Міхаіл Воўчак яшчэ на пачатку 2000 гадоў пачаў цікавіцца грамадскай дзейнасцю і актывізмам. У выніку гэтых назіранняў ён стварыў слоўнік, які апісвае розныя супольнасці і групы, а таксама напісаў кнігу “Сацыятэхніка. Пачаткі”. Аўтар акцэнтуе ўвагу перш за ўсё на малых калектывах, у якія ўваходзяць ад 3 да 25 чалавек.
Пасля падзей 2020 года Міхаілу і яго жонцы Святлане Воўчак прыйшлося тэрмінова з’язджаць з Беларусі. Яны прыехалі ў Польшчу з вельмі малой колькасцю багажу, практычна без валодання мовай. Але Міхаіл распавёў, што дзякуючы сваім хобі ён вельмі хутка знайшоў у новай краіне сяброў і аднадумцаў. Пры гэтым, наш госць адзначае, што для беларусаў такая адкрытасць хутчэй нехарактэрная.
— Я заўважыў, што шмат беларусаў перажывае вялікі стрэс, калі яны перамяшчаюцца, нават калі гэта спланавана. А я трапіў у Польшчу з адным заплечнікам. Але раней я працаваў з нефармальнымі калектывамі, і ў мяне ўзніклі знаёмствы з рэальнымі палякамі ў Польшчы, таму першы, самы складаны перыяд, згладзіўся дзякуючы польскім знаёмым, якія дапамаглі нашай невялікай сям’і.
Я таксама працягваў рабіць праекты, якія мне маральна дапамагалі. Напрыклад, гэта слоўнік беларускага гарадскога слэнга «Ніша», куды людзі самі могуць дадаваць словы. Прыехаўшы сюды, я працягваў узаемадзеянне з людзьмі, што мне вельмі дапамагала. Пазней я заняўся пчалярствам, а гэта таксама супольнасць. Такім чынам я пераскочыў з беларускіх супольнасцяў у польскія.
— У вас шмат розных хобі — займаецеся пчалярствам, таксама цікавіцеся саломапляценнем. Гэта дапамагае стварыць розныя сувязі, знаходзіць аднадумцаў, каб зачапіцца ў новай краіне. Такім чынам, трэба перш за ўсё шукаць сувязяў у адпаведнасці са сваімі хобі?
— Згодна з тым, што ў вас унутры. У Беларусі я не займаўся пляценнем, займаўся пчалярствам, але мне была блізкая ідэя збалансаванага пчалярства. А рабіць вуллі самому — гэта адзін з элементаў збалансаванасці. Гэта будуе масты. Праблема людзей не ў тым, што яны трапляюць у новае грамадства, а ў тым, ці яны маюць разуменне сваёй каштоўнасці ў сваім грамадстве, ці тое, што яны робяць, важна, хаця б для іх саміх. У чужым грамадстве ты іншы, але, калі ты маеш каштоўнасць, людзі пачынаюць падцягвацца. Спосабаў мільёны — хтосьці вяжа, хтосьці вышывае, а хтосьці любіць карцінг. Галоўнае, каб чалавек меў нешта ўнутры і не закрываўся. А шмат беларусаў пераехалі сюды і закрыліся. А калі вы закрытыя, дык як для вас польскае грамадства адчыніцца? Трэба рызыкаваць, адчыніцца, можа быць балюча, але цікава.
Слухайце поўную гутарку ў далучаным гукавым файле
нг