ўспрыманню рэальнасці, успрыманню свету, культуры, шырыні пазнання, развівае мозг. А найбольш мне падабаецца тое, што мае дзеці лепш цяпер ведаюць мову, чым я. Гэта мой гонар, што мне ўдалося прывіць ім любоў да мовы, якая для іх не зусім родная.
Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле
Наталля Грышкевіч