У бліжэйшыя выходныя ў Польшчы адбудзецца акцыя пад назваю «Іскра памяці», прысвечаная ахвярам савецкага нападзення на Польшчу 17 верасня 1939 года.
У суботу палякі будуць ушаноўваць памяць ахвяраў 17 верасня 1939 года, калі войскі Чырвонай Арміі без аб’яўлення вайны ўварваліся на тэрыторыю польскай дзяржавы, якая ў той час трэці тыдзень змагалася з нямецкімі акупантамі. Нагадаем, такое развіццё падзей было прадбачана ў тайным савецка-нямецкім пагадненні Молатава-Рыбентропа. У Польшчы гэтае трагічнае здарэнне называюць «ударам у спіну», а ў расійскай гістарыяграфіі нападзенне на Польшчу апісваюць як «аб’яднанне заходніх і ўсходніх частак Беларусі і Украіны», забываючы, што гэта было жорсткае нападзенне на аслабленую дзяржаву, якая вяла ўжо адну крывавую вайну і не спадзявалася, што прыйдзецца ёй змагацца на двух франтах.
Ахвяр верасня ’39 года будуць успамінаць на сталічным пляцы імені Юзэфа Пілсудскага, а таксама ў горадзе Замасьць. Сабраныя запаляць знічы, а пазней з 20 тыс. свечак сфармуюць вялікага арла – сімвала Польшчы. Мерапрыемства ладзіць фундацыя Польскай нафта-газавай кампаніі (PGNiG). Па словах старшыні фундацыі Збігнева Хмеля, у праграме падзеі – не толькі запальванне свечак.
- Ладзяцца таксама панэльныя дыскусіі, будзем чытаць лісты польскіх салдат, якія трапілі ў савецкія канцлагеры. Прагучаць як лісты жаўнераў, адрасаваныя іх блізкім, так і пасланні ад сваякоў гэтым салдатам, афіцэрам. У 19 гадзін адбудзецца кульмінацыйны момант мерапрыемства – прагучыць малітва, дзяржаўны гімн Рэчы Паспалітай Польшчы, а таксама выступленні запрошаных гасцей, прадстаўнікоў дзяржаўных уладаў. Адбудуцца таксама канцэрты патрыятычнай песні. У Варшаве прагучаць кампазіцыі з праграмы «Panny Wyklęte», у Замасці выступіць ансамбль песні і танца «Віленшчына».
Удзельнікі акцыі ўшануюць памяць усіх тых, хто трапіў пад савецкую акупацыю пасля 17 верасня 1939 г., а таксама тых, хто быў прымушаны жыць у краінах з камуністычным ладам. Гаворыць старшыня Польскай нафта-газавай кампаніі Пётр Возьняк.
- Мы хочам не толькі звярнуць увагу жыхароў Польшчы на тыя падзеі, але таксама нагадаць свету, што мы памятаем пра тых, хто будаваў у 20-30-ыя гады наш суверэнітэт і свабоду.
«Іскра памяці» нагадвае пра тры гістарычныя даты, якія аказалі вялізны ўплыў на лёс кожнага паляка, – адзначае гісторык, а таксама гістарычны кансультант мерапрыемства праф. Ян Жарын.
- 1-га верасня, 17-га верасня і 27-га верасня (капітуляцыя Варшавы). Гэтыя тры даты пачынаюць тры перыяды, важныя для нашай трагічнай гісторыі. Гэтыя падзеі паўплывалі на біяграфіі таксама сённяшніх жыхароў Польшчы.
Мэта акцыі «Іскра памяці» – паказаць, што палякі не забываюць пра герояў, якія аддалі сваё жыццё за Радзіму. Праграма ўрачыстасці пачнецца ў суботу а 14 гадзіне ў Варшаве і ў 16 – у Замасці. Прысутныя на пляцы Пілсудскага ў сталіцы і на Вялікім рынку ў Замасці запаляць 20 тыс. знічоў і сфармуюць з іх сімвал польскага ваеннага арла. Такім чынам удзельнікі «Іскры памяці» ушануюць ахвяр Катынскага злачынства.
«Іскра памяці» з’яўляецца элементам шырокай акцыі пад назваю «Рахунак удзячнасці». Польская нафта-газавая кампанія вызваляе ад аплаты за газ больш чым 500 чалавек, у тым ліку ўдзельнікаў варшаўскага паўстання і сем’і шахцёраў, якія страйкавалі ў шахце Вуек супраць камуністычных уладаў Польшчы. У гэтым годзе падобныя льготы будуць распаўсюджаныя, хутчэй за ўсё, таксама на ветэранаў Другой сусветнай вайны.
ІАР ПР/нг