Беларуская Служба

Прыгожым жывецца лягчэй, а ці яны таксама больш шчаслівыя?

01.01.2020 09:00
Нават настаўнікі ў школе лепш ацэньваюць прыгожых вучняў, чым тых, каго прырода не надзяліла сімпатычнай знешнасцю.
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnemadeinitaly4k/Shutterstock

Святочны дадатак выдання Polityka пад назваю Dobrostan (агульнае добрае самаадчуванне ва ўсіх аспектах жыцця) друкуе артыкул, прысвечаны прыгажосці. Ці сапраўды прыгожым людзям жывецца на свеце прыемней і лягчэй? Ужо даўно даказана, што людзі прыпісваюць больш пазітыўных рысаў прыгожым у фізічным плане асобам. Іх лічаць больш разумнымі, паспяховымі, рашучымі, чым брыдкіх. Ужо немаўляты падчас даследаванняў даўжэй прыглядаліся прыгожым тварам на здымках, чым брыдкім. Вынікі паўтараліся ў розных эксперыментах, незалежна ад узросту, расы ці полу людзей.

Нават настаўнікі ў школе лепш ацэньваюць прыгожых вучняў, чым тых, каго прырода не надзяліла сімпатычнай знешнасцю. Прыгожыя таксама як правіла нясуць меншыя наступствы сваіх дрэнных учынкаў, чым іншыя. Яны хутчэй знаходзяць сексуальных партнёраў, працаўладкаванне за большую зарплату, ім ахвотней дапамагаюць нават незнаёмыя асобы. Вырашае аб гэтым так званы высокі эратычны капітал. Для жанчын гэта прыгожы твар і агульная сексуальная прывабнасць, для мужчын галоўнае – высокі рост.

Адным словам, прыгожым прасцей дасягаць розныя мэты. Але, ці яны больш шчаслівыя, чым брыдкія людзі? Гэты тэзіс не пацвярджаюць розныя псіхалагічныя даследаванні. Хутчэй яны пацвярджаюць банальную ісціну, што прыгажосць не дае шчасця. Можа, у прыгожых агулам больш грошай, але грошы таксама не з’яўляюцца гарантам шчаслівага жыцця. Больш таго, калі мы глядзім і захапляемся прыгажосцю іншых людзей, гэта можа адбіраць у нас пачуццё задавальнення ад жыцця.

Самаацэнку людзей, асабліва маладых жанчын, значна паніжаюць сацыяльныя сеткі, перш за ўсё Інстаграм, дзе можна замяшчаць здымкі і кароткія відэафільмы. Канешне, кожны паказвае сябе з як найлепшага боку, што псуе гумар іншым, паколькі тэндэнцыя да параўноўвання сябе з іншымі ў чалавека вельмі моцная. Вядомыя вынікі даследаванняў, якія паказалі, што частае карыстанне дадзенай сацсеткай выклікае ў некаторых карыстальнікаў дэпрэсійныя эпізоды. Праўда, сіла ўплыву была невялікай, але нельга зусім яе ігнараваць. У сваю чаргу тыя, хто пастаянна сочыць за матэрыяламі, якія змяшчаюць прыхільнікі здаровага стылю жыцця, часцей маюць сімптомы нервовай артарэксіі (навязлівае імкненне рацыянальна харчавацца).

Polityka/нг