Што дапамагае захаваць сваю мову і культуру, калі даводзіцца пакінуць краіну? З гэтага пытання пачынаецца фестываль «Культура ў выгнанні», які цяпер праходзіць у кракаўскай Віле Дэцыюша. Фестываль распачаўся ў панядзелак, 16 лістапада, дыскусіяй, якую праваля Таццяны Нядбай з Беларускага ПЭН-а з Алесем Бяляцкім, праваабаронцам і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, пра хвалі беларускага нацыянальнага адраджэння, польскі вопыт змагання з камуністычным рэжымам і перспектывы зменаў у Беларусі.
Размова пра выгнанне закранае і будучыню самой Беларусі. Алесь Бяляцкі перакананы, што краіна і ўвесь рэгіён стаяць на парозе кардынальных зменаў да лепшага. Каб патлумачыць, чаму ён так думае, праваабаронца звяртаецца да досведу апошніх гадоў Савецкага Саюза і параўноўвае цяперашнюю сітуацыю з часам напярэдадні перабудовы, а менавіта з 1984 годам. Пацікаваліся ў нобелеўскага лаўрэата, на чым грунтуецца гэтае параўнанне?
— Ну, гэта ўмоўна я кажу — 84-ы. Хаця, можа быць, гэта ўжо і 86-ы. Я не думаю, што мы раней. Таму што сітуацыя, вось мне падаецца, падобная. Тады была вайна ў Афганістане, цяпер мы бачым вайну ва Украіне. Яна таксама бясконцая, ужо хутка дагоніць тую па працягласці. І ёсць агульная стомленасць ад гэтай вайны, як бы там ні крычалі ідэолагі. І частка людзей гэтай вайны не падтрымлівае, як тады не падтрымлівала вайну ў Афганістане. Насамрэч гэта проста крызіс. Вельмі моцны палітычны крызіс, які цяпер апанаваў, скажам так, найперш Расію. А калі ўлічыць, наколькі моцна Беларусь цяпер прывязаная да Расіі, то і для яе гэта непазбежна. Гэты крызіс ужо адчуваецца, а найбліжэйшым часам у Беларусі ён будзе адчувацца яшчэ мацней.
Для Алеся Бяляцкага падабенства з савецкім часам яшчэ і ў тым, як хутка могуць распасціся саюзы, калі слабее дзяржава, вакол якой яны выбудаваныя. Ён згадвае Варшаўскі дагавор і эканамічны саюз Савецкага Саюза з тагачаснымі сацыялістычнымі краінамі.
— Як толькі адчулася нейкая слабіна, усе гэтыя краіны хуценька павыходзілі з усіх гэтых дамоў, з усіх саюзаў. Я думаю, тое самае чакае і нас. Вось гэтыя саюзы, якія Лукашэнка навязваў, фактычна гвалтам навязваў беларускаму народу пачынаючы з 90-х гадоў, — усё гэта хутка зменіцца, усё гэта разваліцца. Вось я перакананы. Гэта ўсё нежыццяздольнае, таму што будуецца не на волі людзей, не на дэмакратычных прынцыпах, а проста, рэальна, на гвалце.
Любыя свабодныя выбары ў Беларусі цяпер прывялі б да таго, што і знешняя, і ўнутраная палітыка Беларусі змяніліся б на 180 градусаў. Таму гэты крызіс адчуваецца і ў эканоміцы, і ў ідэалогіі, якой практычна няма. Для Беларусі яе цяпер няма, яны нічога нам не прапануюць. І ў перспектыве разваляцца гэтыя квазісаюзы, якія стварылі Расія і Беларусь ды яшчэ пара іншых дзяржаў — Казахстан, той жа Кыргызстан. Усё гэта пабудавана на пяску. Няма сур’ёзнага падмурка.
Пра настроі ў беларускім грамадстве Бяляцкі гаворыць з улікам таго, як на людзей паўплывалі апошнія шэсць гадоў. Паводле яго, страх выказвацца, расчараванне і прывыканне да ненармальнага суіснуюць з гатоўнасцю дзейнічаць, калі з’явіцца такая магчымасць.
— Асабліва калі ведаеш, што настроі беларускага грамадства за апошнія шэсць гадоў не змяніліся. Людзі баяцца дзесьці, людзі баяцца сказаць, ёсць пэўнае расчараванне, ёсць прывыканне — да ненармальнасці, я сказаў бы, якая ўсталявалася за гэты час. Але як толькі з’явіцца нейкі куток свабоды, як толькі павее свежы вецер, я перакананы, што беларусаў будзе не спыніць.
«Такая ўпартая барацьба мае сэнс»
Дырэктарка Інстытута культуры «Віла Дэцыюша» ў Кракаве, якая ладзіць Фестываль «Культура ў выганні» Дамініка Каспровіч кажа, што сустрэча з Бяляцкім дае надзею тым, хто адстойвае беларускую мову, культуру і незалежнасць, а таксама умацоўвае ў перакананні непазбежнасці зменаў:
— Сустрэчы з такімі людзьмі, як Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, лаўрэат польскай прэміі імя Сержыу Віейры ды Мелу, заўсёды выклікаюць захапленне, зачароўваюць, бо паказваюць велізарную сілу духу. Але яны таксама, думаю, не толькі ў мяне, але ва ўсіх прысутных, умацоўваюць надзею на тое, што такая ўпартая барацьба за нацыянальную ідэнтычнасць, за мову, за культуру, і перадусім за незалежную і самастойную, дэмакратычную беларускую дзяржаву мае сэнс. І, думаю, сёння падчас сустрэчы мы шмат пра гэта пачулі.
«Важна будаваць масты, будаваць культуру дыялогу»
Упаўнаважаны мэра Кракава ў справах няўрадавых арганізацый Артур Бушак звязвае падтрымку беларускай культуры з гісторыяй самога горада. Сустрэча розных культур, кажа ўпаўнаважаны, стагоддзямі фармавала Кракаў, а адкрытасць да іх па-ранейшаму ўмацоўвае горад, асабліва ў няпэўныя часы:
— Кракаў, па сутнасці, заўсёды быў горадам многіх культур. Тут сустракаліся розныя культуры, і гэта ўмацоўвала наш горад, фармавала ідэнтычнасць нашага Кракава. І цяпер мы, па сутнасці, працягваем гэтую традыцыю, падтрымліваем гэтую адкрытасць. З аднаго боку, мы хочам падтрымліваць такіх людзей, як Алесь Бяляцкі, і культуру — беларускую, украінскую ці іншыя культуры, якія зазнаюць пераслед. Але гэта таксама, папросту, умацоўвае наш горад. Мяне кранула думка, якая тут прагучала, калі мы гаварылі пра праваабарончы цэнтр «Вясна», заснаваны Алесем Бяляцкім. Калі ў пэўны момант беларускія ўлады прызналі цэнтр экстрэмісцкай арганізацыяй, я падумаў: калі б у нас было больш такіх «экстрэмістаў», свет быў бы значна лепшым.
Важна будаваць масты, будаваць культуру дыялогу і, працуючы ў сферы культуры, думаць таксама пра іншага чалавека. Мы сустракаемся ў асаблівым месцы, якое ўжо 30 гадоў служыць месцам сустрэч, месцам дыялогу — у «Віле Дэцыюша». Гэта месца, якое даказвае, што культура не ведае межаў, не паддаецца цэнзуры, не паддаецца гвалту ці палітычнаму пераследу. І сённяшняя сустрэча — яскравы таму доказ.
эж
Слухайце аўдыё!