Польская дарожная паліцыя пачала кантраляваць выхлапныя газы ва ўдзельнікаў руху, паведамляе выданне Dziennik Gazeta Prawna. У мінулым годзе з-за павышанага ўтрымання шкодных рэчываў у выхлапных газах паліцэйскія забралі 13 тыс. 700 тэхнічных пашпартоў аўтамабіляў. Гэта на 70% больш, чым двума гадамі раней. У Польшчы супрацоўнік паліцыі мае права забраць тэхпашпарт у выпадку сур’ёзнага парушэння правіл дарожнага руху альбо правіл эксплуатацыі транспартнага сродка. Тэхпашпарт вяртаецца ўладальніку пасля ліквідацыі няспраўнасці.
У мінулым годзе паліцыя праверыла больш за 290 тыс. аўтамабіляў. Гэта азначае, што кожны месяц яны правяралі амаль 25 тыс. аўто. Дарэчы, такія тэмпы працы сталі магчымымі дзякуючы таму, што польская дарожная паліцыя атрымала новую апаратуру для праверкі ўзроўню шкоднасці выхлапных газаў.
Перыядычнае выданне зазначае, што з моманту ўступлення краіны ў Еўрапейскі Саюз у Польшчу было ўвезена больш за 13 млн аўтамабіляў. У асноўным гэта старыя машыны, якім больш за 10 гадоў. Найбольшыя праблемы з высокім утрыманнем шкодных рэчываў у выхлапных газах – у старых дызельных аўтамабіляў, хоць машыны з бензінавым рухавіком і рухавіком на газ таксама не заўсёды адпавядаюць стандартам.
Нормы ўтрымання шкодных рэчываў у выхлапах паліцэйскія правяраюць не толькі пры дапамозе спецыяльнай апаратуры, але і без яе, візуальна. Калі з выхлапной трубы ідуць клубы чорнага дыму, то супрацоўнік паліцыі таксама мае права забраць тэхпашпарт да моманту ліквідацыі няспраўнасці, паведамляе выданне Dziennik Gazeta Prawna.
вс