Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Веганскі бургер, соевая курыца ці раслінны бекон — такія назвы могуць знікнуць з упаковак

24.11.2026 18:03
Еўрапейскі Саюз плануе абмежаваць выкарыстанне назваў, якія традыцыйна атаясамліваюцца з мясам. 
.    ,      .
Ілюстрацыя. Калі страва расліннага паходжання, яна не павінна насіць "мясную" назву.Фота: Pixаbay.com / YashilG

Еўрапейская камісія прапанавала абмежаваць выкарыстанне 29 назваў, звязаных з мяснымі прадуктамі — паведамляе Forsal. У спісе — «ялавічына», «курыца», «свініна», «бекон», «каўбаса», а таксама назвы асобных частак тушы, напрыклад «грудка» ці «крылцы».

Прыхільнікі змен мяркуюць, што спажывец павінен дакладна ведаць, што купляе. На думку Еўракамісіі, новыя правілы зробяць маркіроўку прадуктаў больш зразумелай і дапамогуць захаваць традыцыйнае значэнне мясных назваў. Аднак вытворцы расліннай ежы незадаволеныя такой прапановай. Яны нагадваюць, што спажыўцы ўжо добра ведаюць такія назвы, як «веганская каўбаса» ці «раслінны бургер», і без праблем адрозніваюць іх ад звычайнага мяса. Абмежаванні прымусяць кампаніі выдаткоўваць грошы на змену ўпаковак, этыкетак і рэкламных матэрыялаў.

У кастрычніку 2025 года Еўрапейскі парламент падтрымаў прапанову аб абмежаванні мясных назваў для раслінных прадуктаў. За прагаласавалі 355 дэпутатаў, супраць — 247, яшчэ 30 устрымаліся.

Галіна мясаперапрацоўкі сустрэла гэтае рашэнне з задавальненнем. Вытворцы лічаць яго важным крокам да абароны традыцыйных назваў. Старшыня саюза «Польскае мяса» Вітольд Хоіньскі (Witold Choiński) заявіў, што новыя правілы павінны забяспечваць сумленнае інфармаванне спажыўцоў і абараняць еўрапейскіх вытворцаў.

Аднак заканадаўчы працэс яшчэ не завершаны. Наперадзе — далейшыя ўзгадненні паміж інстытутамі ЕС. Такім чынам, пакуль што веганскія бургеры і раслінныя каўбасы застаюцца. Калі новыя правілы прымуць, вытворцам давядзецца змяніць назвы часткі прадукцыі.

нг