Беларуская Служба

Каронавірус з Кітая хутка распаўсюджваецца па свеце

29.01.2020 12:39
Ужо некалькі еўрапейскіх краін пацвердзілі паяўленне на сваёй тэрыторыі захворвання.
Аўдыё
       , 29.01.2020
Праверка стану здароўя пасажыраў на лётнішчы ў Кеніі, 29.01.2020фота: PAP/EPA/DANIEL IRUNGU


Увесь свет сочыць за развіццём эпідэміі небяспечнага каронавірусу, які ўпершыню быў зафіксаваны ў Кітаі ў снежні мінулага году. Да гэтага часу ўлады КНР пацвердзілі больш за 130 смяротных ахвяраў захворвання. Людзі заразіліся інфекцыяй, верагодней за ўсё, спажываючы заражаныя морапрадукты. У адрозненні ад некаторых іншых вірусаў жывёльнага паходжання, дадзены вірус набыў здольнасць пераносіцца з чалавека на чалавека.

Да гэтага часу смяротныя выпадкі назіраліся толькі ў Кітаі, але вірус хутка распаўсюджваецца па свеце, таму неўзабаве можа паявіцца інфармацыя, што ён пачаў забіваць таксама ў іншых дзяржавах. Праўда, смяротнасць хваробы адносна невысокая – паводле розных звестак, ад 2 да 5%.

У Польшчы пакуль што не было пацверджаных выпадаў заражэння, у аўторак вечарам у лодзінскі шпіталь даставілі пацыентку з падазрэннем інфекцыі. Жанчына паходзіць з Азіі, яна некалькі дзён прабывала ў адным з гатэляў гораду. Карэспандэнцыя з Лодзі Міхала Макоўскага.

- Да жанчыны была выклікана хуткая дапамога, паколькі яна скардзілася на галаўны боль і дрэннае самаадчуванне. Выратавальнікі прыехалі ў масках і адмысловай ахоўнай вопратцы, паколькі даведаліся, што жанчына нядаўна была ў Кітаі. У яе вострая рэспіратарная вірусная інфекцыя, падобная да грыпу. Жанчына была дастаўлена ў аддзяленне інфекцыйных захворванняў, пакуль што няма вынікаў аналізаў, ці гэта першы ў Польшчы выпадак каронавіруса.

Крыху пазней дактары паведамілі, што ў пацыенткі няма сімптомаў, тыпічных для каронавіруса, між іншым высокай тэмпературы. Тым не менш, паведамленне выклікала паніку сярод жыхароў Лодзі, якія пачалі масава званіць у шпіталь, падазраючы ў сябе захворванне. Лекары супакойваюць, што ў краіне, таксама, як у іншых дзяржавах нашага рэгіёну, назіраецца пік сезонных захворванняў на грып, а сімптомы дадзенай інфекцыі падобныя, як і каронавіруснай. Грып таксама можа быць вельмі небяспечны, кожны год на ўсім свеце ад гэтай хваробы памірае некалькі сотняў тысяч чалавек.

Пра тое, што няма падставаў панікаваць, казаў у эфіры Польскага радыё прэс-сакратар ураду Пётр Мюлер.

- На дадзены момант галоўны санітарны інспектар, усе службы міжнародных аэрапортаў сочаць за развіццём сітуацыі, назіраюць за пасажырамі, ці ў кагосьці няма сімптомаў захворвання. Гэта стандартная працэдура. Калі ў кагосьці службы заўважаць падазроныя сімптомы, такога чалавека на некалькі дзён змяшчаюць у шпіталь, дзе за ім ідзе назіранне, каб і ён быў бяспечны, і не заражаў іншых людзей. Тут спрацоўваюць стандартныя меры бяспекі.

У сваю чаргу міністр аховы здароўя Польшчы Лукаш Шумоўскі супакойвае, што дактары падрыхтаваныя да барацьбы з вірусам, які раней ці пазней паявіцца ў Польшчы.

Найгоршая сітуацыя ў кітайскай правінцыі Хубэй, у горадзе Ухань. Улады Кітая практычна перакрылі горад, адрэзалі ад свету 11 мільёнаў жыхароў. Паніка назіраецца ўжо ва ўсім Кітаі. У крамах пачынае не хапаць прадуктаў харчавання, людзі выкупілі таксама марлевыя маскі. Жыхары дзяржавы стараюцца не пакідаць свае дамы, паколькі баяцца заражэння і мясцовай службы аховы здароўя.

Нягледзячы на жорсткія меры кітайскіх улад, вірус паступова распаўсюджваецца па свеце. Дагэтуль 16 краін пацвердзілі выпадкі заражэння, у тым ліку дзве еўрапейскія – Францыя і Германія. Распаўсюджванне небяспечнай інфекцыі з’яўляецца адной з тэмай паседжання Еўрапейскай камісіі. Камісары абмяркоўваюць, якія рашэнні на ўзроўні ўсяго Еўрапейскага саюза неабходна прыняць у бліжэйшым часе. Перадае карэспандэнтка ПР Бэата Пламэцка.

- Ацэнку сітуацыі, звязанай з каронавірусам, прадставяць камісары па пытаннях аховы здароўя і рэагавання на крызіснае становішча. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар камісіі, якая адзначыла таксама, што камісары абмяркуюць меры бяспекі, якія прымаюць дзяржавы-члены ЕС, каб прадухіліць распаўсюд хваробы. У ЕС пачала дзейнічаць сістэма ранняга папярэджання, якая дазваляе хутка збіраць інфармацыю, працуе таксама Цэнтр крызіснага рэагавання, у які могуць звяртацца члены супольнасці з просьбаю аб дапамозе. Некалькі дзяржаў ЕС вядзе перамовы з уладамі Кітая, каб дамовіцца аб наладжванні паветраных мастоў, праз якія грамадзяне гэтых краін могуць дабрацца з Кітая на сваю айчыну.

Жыхары Еўропы ды іншых дзяржаваў масава адмаўляюцца ад падарожжаў у Кітай, а таксама ў іншыя дзяржавы Азіі. Турагенцтвы панізілі нават на палову цэны тураў у В’етнам ці Тайланд.

Галоўныя сімптомы хваробы – павышаная тэмпература, кашаль, задышка, прыкметы запалення лёгкіх у флюараграфіі.

нг