Gazeta Wyborcza друкуе рэпартаж з Лондану, дзе паляк стаў героям падчас абяззбройвання тэрарыста ў цэнтры гораду. Лукаш Качоцік (Łukasz Koczocik) працаваў у кухні гатэля, мыў шклянкі, калі пачуў крыкі. Пабег праверыць, ці не трэба дапамагчы, убачыў сцэну барацьбы з тэрарыстам, узброеным нажамі. Схапіў тое, што было пад рукой, стараючыся затрымаць нападніка. Сам быў паранены, але не перастаў гнацца з іншымі сведкамі за нападнікам. Урэшце той быў забіты паліцыяй, а паляк з нажавымі раненнямі быў дастаўлены ў шпіталь.
Іронія лёсу або чорная няўдзячнасць – зламыснік Усман Кан (Usman Khan) быў запрошаны на юбілейную канферэнцыю арганізацыі, якая вядзе праграму рэсацыялізацыі небяспечных злачынцаў. Кан быў запрошаны на сустрэчу ў якасці прыкладу выдатнага перавыхавання ў турме. І напаў на каардынатара курсаў рэсацыялізацыі ды валанцёрку. Абодвух забіў, іншых трох чалавек параніў.
Брытанскія СМІ шмат увагі прысвячаюць паляку, які кінуўся абяззбройваць тэрарыста. «Халерныя палякі зноў ратуюць Лондан», – такія словы часта чуваць цяпер у сталіцы Вялікабрытаніі. Лукашу падзякаваў таксама прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі. А для брытанскага прэм’ера Барыса Джонсана крывавае здарэнне стала нагодай, каб заявіць пра яшчэ больш жорсткае стаўленне да небяспечных злачынцаў.
нг
на здымку - жыхары Лондану прыходзяць на месца трагічнага здарэння