Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Стэфан Эрыксан: Беларуская мова дала мне разуменне, хто такія беларусы

13.11.2026 06:00
Ці падобныя беларусы да шведаў? Што агульнага ў Беларусі і Казахтана? Якой бачыцца будучыня Беларусі? 
Аўдыё
  • Экс-амабасадар Швецыі разважае пра мінулае і будучыню Беларусі

Экс-амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан у студыі Беларускай службы Польскага радыё разважае пра мінулаем і будучыню Беларусі. І пра тое, чаму ён закахаўся ў краіну, дзе адкрываў першую шведсткую амбасаду.

«Закаханы ў Беларусь»

Вас называюць ці не найлепшым амбасадарам Швецыі ў Беларусі, беларускім шведам, шведскім беларусам. І гэта не толькі таму, што вы цудоўна валодаеце беларускай мовай, а яшчэ і таму, што вы проста захварылі на Беларусь.  

— Ну, наконт валодання мовай зараз мы паглядзім. Я не кожны дзень размаўляю па-беларуску, але у мяне была магчымасць сустракацца з беларускімі сябрамі тут у Варшаве, таму трошкі разгаварыўся.

Пасля пасля мяне ў Беларусі было шмат добрых амбасадараў. Я не буду іх ацэньваць, але сапраўды для мяне праца ў Беларусі была асаблівая. Так здарылася, што я быў першым паслом, амбасадарам, рэзідэнтам у Беларусі. Адкрыў пасольства. Да гэтага быў толькі офіс нашага пасольства ў Маскве. Мне выпаў час вельмі цікавы. І сапраўды я ці захварэў Беларуссю, ці закахаўся.

Я з дзяцінства любіў вывучаць мовы. Калі я прыязджаю ў якую-небудзь краіну, мне цікава вывучаць яе традыцыі, культуру і мову. Я не ведаў беларускую мову, калі прыехаў у Беларусь, але вырашыў, што варта яе вывучыць. Неяк мне, здаецца, гэта ўдалося. Гэта для мяне адкрыла шмат новага, шмат цікавага. Думаю, што я працу сваю лепей рабіў дзякуючы гэтаму, але, мабыць, галоўнае для мяне самаго — гэта зрабіла працу цікавейшай.

«Ваша мова цудоўная, мілагучная, прыгожая»

Мне падаецца, што ў шведаў і беларусаў шмат агульнага. І ў нас шмат падобных рысаў характару. Ці так гэта?

— Канешне ёсць шмат агульнага. Сапраўды беларусы і шведы лёгка знаходзяць агульную мову. З чым гэта звязана, цяжка сказаць. Мабыць з тым, што нас каля 10 мільёнаў, беларусаў і шведаў. Краіны адносна маленькія. Гісторыя нас звязвае вельмі даўно. Гаворыць, што ў беларусаў памяркоўны такі характар. Шведы таксама лічаць, што мы за кампрамісы, што мы заўжды не хочам канфліктаў. Ці заўжды гэта добра? Можна паспрачацца, але гэта так.

Што для вас значыць беларускі асяродак, беларуская культура, беларуская гісторыя? Асабліва пасля таго, як вы туды, так бы мовіць, далі нырца.

— У мяне не было плана, што я з беларускай мовай зраблю. Проста вырашыў, што трэба спрабаваць вывучыць. Я ж да гэтага ведаў расійскую мову. І канешне можна было б спакойна пражыць, зразумець людзей з расейскай мовай. Але я пачаў вывучаць мову і гэта дало больш разумення, хто такія беларусы. Ну, і канешне, гэта адчыніла шмат дзвірэй да беларусаў.

Мяне троху дзівіла, такое станоўчае стаўленне да замежніка, які цікавіцца мовай беларусаў. Яны мабыць не чакалі, што чалавек вось так, усё душой. І я зразумеў, што магчыма ў гэтым неякая мая місія: паказваць, што ваша мова цудоўная, мілагучная, прыгожая. 

Я стараўся выкарыстоўваць беларускую мову публічна. І не толькі таму, што яна мне вельмі падабалася, гэта быў спосаб паказваць, што што беларуская мова вартая, яна не горш за іншыя мовы.

Мне здаецца, дзякуючы вам, магчыма нейкая частка беларусаў таксама перайшла на сваю мову, бо проста было сорамна. Ну як так, швед вывучыў, а мы не можам?

— Я не думаю, што гэта дзякуючы мне, я думаю, гэта дзякуючы працэсам, якія павінны былі ісці і зараз адбываецца. Зараз абставіны канешне, іншыя. Але я бачу беларускую мову ў інтэрнэце. Зараз тут у Польшчы сярод беларусаў. У Літве таксама. Мне здаецца, што пазіцыя беларускай мовы ўсё-такі паляпшаецца, людзі прыходзяць да мовы, і гэта нармалёва. Гэта здарылася б і без мяне, але, калі я цешуся, калі змог на кагосьці паўплываць.

«У глыбіні душы я ведаў, што беларусы хочуць жыць па-іншаму»

Стэфан Эрыксан працаваў у Беларусі сем гадоў і вымушаны быў з’ехаць у 2012-м у сувязі з так званым «плюшавым дэсантам». Пасля ён працаваў у Бюро Паўночных краін у Рызе. Але ўсяроўна сачыў за падзеямі ў Беларусі, падтрымліваў сувязь са шматлікімі беларускімі сябрамі. І нават змог наведваць Беларусь. Апошні раз ён быў там у 2019 годзе.

На пытанне: «Ці здзівілі яго падзеі 2020 года?» — Стэфан Эрыксана адказаў:

— Тое, што здарылася ў 2020 годзе, з аднаго боку, канешне было сюрпрызам. Я сачыў за падзеямі пад час тых выбараў, але што рэакцыя беларусаў будзе такой моцнай, не чакаў. Хаця ў глыбіні душы я ведаў, што гэта магчыма, што беларусы усё ж хочуць жыць па-іншаму. І, так, гэта, з аднаго боку, быў сюрпрыз, але ён толькі пацвердзіў тое, што я, мабыць, адчуваў і раней.  

Што вас найбольш уразіла ў 2020 годзе і пасля яго? 

— Я за падзеямі 2020-га назіраў ужо ў Латвіі, дзя я знаходзіўся. Больш за ўсё, канечне ж, уразіла колькасць людзей, якія вышлі на пратэсты. Раней таксама выходзілі людзі, але ў 2020-м іх былі сотні тысяч. Гэта значыць, што выйшлі новыя людзі, якія раней сябе не звязвалі з апазіцыяй, проста звычайныя беларусы, якіх дастала.

Знаёмыя мне вуліцы і плошчы ў Мінску былі перапоўненыя людзьмі. Але гэта ж адбылося практычна ва ўсіх гарадах Беларусі, дзе даўно не было пратэстаў. І вось гэта здарылася.

На пытанне, ці хацелася Эрыксану прайсціся разам з тымі людзьмі, ён адказаў, што прынамсці быў бы не супраць хаця б назіраць за гэтым збоку.

«Беларусь будзе часткай Еўропы, іначай быць не можа»

Як вам бачыцца перспектывы Беларусі? Дзе яе месца?

— Не ўдзячная справа рабіць прагнозы ў наш час, таму што столькі зменаў у свеце адбываецца. Але для мяне заўжды было ясна, што Беларусь — гэта частка Еўропы, што Беларусь мае дачыненне да еўрапейскай гісторыі, да еўрапейскай культуры, мае вельмі блізкія сувязі з Паўночнай Еўропай, але не толькі. Канешне, таксама з Літвой, з Польшчай, з Украінай. І я ўпэўнены, што Беларусь будзе часткай Еўропы, іначай быць не можа.

Зараз вельмі непросты час. Беларусь у пэўным сэнсе з'яўляецца заложнікам падзей, якія адбываюцца ў іншых краінах. І беларусы не здольныя зараз вырашаць цалкам свой лёс. Гэта, канешне, засмучае, думаю, і саміх беларусаў таксама. Але гісторыя часта паварочваецца ў нечаканыя бакі. Падзеі могуць адбыцца такія, якія адкрыюць магчымасці для Беларусі ў Еўропе. Так павінна быць.

Калі гэта будзе? Праз год, праз пяць гадоў, дзесяць — не хацелася б. Дзесяць гадоў гэта ж не можа працягвацца, мне здаецца.

«Святлана Ціханоўская зрабіла вельмі шмат для Беларусі»

— Беларусы зараз у цяжкай сітуацыі. Шмат у каго праблемы ў сувязі з вымушаным пераездам. А хтосьці не можа з'ехаць з Беларусі. Магчыма таму так шмат спрэчак. Людзі ў прастрацыі, эмоцый вельмі шмат выліваецца. Але ў цэлым, мне здаецца, што беларусы трымаюцца разам. Разумеюць, што агульны вораг — зразумела хто. А тое, што могуць быць розныя погляды — гэта нармалёва.

Самае важнае зараз для Беларусі гэта захоўваць беларускае пытанне ў міжнароднай павестцы. Таму што столькі праблем зараз у свеце. Вайна для ўсіх зараз галоўная праблема. Але мы адначасова павінны памятаць пра Беларусь.

Мне здаецца, толькі за гэта трэба паважаць людзей, якія гэта робяць. Я ведаю, што ёсць незадаволеныя. Але дагэтуль не бачыў, каб беларускія пытанні ўздымаліся на такім узроўні ва ўсёй Еўропе і не толькі ў Еўропе.

І я проста павінен гэта сказаць, што Святлана Ціханоўская зрабіла вельмі шмат для Беларусі. І за гэта ёй вялікая павага. Я ўпэўнены, што ніхто не змог бы зрабіць лепш, чым яна зрабіла. Зразумела, што без памылак не у каго не бывае. Але трэба падтрымліваць сваіх і разумець, што ўсе ў непростых сітуацыях.

Таму я аптымістычна гляджу на будучню, негледзячы на ўсе сённяшнія праблемы, таму што веру у беларусаў. Веру, што беларуская культура, што беларусы у выніку зоймуць сваё справядлівае месца ў Еўропе.

«Гістарычны лёс Казастана трошкі нагадвае Беларусь» 

Зараз вы — амбасадар у Казахстане. Гэта новая для вас краіна. І вы ўжо пачалі вывучаць казахскую мову, знаёміцца з краінай. Ці ёсць нешта агульнае паміж Беларуссю і Казахстанам?

— Ну, гэта не зусім новы для мяне рэгіён, хаця шмат дзесяцігоддзяў я не быў там. Калісьці яшчэ ў 80-я гады я ездзіў туды турыстам. Канешне, шмат змянілася з тых часоў. Ну і я, па сваёй традыцыі, узяўся займацца казахскай мовай. Не магу, на жаль, зараз пахваліцца поспехамі. Не ведаю, ці ўжо больш стары стаў, ці цюркская мова аказалася для мяне занадта цяжкай, але не буду здавацца.

Канешне падабенства ёсць, ёсць і адрозненні. Што я бачу агульнага? Ну, напрыклад, гістарычны лёс Казастана трошкі нагадвае Беларусь у тым сэнсе, што іх тэрыторыя, геаграфічна знаходзілася побач з вялікімі дзяржавамі, па іх тэрыторыі розныя войскі праходзілі. У Беларусі сітуацыя ў гэтым сэнсе падобная. І канечне ёсць агульны досвед савецкага часу, савецкай каланізацыі.

Стэфан Эрыксан лічыць, што не гледзячы на тое, што Казахстан зазнаў пэўнае развіццё за савецкім часам, але рабілася гэта ўсё па-свецку. У тым ліку былі ўзгаданыя Аральскае мора, якое памірае, ядзерныя выпрабаванні ў Сяміпалацінску. А таксама моўны генацыд.

— Казахская мова, канечне, адрозніваецца ад рускай, гэта ім троху дапамала, мабыць. Але ў іх былі таксама тэндэнцыі, што казахі перасталі размаўляць на сваёй мове, таму што лічылася, што толькі расейская вартая ўвагі. Пераехаў з аула ў горад, тэба “гаварыць па-чалавечаскі”. І гэта траўма, бо ёсць шмат казахаў, якія не валодаюць сваёй мовай.

Пазіцыі казахскай мовы зараз узмацняюцца. У школах усе вучаць казахскую мову, але дагэтуль можна шмат расейскай мовы пачуць на вуліцах Алма-Аты і Астаны, і таксама сярод моладзі. Так ёсць. Але я думаю, гэта пытанне часу.

Таксама спадар Эрыксана распавёў, як ставілася яго сям’я да яго захаплення рознымі мовамі і культурамі. У якую школу хадзілі дзеці ў Беларусі, ці засталіся ў іх беларускія сябры.  Пра тое, як яны хадзілі з малодшым сынам на канцэрты N.R.M. Сыну вельмі спадабалася беларуская музыка.

Ці падтрымлівае Стэфан Эрыксан кантакты са сваімі беларускімі сябрамі? Аказваецца, ён знаходзіць з кім паразмаўляць па-беларуску і ў Казахстане і ў Швецыі.

«Канешне я хацеў бы яшчэ вярнуцца»

На пытанне: Якой спадар амбасадар бачыць будучыню Беларусі? — ён адказаў:

— У Беларусі вельмі цесныя гістарычныя сувязі з літоўцамі, украінцамі, палякамі. Я ўпэўнены, што што гэтыя краіны будуць бліжэшымі не толькі суседзямі, але і саюзнікамі. З паўночнай Еўропы мы таксама глядзім на Беларусь, як на саюзніка. І мяне вельмі радавала тады, калі я працаваў, што інтарэс у шведаў ёсць да Беларусі. Дый ва ўсіх еўрапейцаў таксама. Я ўпэўнены, што Еўропы без Беларусі не будзе, не можа быць.

Ці хацелі б вы калі-небудзь вярнуцца ў Беларусь у якой-небудзь якасці, у любой?

— Канешне я хацеў бы яшчэ вярнуцца. Зараз вярнуўся да беларусаў у дыяспары, у іншых краінах. Яны ж таксама частку Беларусі прывезлі з сабой. Ёсць трошку Беларусі тут (у Польшчы), у Літве, у Швецыі. І гэта добра. Але Беларусь існаваць без сваёй тэрыторыі не можа. І засталіся людзі ў Беларусі, якія па розных прычынах не могуць нікуды выехаць.

Таму я, канечне ж, хацеў бы яшчэ пабываць у Беларусі. За сем гадоў не паспеў пабываць паўсюль, ёсць мясціны, дзе я не быў. Там яшчэ трэба будзе пабываць.

У якую Беларусь вы б хацелі вярнуцца?

— У вольную Беларусь, у беларускую Беларусь. Беларусь, дзе людзі могуць жыць спакойна. Жыць у нармалёвай, цывізіванай краіне, я думаю, пра гэта марыць большасць беларусаў. Беларусы — мірныя людзі, як гавораць, і заслугоўваюць іншае жыццё, чым зараз. Упэўнены, што будзе такая Беларусь. Павінна быць.

Падрыхтавала Аксана Колб 

Больш на гэтую тэму: Беларусь