Новы ўрад Польшчы распачынае сваю працу. Перазапуск вялікай машыны дзяржаўнай адміністрацыі вымагае часу. Сярод іншых зменаў ва ўрадзе, ствараецца пасада ўпаўнаважанага ўрада па дэмаграфічнай палітыцы.
У ранішнім эфіры Першай праграмы Польскага радыё кіраўнік Канцылярыі Старшыні саўміну Польшчы, міністр Міхал Дворчык анансаваў некаторыя змены сацыяльнай палітыкі ўраду. Гаворка перад усім ідзе пра сямейную і дэмаграфічную палітыку. Урад краіны збіраецца распрацаваць адпаведную стратэгію, пра гэта паведаміў Міхал Дворчык:
-З пункту гледжання нашай партыі «Права і справядлівасці», надзвычай важнае месца займае падтрыманне польскіх сем’яў. Такі падыход знайшоў сваё адлюстраванне ў нядаўняй праграмнай прамове прэм’ера. Падчас прамовы ён неаднаразова падкрэсліваў, якое важнае месца займае сямейная палітыка. Мы пацвердзілі гэтыя тэзісы сваімі дзеяннямі падчас папярэдняга тэрміну, але і цяпер, падчас новага тэрміну, пачалі ажыццяўляць чарговыя захады ў гэтым кірунку.
Сёння Савет міністраў прыме распараджэнне, якое паклікае ўпаўнаважанага ўраду па дэмаграфічнай палітыцы. Паводле маіх дадзеных, бо ўсё ж такі такія рашэнні ляжаць у сферы адказнасці міністра па справах сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі, цягам бліжэйшых дзён будзе пакліканая такая ўпаўнаважаная.
Таксама кіраўнік Канцылярыі Старшыні саўміну Польшчы Міхал Дворчык паспеў пералічыць, якія заданні будзе мець новая ўрадавая адзінка:
-Пра асноўныя заданні новага ўпаўнаважанага мы можам прачытаць у другім параграфе распараджэння ўраду, якое ў хуткім часе будзе апублікаванае. Паводле дакументу, адной з задачаў упаўнаважанага з’ўялецца падрыхтоўка Праекту Дэмаграфічнай стратэгіі, галоўнай мэтай якой будзе павелічэнне нараджальнасці і папулярызацыя традыцыйнай сям’і.
Гэта стане чарговым доказам таго, якое важнае месца займае сямейная палітыка ў нашай партыі.
Пэўны непакой можа выклікаць фармулёўка «папулярызацыя традыцыйнай сям’і». Прадстаўнік ураду пакуль не ўдакладніў, што гэта азначае. На першы погляд можа выдавацца, што колькасць насельніцтва Польшчы за апошнія трыццаць гадоў трымаецца на адным узроўні (38 млн чалавек). У той час, як у суседніх краінах, асабліва ў прыбалтыйскіх рэспубліках, назіраецца хуткая дэпапуляцыя. Міністр Міхал Дворчык патлумачыў, чаму ўрад заклапаціўся дэмаграфічнай сітуацыяй:
-У выпадку дэмаграфічнай сітуацыі перад урадамі «Права і справядлівасці» паўстаў вялікі выклік, гэта таксама ўзгадваў прэм’ер Маравецкі ў сваёй праграмнай прамове. Мы павінны ясна прагаварыць, што дэмаграфія ў Польшчы прымушае заклапоціцца, гаворка ідзе перад усім аб узроўні нараджальнасці. Паводле сумарнага каэфіцыенту нараджальнасці Польшча займае вельмі нізкія пазіцыі, тут маю на ўвазе не толькі краіны Еўрапейскага Звязу але і рэшту Света.
Сярэдні па Еўропе сумарны каэфіцыент нараджальнасці складае 1,6, а ў Польшчы гэты паказнік ледзьве дасягае 1,4. Аднак трэба падкрэсліць, што з 2015 году сітуацыя пачала паляпшацца. Негатыўная тэндэнцыя па скарачэнні жанчын у дзетародным узросце працягваецца, але адначасова расце колькасць нованароджаных. Як бачым, усё ж такі нейкая пазітыўныя рухі адбываюцца і сярод іншага, гэта адбываецца дзякуючы ўрадавай праграмы «500+».
Нельга на гэтым спыняцца, тут патрэбныя далейшыя крокі. З гэтае прычыны ўрад вырашыў паклікаць упаўнаважанага па дэмаграфічнай палітыцы, прэм’ер паабяцаў увесці новыя льготы для шматдзетных сем’яў, павелічэнне колькасці месцаў у яслях, гнуткія формы працаўладкавання для бацькоў. Гэта ўсё тыя выклікі, якія стаяць перад урадам.
Кіраўнік Канцылярыі польскага Саміну надаў вялікую ўвагу сумарнаму каэфіцыенту нараджальнасці і пазіцыі Польшчы паводле гэта паказніка.
Каэфіцыент нараджальнасці – гэта вымярэнне ўзроўню нараджальнасці ў краіне, які паказвае сярэднюю колькасць насаджэнняў на адну жанчыну цягам аднаго пакалення. Для параўнання, самы высокі каэфіцыент нараджальнасці ў 2017 годзе зафіксаваны ў Нігеры – 6,49, а самы нізкі ў Макао. У Беларусі каэфіцыент нараджальнасці таксама нізкі і не перакрочвае 1,73, але ў Польшчы ён яшчэ меншы – 1,4.
Слухайце аўдыё!
PR/эж