Прэзентацыя адбылася ў Беларускім моладзевым хабе 8 кастрычніка. Гэта першая з цэлага шэрагу прэзентацый, якія адбудуцца на працягу бліжэйшых тыдняў па ўсёй Польшчы.
«Соль зямлі» — зборнік з 12 беларускіх віктарынаў па 33 пытанні на тэмы «Беларусь», «Навука», «Літаратура», «Мастацтва», «Архітэктура», «Музыка», «Кіно», «Спорт», «Геаграфія», «Эканоміка», «Палітыка», «Біблія» — дзеля асветы і адукацыі беларусаў у Беларусі і за мяжой.
Пачатак гэтай кнізе быў пакладзены на дошках Акрэсціна ў ліпені 2020 года. Менавіта тады Павел пачаў складаць свае віктарыны. Ужо пасля ён дасылаў іх у лістах родным. А па вызваленні нарэшце змог скласці зборнік і апублікаваць яго.
— У зборніку ёсць інфармацыя, якую трэба ведаць кожнаму беларусу. Пачынаючы ад таго, чаму, напрыклад, брытанскі фрэгат гэта made in Belarus, чаму менавіта беларусы вывелі чалавецтва ў космас? Многія іншыя пытанні, якія да гэтага часу невядомыя людзям, якія ў 2020-м выйшлі за Беларусь. Амаль 400 пытанняў і адказаў для іх. Гэта для беларусаў, якія і ў Беларусі, і за мяжой.
«Соль зямлі» — гэта адсылка да Евангелля?
— Канечне, гэта адсылка да словаў Хрыста з Евангелля. З аднаго боку, гэта і для вернікаў і пра вернікаў. Але з другога, гэта яшчэ і пра беларусаў. Таму што беларусы — гэта народ солі. У нас запасы солі калійнай і кухоннай такія, што мы ўсю Еўропу можам з галавой заваліць. Беларусь мае ў сабе соль. І тут моцны евангельскі сэнс, бо соль заўсёды ў Бібліі была сімвалам захаванне сутнасці, сімвалам смаку. Вось каб беларусы адчулі гэты смак беларускасці, смак жыцця, мы і рабілі калісьці ў Маладым фронце віктарыны. І робім зараз шоў Беларушчыны 2.0 — «Соль зямлі».
Штосьці яшчэ на падыходзе, якія кнігі чакаць?
— На падыходзе яшчэ некалькі кнігаў, таму што ў турме было абдумана семь. Рыхтую бліжэйшым часам яшчэ дзве. Гэта казку, якую я калісьці пісаў для Фанцішка. І кнігу «Ісус Хрыстос размаўляе па-беларуску». Гэта будзе хутчэй кніга факту, кніга як пэўны крышталь нацыянальнай ідэі. А з мастацкіх — будзе трэці Беларусалім, ён таксама ў гэтым спісе. То-бок завяршэнне трылогіі — «Беларусалім Уваскрасенне».
Што галоўнае ў тваім пасыле. Што ты хочаш сказаць беларусам і не толькі беларусам, а ўсім тым, хто думае пра Беларусь?
— Хачу данесці, што краіна, у якой Бог даў нам нарадзіцца, яна асаблівая, яна ўнікальная. Гэта проста нейкая ўспышка, нейкі цуд нават па сусветных маштабах. Кожны беларус павінен адчуваць, што ён нарадзіўся не проста ў нейкай адзінцы геаграфіі, а гэта — цэлы лёс, цэлы набор генаў, цэлая ўспышка святла. Каб беларусы адчулі сябе беларусамі, мы павінны гэту ўспышку перажыць.
Што нам рабіць, каб данесці гэта свету?
— Перш за ўсё пачаць з пытанняў і адказаў: хто мы ёсць, адкуль мы, чаму мы тут, куды мы ідзем. Знакамітыя пытанні, калісьці зададзеныя класікам. І вось наша нацыя, наша пакаленне павінна адказаць цяпер. Пасля 2020 года — гэта самы час, каб такое рабіць.
І хто мы ёсць?
— Мы, беларусы, — дзеці Святла. Мы, беларусы, — народ можа і не рэлігійны, але глыбока хрысціянскі. Мы, беларусы, — народ, які нёс святло і Захаду, і Усходу. Гэта ўнікальная місія. Гэта цэлае вымярэнне. Пра гэта будзе асобная кніга.
І кожны перажывае Беларусь праз сябе, праз уласны лёс. Але ўсе разам мы разумеем, што Беларусь — гэта ідэальнае, нешта найвышэйшае, задуманае Богам як святло ў сэрцы. Беларусь — у сэрцы Еўропы.
Куды мы ідзем, да якой краіны? Чаму мы стаім на вяршыні гары? Якім Павел бачыць месца Беларусі ў еўрапейскім і сусветным кантэксце? — слухайце ў нашым аўдыё.
Аксана Колб