Беларуская Служба

Урад уводзіць прававыя нормы, якія абавяжуць кіроўцаў ствараць на дарозе «калідоры жыцця»

06.09.2019 15:01
Гэта дазволіць выратавальным службам хутчэй трапіць на месца дарожна-транспартнага здарэння.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:qimono /pixabay.com/CC0 Public Domain

Абавязак стварэння кіроўцамі дарожнага „калідора жыцця”, а таксама папераменнае ўключэнне аўтамабіляў у рух у выпадку дарожнага затору нарэшце будуць юрыдычна санкцыянаваныя. Рада міністраў надоечы прыняла законапраект па гэтай справе, падрыхтаваны Міністэрствам інфраструктуры, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

Урад узяўся за кіроўцаў, якія прычыняюцца да дарожных затораў і ўскладняюць прыезд выратавальных службаў і паліцыі на месца ДТЗ.

Аўтары законапраекту падкрэсліваюць, што яго мэтай з'яўляецца стварэнне канкрэтных нормаў паводзін у дзвюх сітуацыях, важных для бяспекі дарожнага руху. Гаворка ідзе пра магчымасць для выратавальных службаў дабрацца на месца дарожна-транспартнага здарэння, а таксама ліквідацыю дарожных затораў у сітуацыі нечаканага звужэння дарогі.

Паводле чыноўнікаў, змены павінны ўдакладніць дзейныя правілы па стварэнні транспартнымі сродкамі свабоднага месца на дарозе для аварыйных службаў, уключаючы правільны кірунак змены палос руху для стварэння „калідора жыцця”.

Карацей кажучы, пры стварэнні „калідора жыцця”, вадзіцелі з левай паласы павінны з’ехаць налева, а з астатніх – направа.

Міністэрства спадзяецца, што наступствам прававых зменаў стане скарачэнне часу даезду выратавальных службаў і павышэнне шанцаў на выжыванне пацярпелых у выніку аварыі.

Калі гаворка ідзе пра папераменнае ўключэнне ў рух у выпадку затору, то новыя правілы будуць дакладна вызначаць рух для аўтамабіляў на асобных палосах у месцы затору. Яны таксама ўвядуць прынцып папераменнага ўключэння ў рух транспартных сродкаў – па адным з кожнай паласы.

У міністэрстве падкрэсліваюць, што прапанаваныя змены набліжаныя да рашэнняў, якія працуюць ужо ў многіх еўрапейскіх краінах.

Правілы, датычныя „калідораў жыцця” ўвойдуць у сілу з 1 лістапада 2019 года, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.

аз