Беларуская Служба

У Польшчы ўрачыста адкрылі Міжнародны год здароўя раслін

08.01.2020 13:37
Дзякуючы раслінам чалавек можа жыць, без іх жыццё на Зямлі не было б магчымым.
Аўдыё
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjnePixabay

Арганізацыя Аб’яднаных нацыяй аб’явіла 2020 год Міжнародным годам здароўя раслін. Галоўны пасыл ініцыятывы – неабходна ахоўваць расліны, якія аказваюць значны ўплыў на здароўе і дабрабыт чалавека.

Наколькі важная для здароўя чалавека расліннасць, усе мы разумеем. Тым не менш, неабходна таксама прымаць канкрэтныя крокі на ўзроўні ўрадавых структур, каб ахоўваць біяразнастайнасць і змагацца з хваробамі раслін і шкоднікамі. У Польшчы Міжнародны год здароўя раслін быў афіцыйна адкрыты надоечы ў Бельведэры – сядзібе польскага прэзідэнта. Галава дзяржавы Анджэй Дуда заявіў, што калі раслін будзе менш, і будуць яны ў горшай форме, то таксама нашы ўмовы жыцця паступова пагоршацца, у выніку гэта можа прывесці да знішчэння цывілізацыі на Зямлі. Аб гэтым прэзідэнт казаў падчас канферэнцыі «Здароўе раслін у часы кліматычных зменаў».

- Расліны вырабляюць кісларод і паглынаюць вуглякіслы газ. А менавіта вуглякіслы газ негатыўна ўплывае на клімат, рост канцэнтрацыі СО2 выклікае павелічэнне тэмпературы на Планеце. Мы хацелі б перадухіліць негатыўныя кліматычная змены, паколькі ўсе бачым, да чаго яны прыводзяць. Кожны з нас можа заўважыць, як мяняецца надвор’е. Паяўляюцца атмасферныя з’явы, якія раней не назіраліся ў нашай краіне ці іншых краінах свету, або фіксаваліся значна радзей, чым цяпер.

Анджэй Дуда звярнуў таксама ўвагу на тое, што дзякуючы раслінам чалавек можа жыць, без іх жыццё на Зямлі не было б магчымым.

- Харчаванне чалавека ў 80% складаецца з расліннасці, яна дае таксама 40% энергетычнай сыравіны. З другога боку, каля 40% усяго ўраджаю расліннага паходжання, які ўдаецца людзям вырасціць, знішчаюць шкоднікі і розныя хваробы. Гэтыя лічбы паказваюць, на колькі мы залежныя ад расліннага свету, і як наша здароўе і наша жыццё залежыць ад таго, на колькі эфектыўна нам удасца клапаціцца пра здароўе раслін.

Яшчэ ў ХІХ стагоддзі людзі заўважылі, што здароўе раслін можна паляпшаць дзякуючы розным прэпаратам. Аднак, па словах міністра сельскай гаспадаркі Яна Кшыштафа Арданоўскага, часам чалавек забывае, што хваробы раслін могуць быць таксама наступствам дзейнасці чалавека, і што хімічныя прэпараты не вырашаць усіх праблем.

- Частка хвароб раслін з’яўляецца вынікам неадпаведнага стаўлення фермера да цэлага цыклу развіцця расліны. Некаторым гаспадарам не хапае ведаў на тэму раслінагадоўлі, глебы, чаргавання вытворчасці, суіснавання розных гатункаў. Такія веды неабходныя, каб займацца сучаснай сельскай гаспадаркай. Няпраўда, што на ўсе праблемы існуе хімічны сродак.

На канферэнцыі ў Бельведэры выступіў камісар Еўрапейскага саюзу па пытаннях сельскай гаспадаркі Януш Вайцехоўскі. На ягоную думку, сельская гаспадарка ЕС знаходзіцца на важным этапе пераходнага перыяду, а пытанне здароўя раслін упісваецца ў дзве галоўныя стратэгіі развіцця ЕС.

- Я маю на ўвазе «Еўрапейскі зялёны лад», які ставіць вельмі амбітныя задачы перад еўрапейскай сельскай гаспадаркай, а таксама стратэгію пад назваю «З фермы на стол». Галоўная задача праграмы – устойлівае развіццё схем вытворчасці прадуктаў харчавання, каб яны былі карысныя для здароўя. Гэта дзве важныя задачы, пастаўленыя перад Еўрапейскім саюзам, з чым звязана перастаноўка прынцыпаў сельскай гаспадаркі на такія рэйкі, якія дадуць чалавеку карысныя прадукты. Гэта вялікі шанец.

Міжнародны год здароўя раслін можа стаць нагодай не толькі для сустрэч экспертаў і выпрацоўвання стратэгіяў аховы раслін, але таксама для адукацыі малодшага пакалення, каб давесці да ведама не толькі дарослых жыхароў, але таксама дзяцей, што расліны дапамагаюць супрацьдзейнічаць негатыўным наступствам кліматычных зменаў.

Прэзідэнт Анджэй Дуда нагадаў, што ў Польшчы кожны год садзяць каля 500 мільёнаў дрэў. Ён заклікаў усіх далучацца да акцыі «Садзім», якую ладзяць разам прадпрыемства Дзяржаўныя лясы і Канцылярыя прэзідэнта Польшчы. Акцыя пройдзе пад канец красавіка. Тады жыхарам розных рэгіёнаў краіны раздадуць каля аднаго мільёна саджанцаў дрэў.

ІАР ПР/нг