Пад канец тыдня ў Польшчы можа быць звыш тысячы выпадкаў захворвання на COVID-19. Пра гэта заявіў віцэ-міністр аховы здароўя Польшчы Вальдэмар Краска. Яго словы прыводзіць Rzeczpospolita. Чыноўнік дадаў, што гэты і наступны тыдзень будуць важнымі, каб акрэсліць дынаміку росту колькасці новых захворванняў, але трэба быць гатовым да рэзкага росту.
Краска кажа, што ў шпіталях, якія змянілі профіль з агульнага на інфекцыйны, ёсць звыш 10 тыс. месцаў для пацыентаў. Гэта паказвае, да якога маштабу эпідэміі рыхтуецца ўрад дзяржавы. У 19 шпіталях, вызначаных для прыняцця хворых з каранавірусам, каля 10% усіх месцаў для пацыентаў – гэта ложкі ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі, з рэспіратарам.
Па словах міністра, няма іншага метаду, чым спыніць кантакты паміж людзьмі, каб абмежаваць распаўсюд заразы. Калі будуць некантраляваныя кантакты, ачагоў эпідэміі будзе больш. «Пустыя вуліцы – гэта сумнае гледзішча, але мяне яно цешыць, бо паказвае, што палякі сур’ёзна ўспрымаюць рэкамендацыі лекараў. Найгоршы перыяд будзе на будучым тыдні. Найлепш перасядзець яго ў доме», – адзначае Краска.
Ці неабходна змяніць тэрмін прэзідэнцкіх выбараў, пра што ўсё часцей пачынаюць згадваць палітыкі? На думку віцэ-міністра аховы здароўя, пакуль што няма такой неабходнасці. (Нагадаем, выбары запланаваныя на 10 мая – нг).
Інтэрнэт-сайт Niezalezna.pl перадрукоўвае інтэвр’ю са старшынёй сеймавай камісіі па пытаннях аховы здароўя Томашам Лятасам (Tomasz Latos). Шмат асоб паслухала рэкамендацыю застацца дома, але ў выходныя было прыемнае сонечнае надвор’е, таму многія сем’і выйшлі на прагулку. Меркаваннем Лятаса, з дому не павінны выхадзіць перш за ўсё пажылыя асобы, а таксама людзі з паніжаным імунітэтам. Тым не менш, цяпер кожны чалавек павінен максімальна абмежаваць сваю актыўнасць, каб мець як мага меншы кантакт з іншымі. Толькі такім чынам можна перакрыць шлях распаўсюду віруса.
Ці ў такім выпадку нельга нават выйсці пабегаць, паездзіць на ровары ці на прагулку? Цяжка забараніць камусьці здароваму бегаць ці ездзіць на ровары, але такая актыўнасць, таксама, як кожная іншая, павінна быць абмежаваная. Можна ісці на прагулку, але толькі туды, дзе няма вялікай колькасці людзей. У такой сітуацыі самыя важныя – здаровы сэнс і пачуццё адказнасці за сябе ды іншых.
У польскім грамадстве відаць ужо прыкметы панікі – людзі робяць запасы прадуктаў харчавання, выбіраюць наяўныя грошы з банкамату. Насельніцтва па-рознаму рэагуе на пагрозу, тым больш, што ў такую сітуацыю пандэмічнай пагрозы польскае грамадства трапіла ўпершыню. Раней мы маглі прачытаць пра падобныя сітуацыі ў кнігах або ўбачыць у фільмах. Цяпер самі гэта перажываем, але прадуктаў харчавання хопіць на ўсіх, тавараў у крамах дастаткова, а банкаўская сістэма Польшчы таксама стабільная. Таму людзі павінны давяраць уладам краіны, верыць, што дзяржава справіцца з новай пагрозай, – адзначае Томаш Лятас.
нг