Напярэдадні ў Аўгуставе прайшла канферэнцыя, прысвечаная тэме, савецкіх рэпрэсій у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ў Аўгуставе. З выступаў удзельнікаў можна было зразумець, наколькі моцныя былі патрыятычныя традыцыі на памежжы Польшчы з Беларуссю на пачатку і ў палове ХХ-га стагоддзя. Яны перадаваліся з пакалення да пакалення: прадзеды змагаліся ў паўстанні 1861-га года, іх дзеці змагаліся за незалежнасць Польшчы ў 1918-м годзе, а іх дзеці змагаліся супраць нацыстаў і савецкай акупацыі ў 1939-46 гадаў. Гэта добра бачна ў біяграфіях сем’яў з Аўгустава, якія апрацавала Данута Кашлей з Гістарычнага клубу Арміі Краёвай у Аўгуставе.
— Марыяна Патаповіч была дачкой сялян Юзэфа і Марыяны (народжанай Маргевіч). З чэрвеня 1918 года яна актыўна ўдзельнічала ў структурах Польскай вайсковай арганізацыі, прыносіла загады і данясенні, узнагароджаная медалём Незалежнасці.
— Канстанцін Патаповіч з верасня 1917 года служыў у Першым польскім корпусе ў Расіі. У маі 1918 года вярнуўся ў Аўгустаў. Стаў ваенным інструктарам Польскай вайсковай арганізацыі (ПАВ) і, як адзін з васьмі афіцэраў, адыграў ключавую ролю ў наборы добраахвотнікаў для новай Польскай арміі. У лістападзе 1918 года раззбройваў немцаў. Быў узнагароджаны, сярод іншых, Сярэбраным Крыжам Заслугі і Крыжам Незалежнасці.
— Ізідар Патаповіч арганізаваў мабілізацыю добраахвотнікаў у шэраг Польскай арміі. У 1919 годзе ён добраахвотна пайшоў у Войска Польскае, далучыўшыся да 1-га Сувальскага стралковага палка, пазней 41-га пяхотнага палка. Падчас узяцця Мінску быў паранены. Ён атрымаў ордэн Virtuti Militari і быў узнагароджаны медалём Незалежнасці.
— Сямʼя Дычэўскіх з Аўгустава абапірала свой патрыятызм на паўстанні 1861-га году. Пётр Дычэўскі, які нарадзіўся ў 1810 годзе, пражыў 92 гады. Ён падтрымліваў паўстанцаў Каліноўскага, і выдаў сваю дачку замуж за Юзафа Клюкоўскага, які пайшоў добраахвотнікам у паўстанцкі атрад Канстанціна Раматоўскага-Вавера. Яны выхавалі пяць сыноў і дзвюх дачок у патрыятычным духу. Ян Паўлін Дычэўскі служыў у 1-м Польскім корпусе са жніўня 1917 года ў Расіі. Пасля таго, як корпус расфамавалі ў чэрвені 1918 года, ён вярнуўся ў Аўгустаў і стаў ваенным інструктарам Польскай вайсковай арганізацыі. У лістападзе 1918 года ўдзельнічаў у раззбраенні немцаў. У ліпені 1919 года ён добраахвотна пайшоў у Польскую армію. Ваяваў супраць бальшавікоў і быў паранены пад Львовам.
Гэта не адзіныя прыклады. Падобныя гісторыі маюць іншыя тамтэйшыя сям’і Стэфаноўскіх, Сабалеўскіх, Лазарскіх, Зарэмбаў. Дарэчы шмат, хто з гэтых людзей сталі ахвярамі савецкіх рэпрэсій на тэрыторыі Польшчы, у тым ліку падчас так званай Аўгустоўскай аблавы летам 1945-га года. Гэтыя людзі загінулі не выпадкова, савецкія карнікі пераследавалі ўсіх, хто быў палітычна ды грамадскі актыўным у міжваеннай Польшчы, кажа беларускі гісторык Анатоль з Інстытут гісторыі Польскай акадэміі навук.
— У структуры НКВД быў такі аддзел – ІНО, Замежны аддзел. Ён быў вельмі важным, і ён меў сваю агентуру ў Польшчы, якая займалася складаннем спісаў мясцовай адміністрацыі, паліцыі, жандармерыі – усіх-усіх. На пачатку двухтысячных гадоў была выдадзеная кніга «Шчыт і меч Айчыны». Так крыху раскрывалася дзейнасць КДБ, там быў апублікаваны фотаздымак мужчыны, а за ім шыльды: «Мяса, Стоўбцы». Гэта ж 35 кіламетраў ад тагачаснай граніцы. Зразумела адразу, што гэта быў рэзідэнт НКВД. І, канешне, калі ён жыў у Стоўбцах, ён ведаў прадстаўнікоў грамадскай адміністрацыі, палітычных партый, абʼяднанняў — усё ведаў. У выніку, калі наступіў трыццаць дзявяты год, НКВД-ысты зналі, куды ісці. Абсалютна пра ўсіх усё ведалі. Маўляў на гэтай вуліцы жыве адзін, а на той — другі, а там трэці. Аператыўна-чэкісцкія групы ішлі адразу за войскам. Іх задача была арыштаваць па магчымасці найбольшую колькасць патэнцыяльных «ворагаў» для савецкай улады. У першую чаргу гэта былі польскія вайскоўцы, прадстаўнікі адміністрацыі: войты ды іх намеснікі іх, прадстаўнікі судоў, органы юстыцыі, прадстаўнікі ўсіх палітычных партый — беларускія, яўрэйскія, ну і польскія, зразумела. У іх усё было.
Памяць пра гэтых людзей і пра такія важныя падзеі, як Незалежнасць, Абаронная вайна, падполле падчас акупацыі жывая сёння і актыўна ўшаноўваецца мясцовымі краязнаўцамі ды аматарамі гісторыі, кажа Данута Кашлей.
— Мы ладзім розныя мерапрыемствы. Гэта вандроўкі, рэйды для матацыклістаў, аўтобусныя вандроўкі, дзе мы бярэм моладзь. Таксама робім пешыя вандроўкі, ладзім таксама вандроўкі на байдарках на гістарычныя тэмы, у тым ліку пра Аўгустаўскую аблаву. Таксама мы ладзім навуковыя сесіі, ды іншыя тыпова адукацыйныя мерапрыемствы. Для нас важныя перш за ўсё, праекты, якія прыцягваюць моладзь, каб яны пыталі старэйшых людзей у вёсцы пра мінулае, рабілі фотадакументацыю. Такія акцыі даюць прастору для ўласных дзеянняў. У выніку, усё больш і больш людзей, якія раней гэтага не рабілі, пачынаюць цікавіцца гісторыяй і кажуць: «У мяне таксама ёсць хтосьці ў сямʼі, хто загінуў у ліпені 1945 года», і ў выніку мемарыяльных дошак у раёне Аўгустава становіцца ўсё больш. Я думаю, што гэта таксама цікавае сведчанне таго, што існуюць розныя спосабы ўшанавання памяці. Добра, што семʼі нарэшце пачынаюць адчуваць, што ахвяры іх блізкіх не была на дарэмнай, гэта мела сэнс.
Размаўляў Юры Ліхтаровіч