Беларуская Служба

У міжнароднай праграме па ацэнцы здольнасцяў 15-гадовых школьнікаў (PISA) польскія вучні паказалі выдатныя ўменні

04.12.2019 18:30
У Еўропе яны занялі першыя месцы ў рэйтынгу па матэматыцы, чытанні з разуменнем і па прыродзе.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjnepixabay

Dziennik Gazeta Prawna піша пра вынікі тэставання пісьменнасці падлеткаў, у якіх польскія школьнікі занялі высокае месца. Якія былі заданні? Між іншым абмеркаванне выказванняў на інтэрнэт-форуме, ці можна даць курыцы антыбіётык, падлік колькасці поту, які выдзяляе чалавек падчас бегу на спякоце, іронія герояў кнігі «Сто гадоў адзіноты» Гарбыэля Гарсія Маркеса.

У міжнароднай праграме па ацэнцы здольнасцяў 15-гадовых школьнікаў (PISA) польскія вучні паказалі выдатныя ўменні. У Еўропе яны занялі першыя месцы ў рэйтынгу па матэматыцы, чытанні з разуменнем і па прыродзе.

Ва ўсіх заданнях лепшыя рэзультаты паказалі дзяўчынкі. На думку экспертаў, іх перавага ўжо заўважальная ва ўсіх дзяржавах, якія дасягаюць добрых вынікаў. Напрыклад, у чытанні з разуменнем заўсёды дзяўчынкі былі лепшымі, але цяпер яны дагналі і перагналі сваіх калегаў таксама ў тэстах па матэматыцы ці польскай мове.

Добрыя вынікі польскіх вучняў, канешне, радуюць, але цяпер многія задаюць сабе пытанне, ці трэба было ліквідаваць гімназіі, калі яны так добра вучылі? Справа ў тым, што праверку прайшлі школьнікі з апошніх класах гімназіяў, якіх сёлета ўжо няма, пятнаццацігадовыя дзеці цяпер вучацца ў пачатковай васьмігадовай школе (раней пачатковая адукацыя працягвалася шэсць гадоў – нг).

Па словах эксперта з Інстытуту адукацыйных даследаванняў Кшыштафа Беджыцкага, гімназіі адмовіліся ад кансерватыўнага стылю навучання і пачалі вучыць дзяцей самастойна думаць і рабіць высновы. Ім гэта ў вялікай ступені ўдалося, а цяпер назапашаны капітал страчаны.

нг