Беларуская Служба

У Вільні развіталіся з Кастусём Каліноўскім (ФОТА)

23.11.2019 22:50
«Нягледзячы ні на што, галоўная мэта, за якую Кастусь Каліноўскі аддаў жыццё, дасягнутая – беларусы маюць сваю дзяржаву!»
Аўдыё
  • Праз 155 пасля патаемнай і ганебнай страты Кастуся Каліноўскага і 19 яго паплечнікаў, удзячныя нашчадкі годна пахавалі сваіх герояў.
Перапахаванне Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў Эдуард Жолуд/Польскае радыё для замежжа


Тысячы і тысячы беларусаў з розных куткоў краіны прыбылі ў Вільню на ўрачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і яшчэ 19 герояў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-64 гадоў. Бел-чырвона-белыя сцягі запоўнілі гістарычны цэнтр колішняй беларускай сталіцы.

. .
. .
. .
. .

Апошні зямны шлях 20 «дзецюкоў» распачаўся 22 лістапада з пахавальнага набажэнства ў Кафедральным саборы Святога Станіслава і Святога Уладзіслава, якія месціцца ў падножжы Гары Гедыміна, дзе і былі выяўленыя парэшткі паўстанцаў. Падчас жалобнай імшы Архібіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч чулліва прачытаў казанне на беларускай мове. Перад вынасам трун паўстанцаў з прамовамі выступілі прэзідэнты Літвы і Польшчы і таксама віцэ-прмэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка.

. .
. .
. .
Архібіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч у развітальнай працэсіі Архібіскуп-мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч у развітальнай працэсіі

Пасля набажэнства, жалобная калона, над якой луналі сотні беларускіх нацыянальных сцягоў, рушыла вуліцамі старой Вільні на могілкі Росы. На чале працэсіі ішлі прэзідэнты Літвы і Польшчы Гітанас Науседа і Анджэй Дуда разам з жонкамі.

Нягледзячы на адчувальны мароз і пранізлівы паўночны вецер, тысячы беларусаў аддалі даніну пашаны героям, чый подзвіг яднае адразу некалькі народаў Усходняй Еўропы.

Сярод безлічны іншых удзельнікаў працэсіі сустрэўся і лідар Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец:

- Кастусь Каліноўскі – гэта нацыянальны герой Беларусі з першага шэрагу. Будучы маладым хлопцам, ён цалкам аддаў жыццё за свабоду свайго народа. Знаходка парэшткаў паўстанцаў зараз – гэта божы знак. У той момант, калі навісае чарговае пагроза над беларускай незалежнасцю, раптам адбываецца апоўзень на Гары Гедыміна і свету адкрываюцца парэшткі паўстанцаў.
Абсалютная большасць тых, хто зараз прысутнічае на перапахаванні – гэта беларусы. Наша колькасць сведчыць аб тым, што Кастусь Каліноўскі перад усім наш нацыянальны герой. Разам, з тым яго постаць яднае беларусаў, літоўцаў, палякаў і ўкраінцаў. Кастусь Каліноўскі змагаюся «за нашу і вашу свабоду». (...)

У Вільню на развітання з паўстанцамі прыехаў аналітык Belarus Sequraty Blog Зміцер Міцкевіч. У размове з Польскім радыё ён аднёсся да ўдзелу ў перапахаванні афіцыйнай беларускай дэлегацыі:

- Вельмі прыемна, што беларусаў тут больш за ўсіх. Наша прадстаўніцтва сведчыць аб тым, якое вялікае значэнне гэта падзея мае для Беларусі. Дзяржава на афіцыйным узроўні паказвае, што для яе перапахавання Каліноўскага – гэта не болей чым нагода. Аднак, удзел дзяржаўнай дэлегацыі ў цырымоніі, хутчэй з'яўляецца адказам на грамадскі запыт беларусаў. Адсутнасць урадавай дэлегацыі была бы ўспрынятая беларусамі крайне негатыўна. (...)

У старадаўнюю беларускую сталіцу на развітанне са сваім нацыянальным героем прыехалі Беларусы з розных куткоў свету, у тым ліку Сяржук з Кіева:

-Мяркую, што калі Кастусь паглядае на нас з нябёсаў, ён задаволены. Існуе беларуская дзяржава, пакуль незусім такая, за якую ён змагаўся. Нягледзячы ні на што, галоўная мэта, за якую Кастусь Каліноўскі аддаў жыццё, дасягнутая – беларусы маюць сваю дзяржаву! (...)

Месца спачынку Кастуся Каліноўскага і 19 яго паплечнікаў Месца спачынку Кастуся Каліноўскага і 19 яго паплечнікаў

Праз 155 пасля патаемнай і ганебнай страты Кастуся Каліноўскага і 19 яго паплечнікаў, удзячныя нашчадкі годна пахавалі сваіх герояў. Развітанне з паўстанцамі ператварылася ў маштабную дэманстрацыю еднасці прадстаўнікоў розных народаў ды поглядаў. Дэманстрацыю таго, што ідэалы Кастуся Каліноўскага грунтоўна ўвайшлі ў масы і перажылі не толькі барацьбітоў яго паўстання, але на шчасце перажывуць і нас з вамі.

Эдуард Жолуд 

Слухайце аўдыё!